Наш зямляк, вядомы беларускі скульптар, прафесар кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сябра Саюза мастакоў СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоль Арцімовіч, ураджэнец Куранца, днямі адзначыў свой 80-гадовы юбілей.
Мастак падзяліўся сваімі разважаннямі пра творчасць і сутнасць сапраўднага скульптара і свой шлях у мастацтва.
Анатоль Яфімавіч Арцімовіч нарадзіўся 26 жніўня 1940 года ў мястэчку Куранец. І хаця тут ён правёў толькі год дзяцінства, але Вілейшчыну лічыць адным з куточкаў сваёй малой радзімы. Калі пачалася вайна, то яго сям’я – маці з дзецьмі – эвакуіравалася ў горад Горкі. Бацька будучага вядомага скульптара падчас вайны загінуў на Магілёўшчыне. Ужо ў 1944 годзе сям’я вярнулася ў вёску Зарэчча Клічаўскага раёна. У 1955 годзе пасля заканчэння сямі класаў Анатоль паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча.
– Я не ведаў, што буду скульптарам, бо проста добра маляваў і таму паступаў у мастацкае вучылішча. Маці хацела, каб я стаў архітэктарам, але я ў гэтай прафесіі сябе не бачыў. На скульптуру я паступіў выпадкова, бо тады на гэтую спецыяльнасць быў недабор. А здаваў іспыты на графіку, – узгадвае Анатоль Яфімавіч.
З 1960-га года Арцімовіч ужо студэнт кафедры скульптуры тэатральна-мастацкага інстытута ў вядомага скульптара Андрэя Бембеля. Анатоль Яфімавіч прайшоў выбітную школу манументальнай скульптуры, з’яўляючыся па сёння чалавекам эпохі, калі манументальнае мастацтва было запатрабавана ў краіне. Яшчэ студэнтам Анатоль Арцімовіч ужо ўдзельнічаў ва ўсесаюзных конкурсах.
– У 1963 годзе, будучы студэнтам, я нават не думаў і не гадаў, што, прымаючы ўдзел у конкурсе па Брэсцкай крэпасці, стану калегам Бембеля. Гэта было вялікае шчасце і вялікі аванс на будучае. Потым так здарылася і надалей, што мы працавалі разам і над яшчэ адным знакавым праектам – Курганам Славы.
Я не баяўся гэтага, а, наадварот, мне здавалася, што ў той час я браў свой лёс “за рогі”. У мінулым годзе споўнілася 50 гадоў з дня адкрыцця Кургана Славы. Цяжка ён нам даваўся, ішлі навобмацак, прыступалі да ажыццяўлення той ці іншай ідэі і тут жа з імі развітваліся. Колькі творчых сустрэч было наконт знакамітага “кальца” і штыкоў, выяў пехацінцаў, вышыні кургана і яго “прапіскі” – бліжэй да дарогі, на яе левым баку ці на правым! Раіліся і нават спрачаліся, ці патрэбны поручні на прыступках, якія вядуць на 70-мятровую вышыню! Потым я выйграў усесаюзны конкурс у Алма-Аце. Ужо тады я добра ўсведамляў, што без Бембеля гэтага не было б. Як і Бембеля – без мяне. Але для гэтага я “ўкалываў”, і гэта факт. Мы начамі вярталіся з Занковічам (таксама наш зямляк, вядомы беларускі скульптар Валянцін Занковіч, – заўв. аўт.) з майстэрні, калі працавалі над Брэсцкай крэпасцю. Ішлі па трамвайных пуцях, бо ўжо нічога з грамадскага транспарту не хадзіла. Таму гэта быў не падарунак лёсу, а іспыт, – разважае Анатоль Яфімавіч.
Шматлікія творы Анатоля Арцімовіча ўпрыгожваюць плошчы і паркі, памятныя мясціны, грамадскія будынкі беларускіх гарадоў і іншых краін. Як адзначалася, найбольш вядомыя творы Арцімовіча – гэта Брэсцкая крэпасць і манумент Курган Славы пад Мінскам. У 1967 годзе разам са скульптарам В. Андрушчанкам Арцімовіч удзельнічаў у міжнародным конкурсе на стварэнне помніка 28 героям панфілаўцам для горада Алма-Аты, Казахстан. Праект гэты атрымаў першае месца, і на працягу 1968–1970 гадоў вялася праца па стварэнні комплексу. Урачыстае адкрыццё адбылося ў 1975 годзе, да юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па вяртанні з Алма-Аты Арцімовіч працягнуў працу над праектам комплексу Брэсцкай крэпасці з Андрэем Бембелем. Ідэя Анатоля Арцімовіча – партал у форме зоркі – была выкарыстаная праектнай групай як галоўны ўваход у мемарыял.
Аўтарству нашага земляка належыць барэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды ў г. Мінску (1979 г.), помнік Францыску Скарыну ў Калінінградзе, князю Барысу і воінам-інтэрнацыяналістам у Барысаве, Айчыннай вайне 1812 года каля вёсцы Студзёнка, Уладзіміру Данскому ў Малаяраслаўцы (Расія), бюст маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава ў Мінску. За помнік Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі Анатолю Арцімовічу ў 1998 годзе прысвоена Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь.
– У мяне быў намер, прызнаюся, стварыць стаўпы беларускай культуры і гісторыі – жанчын Беларусі. Рэалізаваліся толькі Еўфрасіння Полацкая, Рагнеда, а мой сын Іван працаваў над Сафіяй Слуцкай. Што можа быць больш стваральней ў свеце, чым жанчына, што з’яўляецца стрыжнем сям’і, дзяржавы. Я лічу, што скульптар па-сапраўднаму нараджаецца з гісторыяй, бо сама скульптура нясе ў сабе нешта вечнае, – адзначае скульптар.
І сапраўды, кожны створаны Анатолем Арцімовічам манумент – гэта пласт гісторыі. У сваіх творах скульптар апявае веліч беларускага народа, гістарычнае мінулае роднай краіны. Так, помнік «Князь Барыс» (2002 г.) прысвечаны 900-годдзю заснавання Барысава і ўсталяваны каля Свята-Уваскрэсенскага сабора, задума якога пачалася з Барысавых камянёў, на якіх заўсёды малявалі крыжы. З’яўленне праваслаўных крыжоў на такіх язычніцкіх месцах як бы набліжала людзей да праваслаўя. Гэтая гіпотэза і легла ў аснову задумы аўтара. «Князь Барыс» стаіць на каменнай градзе, у цэнтры якой замшэлы валун з датай заснавання горада.
У левай руцэ ён трымае, як крыж, меч у ножнах рукаяццю ўверх, правай рукой ён паказвае на камень. За правым плячом у князя Барыса – анёл-ахоўнік. Помнік Еўфрасінні Полацкай у Мінску (2003 г.) меркавалася паставіць у праваслаўным комплексе на вуліцы Прытыцкага як падарунак аўтара і спонсара ў 2000 годзе. Але па шэрагу прычын помнік не быў ўсталяваны ў дадзеным месцы. Манумент быў пастаўлены як свецкі твор каля інстытута «Агат» на праспекце Незалежнасці. Гэта скульптурная выява Еўфрасінні Полацкай, якая сядзіць на папараці з крыжам і Бібліяй у руках. З двух бакоў галавы ў арэоле буркуюць голуб і галубка як увасабленне Святога Духа. Помнік на рацэ Бярэзіне прысвечаны падзеям 1812 года – алегарычная скульптура, выкананая па замове швейцарскага пасольства. У час вайны 1812 года швейцарцы, якія ваявалі на баку Напалеона, зусім нешматлікай колькасцю вярнуліся дадому, але пры гэтым прынеслі ўсе свае сцягі. Манумент увасабляе юнака-сцяганосца, які ўпаў і яго вось-вось пакінуць апошнія сілы, але сцяг, які ён нес, падхоплівае арол. Манумент устаноўлены да 190-годдзя баёў 1812 года каля Студзёнкі. Па духу гэты твор – акцыя прымірэння народаў і дзеля ўшанавання памяці загінулых салдат.
Больш 50-ці гадоў Анатоль Яфімавіч Арцімовіч прысвяціў педагагічнай дзейнасці на кафедры скульптуры акадэміі мастацтваў. Яго ўклад у развіццё скульптурнай школы Беларусі цяжка пераацаніць. Арцімовіч прынцыповы мастак і трапяткі сем’янін. Нават да сваіх студэнтаў ён адносіцца як да ўласных дзяцей. Але галоўны гонар скульптара – яго сын Іван Арцімовіч, што прадаўжае справу жыцця бацькі, але знайшоўшы свой уласны шлях у мастацтве. Зараз Іван Анатольевіч Арцімовіч – вядомы беларускі скульптар, дызайнер, педагог, мастацтвазнаўца, сябра Беларускага саюза мастакоў, выкладчык гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.Ахрэмчыка. Ён аўтар манаграфіі “Беларуская школа скульптуры”, шэрагу навуковых артыкулаў, каталогаў, альбомаў мастацкіх выстаў, пленэраў, абараніў дысертацыю на тэму “Паркавая скульптура Беларусі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя: тэндэнцыі развіцця”. Іван Арцімовіч адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння 1915–1917 гадоў у Першую сусветную вайну ў Смаргоні, а таксама сааўтар манументальнай скульптурнай кампазіцыі «Баркалабаўскі Летапіс» для Быхава. Іван Арцімовіч з’яўляецца пастаянным удзельнікам групавых рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх пленэраў. Пад яго кіраўніцтвам праходзіў пленэр скульптараў і ў Вілейцы, што адбыўся ў 2017 годзе.
Сяргей ГАНЧАР/Фота tvr.by