Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Абіраем птушку, якая стане сімвалам Вілейскага раёна. У конкурсе прымаюць удзел 8 птушак. Галасуйце

Кожны раён нашай краіны – непаўторны, і перш за ўсё з прыроднага пункту гледжання. Унікальнасць Вілейскага краю стварае прыгожая рака Вілія з яе прытокамі, а таксама самы вялікі штучны вадаём Беларусі – Вілейскае вадасховішча. Калі той ці іншы раён мае свае адметнасці – як архітэктурныя, так і прыродныя – гэта вабіць турыстаў, а значыць, дае магчымасць мясцовасці развівацца. Вілейшчына багатая на архітэктурныя адметнасці, але натоўпу турыстаў пакуль не бачна, бо для такога турызму абавязкова патрэбна развітая інфраструктура вакол помнікаў – кафэ, рэстараны, гатэлі. А вось прыродны турызм мае сваёй спецыфічнай асаблівасцю некранутую прыроду, першароднае навакольнае асяроддзе, словам, усё як яно ёсць. Таму абавязкова папулярызаваць раён трэба і за кошт прыродных асаблівасцяў, у тым ліку, напрыклад, праз птушку-сімвал. У многіх раёнах Беларусі ўжо ідзе кампанія па выбарах птушкі-сімвала.

Чаму мы выбіраем менавіта птушку?

Гэта проста. Наяўнасць яе будзе спрыяць як актывізацыі мясцовых жыхароў па вылучэнню раёна з шэрагу іншых, так і прыцягненню турыстаў, асабліва экатурыстаў і сямейных турыстаў. Выбіраць птушку афіцыйным сімвалам краіны, горада ці адміністрацыйнай адзінкі – папулярная ідэя ва ўсім свеце. Зусім нядаўна заранка (малінаўка) стала нацыянальным сімвалам Вялікабрытаніі, белагаловы арлан – здаўна сімвал Амерыкі, а удод – Ізраіля. Гэта дапамагае выгаднаму пазіцыянаванню рэгіёнаў на турыстычным рынку.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» прапануе выбраць сімвал і Вілейскаму раёну! Птушка-сімвал стане «разынкай» нашай мясцовасці, пазнавальнай у Беларусі і за яе межамі, дадатковай візітнай карткай роднага краю. І зрабіць гэта зусім нескладана. Ахова птушак Бацькаўшчыны на сваім сайце знаёміць наведвальнікаў з ужо апрабаванай тэхналогіяй выбару птушкі-сімвала раёна, рэалізаванай у рамках ініцыятывы на Валожыншчыне і ў іншых раёнах. Так, з лета мінулага года птушкай-сімвалам Валожынскага раёна стаў зімародак. У Валожыне ўжо ўсталявалі двухмятровую скульптуру зімародка і размясцілі на будынках некалькі графіці з яго выявай. Мясцовыя рамеснікі атрымалі заказы на выраб унікальных сувеніраў у выглядзе зімародка, а ўладальнікі аграсядзібаў праводзяць экалагічныя экскурсіі і захоўваюць і памнажаюць біяразнастайнасць свайго ўчастка. Ёсць свая птушка-сімвал і ў Слуцкага раёна – салавей, а Міёрскі раён ганарова прэзентуе шэрага жураўля. Падобныя ініцыятывы дазваляюць прыцягваць падарожнікаў, асабліва экатурыстаў.  Для гэтага можна арганізаваць музей птушкі, як гэта зрабілі ў Слуцку, або заснаваць штогадовы фестываль па прыкладзе «Жураўлі і Журавіны» у Міёрскім раёне. Беларускія птушкі цікавыя турыстам.

На гэтым тыдні пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталіі Радзевіч было праведзена пасяджанне арганізацыйнага камітэта праекта ў Вілейскім раёне. У склад аргкамітэта ўвайшлі спецыялісты і зацікаўленыя актывісты – начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакальнага асяроддзя Мікалай Сабалеўскі, галоўны ляснічы вілейскага вопытнага лясгаса Сяргей Філістовіч, начальнік адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Паўлоўскі, настаўніца біялогіі і хіміі гімназіі № 1 «Логас» Антаніна Мацюкевіч, дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч, дырэктар краязнаўчага музея Надзея Аўдзей. Падчас абмеркаванняў аргкамітэт абраў восем найбольш адметных птушак Вілейскага раёна, якія водзяцца і гняздуюцца на нашай тэрыторыі. Менавіта з пераліку гэтых птушак насельніцтва Вілейшчыны павінна  «прызначыць» сімвалам раёна адну з птушак.

Якім чынам мы павінны падыходзіць да выбару птушкі-сімвалу?

