Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На Вілейшчыне праводзіцца першае ў Беларусі даследванне шкляной мануфактуры

Першае вялікае археалагічнае даследванне гуты (шклозавод) у Беларусі вядзецца ў Ільі. Па словах кіраўніцы археалагічных раскопак, супрацоўніцы Інстытуты гісторыі НАН Беларусі, выкладчыка гістфака БДУ Паліны Курловіч, дагэтуль  дэталёвыя археалагічныя даследванні дзейнасці шкляных мануфактур не праводзіліся.“Якая тут выкарыстоўвался тэхналогія, як была арганізавана праца, а галоўнае, хто тут працаваў і які ў іх быў узровень матэрыяльнай культуры – такія пытанні мы ставілі перад сабою на пачатку археалагічных раскопак. На многія атрымалі адказы”, — расказала маладая выкладчыца.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Унікальная гута

“Пра існаванне Ільянскай гуты вядома не толькі з гістарычных дакументаў. Яшчэ ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя беларускі археолаг Міхаіл Чарняўскі вызначыў лакалізацыю мануфактуры, аднак масштабнага даследвання яе не рабіў ”, — распавяла Паліна Курловіч. Чатыры гады таму за вывучэнне гуты  прыняўся гістфакт БДУ, наладзіўшы археалагічную практыку для студэнтаў. Сёлета археалагічная экспедыцыя стала міжнароднай – да беларусаў далучыліся расіяне — студэнты Вяцкага дзяржуніверсітэту разам з загадчыкам лабараторыі археалагічных даследванняў Аляксеем Кайсіным. Вяцкі універсітэт у маі гэтага года падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з БДУ, у рамках якога і стала магчыма сумесная дзейнасць студэнтаў на археалагічнай практыцы.

Па меркаванні спецыялістаў, Ільянская гута – вытворчы комплекс унікальны. Справа у тым, што гэта адзіная шкляная мануфактура, якая цягам часу не толькі не закрылася, а ператварылася ў прамысловы комплекс па вытворчасці шкла. Арганізавана яна была  ў 1748 годзе графам Салагубам. Выкарыстоўвалася ручная праца, аднак існавала раздзяленне працы, што значна паскарала працэс вырабу. Каля 1780 года тут адбыўся пажар. Напачатку ХІХ стагоддзя гуту аднавілі, але папрацавала яна не доўга – да 1806 ці 1815 гадоў. Затым вытворчасць перанеслі на новае месца – цяпер вёска Новая гута. А пазней на базе гэтага комплексу быў утвораны шклозавод у Залессі.

Усе другія вядомыя шкляныя мануфактуры на Беларусі на пачатку ХІХ стагоддзя сваю дзейнасць спынілі.

Што вядома пра Ільянскую мануфактуру

Археолагі ўстанавілі памеры будынка гуты, аб чым сведчылі вялікія камяні фундамента. Знайшлі месца лакалізацыі печы і самае “сэрца” вытворчасці – плавільную печ (менавіта яна і называлася “гута”). Вялікая печ выкарыстоўвалася да нагрэву плавільні.Плавільня ж уяўляла сабой керамічную пасудзіну, у якой і варылася шкло.Вядома, што гліну для вытворчасці шкла прывозілі з Прусіі. Ільянская гута вырабляла посуд рознага функцыяналу: тару ўсякага памеру і прызначэння (для аптэк, напрыклад), сталовы посуд.

Рабілі і крышталь, які даволі складаны ў вытворчасці. Посуд аздаблялі арнаментам, што наносілі метадам гравіроўкі па шклу. Гэтым займаўся адмысловы майстра. Як вядома з гістарычных дакументаў, усяго на гуце працавалі 25 чалавек: чатыры – майстры, астатнія – чаляднікі (“подмастерья”).

Знаходкі гэтага сезона

Знойдзена шмат артэфактаў. Рознакаляровыя аскепкі пасудзін – рэшткі кухля, рыльцы ад бутылак, донныя часткі і інш. Таксама шкляныя нарыхтоўкі – напрыклад, для ножкі келіха. Шкляныя шарыкі, прызначэнне якіх дакладна невядома. Гэта маглі быць ці нарыхтоўкі для вытворчасці, ці шарыкі для якой-небудзь гульні.

Знойдзены таксама артэфакты, што адносяцца да працэсу вытворчасці. Напрыклад, металічная чаша, якая, як мяркуюць спецыялісты, магла выкарыстоўвацца для весавання хімічных рэчываў, што дабаўляліся падчас выплаўкі шкла.  Не абышлося без манет – іх пяць, грошы Рэчы Паспалітай.

Вызвалі цікавасць археолагаў адкапаныя жаночыя прадметы – іголкі для шыцця, а таксама заколка для галаўнога ўбору жанчыны. Напэўна, жанчыны былі пры гуце – рамантавалі адзенне, рыхтавалі ежу для працаўнікоў. Цікава, што ля фундаменту знойдзены шмат касцей жывёлін, што дае падставу лічыць, што працаўнікі гуты добра харчаваліся. Дарэчы, косці былі аддадзены на даследванне археазаолагу ў Бранск.

Усе артэфакты будуць на часовым захоўванні ў Інстытуце гісторыі НАН, а потым канчаткова вырашыцца, куды іх перададуць. Як мяркуецца, частка будзе накіравана ў Вілейскі краязнаўчы музей.

Каму абавязана навука?

“У археалагічным летніку прымаюць удзел першакурснікі гістфаку БДУ”, — расказала кіраўніца практыкі, дацэнт кафедры археалогіі Вольга Ліпніцкая. – На раскопе занятыя каля 30 чалавек. Трое – студэнты з Вяцкага дзяржуніверсітэту”. Звычайна маладыя людзі працуюць на раскопе з васьмі часоў рання і да двух дня. Затым адпачынак у лагеры, што месціцца на беразе ракі. А вечарам яшчэ двухгадзінная праца са знаходкамі – іх мыюць, сушаць раскладваюць, запісваюць.

Паколькі практыка ад універсітэта, то транспарт для прывозу студэнтаў, і набыццё неабходнага інструменту, намётаў фінансіруе БДУ. Студэнты бюджэтнай формы навучання нават атрымаюць невялікія грошы. Ежу добраахвотныя памочнікі навукі купляюць самі.

Новае жыццё Ільянскай гуты?

Чаму б і не? “Магчыма, гэта наш апошні археалагічны летнік у Ільі, — кажа Паліна Курловіч. – За чатыры гады мы правялі тут значную працу: устаноўлены памеры мануфактуры, знойдзена шмат артэфактаў, якія расказалі нам аб матэрыяльнай культуры таго часу. Усё гэта, канешне, яшчэ патрабуе навуковага асэнсавання, але зразумела, што археалагічныя даследванні ў Ільянскай гуце былі плённымі”. Па словах спецыяліста, месца, дзе былі знойдзены парэшткі печы будзе закансервіравана. “Было б добра музеефікаваць тэрыторыю размяшчэння гуты, — дзеліцца меркаваннем Паліна Курловіч. – Тут можна было б стварыць унікальны для Беларусі музей шкла. Рэканструяваць будынак мануфактуры і размясціць у гістарычным месцы экспазіцыю пра станаўленне шкляной справы ў нашай краіне”.

Ірына ТРУБАЧ.

Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries