Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Настаўнік, фалькларыст, асоба – усё гэта пра Зінаіду Васільеўну Крупскую

Зінаіда Васільеўна Крупская, былая настаўніца музыкі і народнага танца вышэйшай кваліфікацыі, выдатнік адукацыі Беларусі, паэтка і пісьменніца, музыка і фалькларыстка, цікавы і вельмі працавіты чалавек, днямі адзначыла  свой 70-гадовы юбілей.

 

Нарадзілася Зінаіда Васіль­еў­­на ў 1951 годзе ў вёсцы Пагоннае Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў простай сялянскай сям’і. Праз год бацькі пераехалі на Вілейшчыну, у вёску Мацькаўцы. Там, сярод прыроды, у цішыні, гармоніі і суладдзі, прайшлі яе дзяцінства і юначыя гады. Там самабытная вясковая культура ўвайшла ў душу і прыжылася назаўсёды. Няма такой тэмы ў этнаграфіі і фальклоры, якую б настаўніца не магла патлумачыць, прыводзячы шматлікія прыклады са свайго жыцця. Яркія і шчырыя расповеды аб даўнішніх святах, абрадах і традыцыях з яе вуснаў можна слухаць гадзінамі.

Іграць на гармоніку і спяваць Зінаіда Васільеўна навучылася ў раннім дзяцінстве. Часта нараўне з дарослымі музыкамі іграла на вяселлях, хрысцінах, на іншых народных гуляннях. Пасля школы, тады яшчэ Зінаіда Губарава, закончыла Гродзенскую культурна-асветніцкую вучэльню па спецыяльнасці “кіраўнік самадзейнага харавога калектыву”, працавала загадчыцай Мацькаўскага сельскага клуба, музычным кіраўніком Ільянскага Дома культуры, настаўніцай музыкі Мацькаўскай школы. У 1979 годзе выйшла замуж і пераехала ў Вілейку. Тут у сям’і Крупскіх нарадзіліся дзве дачкі – Галіна і Кацярына. З 1979 па 2002 год працавала настаўніцай музыкі, рытмікі і танца ў Вілейскай спецыяльнай школе-інтэрнаце і выкладала фальклорны танец у пачатковай школе №6. З 2002 года і да выхаду на заслужаны адпачынак у 2012 годзе працавала настаўніцай танца ў Вілейскай гімназіі №2.
За гады плённай педагагічнай працы Зінаіда Васільеўна мае мноства падзяк, дыпломаў і грамат раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. За значны ўклад у справу духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення ўзнагаро­джана памятным знакам “2000 год Хрысціянству”.

Зінаіда Васільеўна заўсёды надавала вялікае значэнне выхаванню любові да традыцыйнай культуры беларусаў і ўсіх славянскіх народаў. Яна вучыла дзяцей спяваць народныя песні і сама іграла ім на музычных інструментах. Яна расказвала казкі, легенды, паданні і кожны раз “са смакам” выкарыстоўвала прыказкі і прымаўкі. Яна апранала на ўрокі нацыянальны касцюм, каб падкрэсліць арганічную ўзаемасувязь усіх складнікаў нацыянальнай самабытнасці, без якіх немагчыма зразумець сэнс, глыбіню і выразнасць народнага танца.
За многія гады Крупская падрабязна апісала больш за сотню разнавіднасцяў побытавых танцаў Вілейшчыны, вялікае мноства песень, казак, іншых твораў вуснай народнай творчасці. Яна і зараз трымае цесную сувязь са сваімі вучнямі, музыкамі і фалькларыстамі рэспублікі. На базе Вілейскай гімназіі №2 часта праходзяць вечары народнай культуры, майстар-класы па народным танцы і спевах, дзе ў цэнтры ўвагі заўсёды ўзнёслая і непараўнальная Зінаіда Васільеўна.

Зінаіда Крупская і фальклорны гурт «Чабарок», 2012 г.

 

Усе запісаныя танцы настаўніца сама можа сыграць на баяне ці гармоніку, па-майстэрску ўмее дапоўніць музычнае суправаджэнне шумавымі інструментамі, яна ведае безліч розных прыпевак, падсвістаў, іншых упрыгажэнняў танца голасам. У Зінаіды Васільеўны цудоўны голас з усімі неабходнымі адценнямі каларыту народнай спеўнай манеры. А яе аўтарскія песні не раз перамагалі на конкурсах сярод лепшых песень пра Вілейку.

Пры гарадской бібліятэцы працуе літаратурная гасцёўня “Натхненне”, якой кіруе Зінаіда Васільеўна Крупская. Яна піша вершы, байкі, казкі і музыку да вершаў сваіх сяброў. Друкавалася ў газетах “Шлях перамогі”, “Літаратура і мастацтва”, “Новы час”, у часопісе “Першацвет”. Яе творы змяшчаліся ў калектыўных паэтычных зборніках “Пад шэпат хваляў Віліі”, “Вілейскі звон”, “Любы край, дарагі”, “Адчыні сваё сэрца” і ў іншых.

У розных выдавецтвах пабачылі свет яе кніжкі: “Краіна чароўных сноў” (2004), “Знойдзенае імя” (2010), “Іду на споведзь” (2010), “Два браты” (2012), “Казкі-дарылкі для жэўжыка Кірылкі” (2012), “Казка пра Міколу асілка-змагара” (2012), кніга гумару і сатыры “Чаго на свеце не бывае” (2012) і іншыя.

Хочацца пажадаць шаноўнай Зінаідзе Васільеўне Божага благаславення на доўгія гады жыцця, на творчае натхненне і плён у яе пісьменніцкай працы, на добрае здароўе і на радаснае назіранне за дабрабытам сваіх дзяцей і ўнукаў! Няхай на ўсё хапае сіл, каб яшчэ доўгі час настаўніца, фалькларыст, асоба перадавала свой багаты творчы і жыццёвы вопыт, дапамагала нам выхоўваць сапраўдных носьбітаў традыцыйнай беларускай культуры.

Мікалай ІВАНЕНКА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ДУА “Вілейская гімназія №2”. Фота прадстаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 150 queries