Як адзначаюць спецыялісты, важна, каб птушка гняздзілася ў Вілейскім раёне, бо тады ў мясцовых жыхароў і турыстаў будзе больш шанцаў убачыць птушку і паназіраць за ёй. Дарэчы, у Беларусі сустракаюцца 329 відаў птушак, але гняздуюцца крыху больш за 200 відаў.

Эксперты ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ўпэўнены, што ў раёнах Беларусі варта рабіць стаўку на такі від турызму, як назіранне за птушкамі. Развіваць арніталагічны турызм карысна, у першую чаргу таму, што такое хобі не патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў. Гэта можа стымуляваць гатэльны бізнес, стварэнне працоўных месцаў для гідаў, рамесніцтва. Папулярнасць назірання за птушкамі (бердвотчынга) у Беларусі набірае абароты. Бердвотчары прыязджаюць у Беларусь з усёй Еўропы менавіта для таго, каб убачыць птушак, якіх няма ў іх мясцовасці.

Пры выбары сімвала трэба ўлічваць і тое, што калі птушка будзе рэдкай, то яе выбар у якасці сімвала дазволіць прыцягнуць цікавасць да захавання віду і месцаў пражывання, хоць убачаць яе нешматлікія. У прыцягненні замежных турыстаў Вілейскі раён якраз можа рабіць стаўку на ўнікальнасць прыроды і разнастайнасць відаў жывёл і птушак. Бо гэта прыцягвае нямала замежнікаў з Захаду, дзе дзікай прыроды застаецца ўсё менш. Рэкламуючы птушак, іх можна ратаваць – выбраўшы канкрэтную птушку, мясцовыя органы ўлады і супольнасць будзе больш зацікаўлена ў тым, каб гэты від часцей сустракаўся ў рэгіёне і яму нічога не пагражала.

А хто кандыдаты?

Вызначэнне кандыдатаў, вядома ж, справа сур’ёзная. У Беларусі сустракаюцца каля 330 відаў птушак, а выбраць сімвалам Вілейскага раёна  можна ўсяго адну. Прапануем вашай увазе найбольш распаўсюджаных і адметных птушак-сімвалаў для нашага раёна з кароткім апісаннем, за якія пройдзе сапраўдная птушыная перадвыбарчая кампанія.

Наш рэгіён набудзе яшчэ большую ўнікальнасць, калі займее сваю птушку-сімвал. Ужо зараз у нас ствараецца інфраструктура для экатурыстаў, але з выбарам птушкі-сімвала гэты працэс будзе развівацца яшчэ больш імкліва. Птушка-сімвал раёна будзе спрыяць згуртаванню людзей, дапаможа ім адчуць гонар за свой раён. Дзякуючы ёй сфармуецца новы экалагічны імідж Вілейскага краю, як месца, куды трэба ехаць, каб пабачыць вельмі прыгожую прыроду Беларусі.

Рэдакцыя газеты «Шлях перамогі» прапануе ўсім чытачам і неабыякавым жыхарам раёна прыняць удзел у выбары птушкі-сімвала нашага раёна з прапанаванага спісу. А таксама ў якасці кандыдатаў вы можаце прапаноўваць свой від птушак, якія маюць нейкую сувязь з нашым раёнам – гістарычную, культурную або прыродную. Можа быць, вы чулі легенды пра будучую птушку-сімвал або ведаеце гісторыі роднага краю, дзе ёсць згадкі пра яе?
Дзейнічаем!

Мы прапануем вам галасаваць на сайце газеты peramoga.by, тэлефанаваць па нумару 7-17-25, а таксама чакаем вашых лістоў як на паштовы (222416, г. Вілейка, вул. Гагарына, 4б), так і на электронны адрас рэдакцыі peramoga45@tut.by.

Галасаванне працягнецца да 1 5 сакавіка 2017 года.

Сяргей ГАНЧАР

Извините, в настоящее время нет доступных опросов.

аист
1. Бусел белы / Аист белый / Ciconia ciconia

Апісанне: вялікая, белая птушка з чорнымі махавымі першай і другой ступені пёрамі. Дзюба і ногі чырвоныя. Маладыя з чарнаватай дзюбай і жоўта-шэрымі нагамі. Голас: гучны, сухі клёкат, які атрымліваецца дзякуючы ўдарам адна аб адну часткамі дзюбы, рэдка ціхае шыпенне, маладыя птушаняты пішчаць і мяўкаюць. Даўжыня цела 95-115 см, размах крылаў 155-220 см.  Самка крыху меншая за самца.

Бiятоп: пабудовы, радзей дрэвы паблізу вялiкiх па плошчы, адкрытых вiльготных тэрыторый.

Гняздо: на дахах пабудоў, непрацуючых комiнах, электрычных і тэлеграфных слупах, а таксама высокiх дрэвах недалёка ад паселішчаў чалавека, у форме кола са слаямі ўкладзеных доўгiх галiн, папратыканых з бакоў галiнкамi. Высцiлка даволі багатая з саломы i травянiстай раслiннасцi.

Беларусь: звычайны на гнездаванні пералётны від, транзітны мігрант. Некаторыя птушкі застаюцца на зіму.

синица
№2. Сініца вялікая / Синица большая / Parus major

Апісанне: чорная, блiскучая галава з белымi шчокамi i чорны «гальштук» па сярэдзiне жоўтага споду цела. Маладыя з карычневым або бурым апярэннем замест чорнага, шчокi жаўтаватыя. Сярэднеазiяцкi падвiд увогуле без жоўтага i алiўкава-зялёнага колеру, але з белым i алiўкава-шэрым. Голас даволi разнастайны. Даўжыня цела 14 см, размах крылаў 22-25 см.

Біятоп: розныя тыпы дрэвастояў (ад садоў, паркаў і алеяў сярод палёў да вялікіх лясоў), ахвотней – у лісцевых і змяшаных лясах, чым у сухіх барах, а таксама ў населеных пунктах i гарадах.

Гняздо: у дупле (як у натуральным, так і ў штучным, на вышынi 0,5-12 м); часам у іншых дзірках (норы, будынкi). Знешняя частка з няшчыльна ўкладзенага зялёнага моху з прымессю сухой травы (часам толькi мох). Унутраная частка – з касмыкоў воўны, валосся, шэрсці і пуху (часам з прымессю пёраў), добра пераплеценых паміж сабой.

Пералёты: аселая, частка папуляцыі качуе альбо мігрыруе.

Беларусь: звычайны і нават шматлікі аселы і качуючы ўзімку від.

цапля
№3. Чапля вялікая белая / Цапля большая белая / Casmerodius albus

Апісанне: снежна-белая, ногі цалкам чорныя. У гнездавы перыяд упрыгожваючыя пёры на спіне.

Голас: хрыплае карканне «рха». Даўжыня цела 85-102 см, размах крылаў 140-170 см. Самец крыху меншы за самку.

Бiятоп: вялiкiя прасторы вадаёмаў або дэльтаў, парослыя прыбярэжнай раслiннасцю i кустамi (пазбягае тэрыторый з вялiкай колькасцю дрэў).

Гняздо: пераважна ў калонii (часта з iншымi чаплевымi), на заламаным трыснягу або кустах. Ажурны плоскі стажок з сухога трыснягу або галiнак.

Беларусь: гняздзіцца па ўсёй краіне, пералётны від, часам сустракаецца на зімоўцы.

Зараз, паводле ацэнак некаторых спецыялістаў, вялікай белай чаплі стала шмат. Лічыцца, што гэтая птушка прычыняе шкоду рыбнай гаспадарцы, хоць на самой справе яна аддае перавагу драбнасортнай рыбе і ніякай шкоды не прыносіць. На сёння вялікая папуляцыя белай чаплі назіраецца на Вілейскім вадасховішчы каля вёскі Рабунь.

дятел
№4. Дзяцел вялікі / Дятел пестрый / Dendrocopos major

Апісанне: стракаты, чорна-бела-чырвоны. Падобны да сярэдняга, беласпіннага i сірыйскага дзятлаў. Падхвосце чырвонае, на спіне дзве вялікія белыя плямы. Чорны ашыйнiк ідзе ад патыліцы да асновы дзюбы і грудзей, нa баках галавы і шыі вялікія белыя плямы. У самца чырвоная пляма на патыліцы (у самкі патыліца чорная). У маладых абодвух полаў чырвоная з чорнай абводкай «шапачка». Голас: стукае гучна і інтэнсіўна, позыў – кароткае «кік, кікс». Даўжыня цела 22-26 см, размах крылаў 39-46 см.

Біятоп: лісцевыя, хваёвыя і змяшаныя старыя лясы, паркі, сады, алеі; нешматлікі ў чыстых хваёвых лясах, больш рэдкі ў невялікіх ізаляваных дрэвастоях.

Гняздо: у дупле ў ствале (часцей нязгнілым) або ў тоўстых галінах дрэва звычайна 2-5 м над зямлёй (ад 0,5 да 20 м). Подсціл – з дробных, пакрышаных трэсак.

Пералёты: аселы. Узімку вандруе ў межах гнездавога арэала.

Месца зімовак: у межах гнездавога арэала.

Беларусь: з усіх дзятлаў найбольш звычайны на гнездаванні аселы від.

орлан
№5. Арлан-белахвост / Орлан-белохвост / Haliaeetus albicilla

Апісанне: птушка вельмi вялікіх памераў. Ад арла-маркута адрознiваецца больш кароткiм, клiнаватым хвастом. У маладых галава i хвост цёмныя, на працягу 4-6 гадоў галава робiцца больш светлай, а хвост з-за павелiчэння памераў белых плямаў паступова бялее. Даўжыня цела 70-95 см, размах крылаў 200-245 см. Самка большая за самца.

Бiятоп: вялiкiя па плошчы старыя лясы паблiзу вялiкiх вадаёмаў, вялікія рэкі, узбярэжжы.

Гняздо: звычайна на высокiх дрэвах у верхняй частцы кроны блiжэй да ствала, на тоўстым суку; высцiлка з тонкiх галiнак, ядлоўцу, травы, моху, лішайнікаў (часам з дадаткам кары альбо пуху). Гняздо выкарыстоўваюць шмат гадоў (найстарэйшае вядомае – больш за 150 гадоў) i звычайна размяшчаюць непадалёк ад краю лесу, часам і глыбока ў лесе – нават да 80 км ад тэрыторый палявання.

Беларусь: вельмі рэдкі на гнездаванні від, але на зімоўцы сустракаецца месцамі ў адносна значнай колькасці.

У Вілейскім раёне вядома гняздоўе гэтага віда, занесенага ў Чырвоную кнігу.

ласточка
№6. Ластаўка гарадская / Воронок / Delichon urbicum

Апісанне: характэрная вызначальная рыса – белае надхвосце. Верх цела металічна-гранатава-чорны, ніз белы. Маладыя зверху карычнева-чорныя (не блытаць з ластаўкай-зямлянкай). Голас: ціхае і мяккае шчабятанне, у палёце мяккае «чр-чір-чірі». Даўжыня цела 13-16 см, размах крылаў 26-32 см.

Біятоп: у гнездавы перыяд вёскі, радзей гарады (нават іх цэнтры, а не толькі прадмесці), масты. Біятоп харчавання – адкрытыя тэрыторыі, часта паблізу вады; пасля гнездавання – адкрытыя мясцiны паблізу зараснікаў трыснягу або вярбы (месца начлегу).

Гняздо: у калоніях; на знешнiм баку будынка, пад прыкрыццем павецi, гарышчаў і да т.п., пад мастамі. 1/2 шара з дахам зверху і авальнай адтулінай збоку бліжэй да верху гнязда, будуецца з кавалкаў гразі (часам з прымессю мякiны), злепленых слінай. Багатая высцілка з сухой травы, шэрсці, валосся і пёраў (ніколі не выступае за адтуліну – гэтым адрозніваецца ад гнёздаў, занятых вераб’ямі).

long-eared-owl-6
№7. Сава вушатая / Сова ушастая / Asio otus

Беларусь: звычайны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.

Апісанне: дастаткова буйная, з «вушкамi». Палосы на сподзе са «стрэлкамi». Параўнальна стройны сілуэт, вочы аранжава-жоўтыя. Актыўная ўначы. У палёце «вушкi» непрыкметныя, крылы апускае далёка ўнiз. Голас: шлюбны – цiхае, павольнае «ху, ху-хуу». У час шлюбных палётаў часта лопае крыламi. Занепекоеная пры гняздзе крычыць непрыемным голасам, падобным на плач дзiцяцi. Даўжыня цела 33-39 см, размах крылаў 86-100 см.

Гняздо: займае гнёзды іншых птушак, якія размяшчаюцца ў высокіх і густых кронах, часам у гнёздах вавёрак. Месцамi – пад ветраломам, паміж каранямі дрэў, у дуплах, на вербах са зламанымі вяршалінамі. Займае і гнездавыя скрынкі. Без высцілкі.

Месца зімовак: у межах гнездавога арэала, а таксама непасрэдна на поўдні ад яго.

Беларусь: звычайны на гнездаванні аселы, качуючы і прылятаючы з поўначы на зімоўку від.

У Вілейскім раёне селіцца нават і на гарадскіх тэрыторыях.

чибис
№8. Кнігаўка / Чибис / Vanellus vanellus

Апісанне: у апярэнні чорны з зеленаватым, металiчным бляскам, белы i ржавы колеры. На галаве высокi чуб. Маладыя цемна-шэра-карычневыя са светлым жыватом i больш кароткiм чубам. Голас: гучнае, трошкi хрыплае «кiі-р-вi», «кіі-р-віі». Даўжыня цела 28-34 см, размах крылаў 66-80 см.

Бiятоп: лугi з сярэдняй вiльготнасцю, пашы, вiльготныя палi паблiзу лугоў, дэльты рэк, берагi i рачныя астравы.

Гняздо: у неглыбокай ямцы сярод нiзкай раслiннасцi на адкрытым месцы. Скупая высцiлка з сухой травы.

Беларусь: адзін з найбольш звычайных пералётных і транзітна мігрыруючых відаў кулікоў.
У Вілейскім раёне даволі распаўсюджаны від, які мае значную папуляцыю на ўзбярэжжах рэк і азёр, а таксама забалочаных тэрыторыях.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 34 queries