Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На Вілейшчыне ў разгары ўборка бульбы. Яна сёлета не такая, якой хацелася б

На Вілейшчыне ў разгары ўборка бульбы, якую сёлета ў раёне вырошчвалі ў дзвюх гаспадарках: ААТ «Новая Любанія» і дзяржсортстанцыі.

З чым асацыіруецца ў нас верасень? Канешне ж, скажуць адны, з пачаткам новага навучальнага года¸ і з гэтым не паспрачаешся. А другія абавязкова дададуць: з бульбай, якую ўбіраюць звычайна ў першы месяц восені. Што-што, а клопаты з нарыхтоўкай другога хлеба большасці з нас вельмі добра знаёмыя. Праўда, з гэтым асаблівых праблем няма, бо запасціся бульбай могуць усе жадаючыя: хто мае магчымасць – вырошчваюць яе на сваіх участках; калі ж іх няма (а гэта перш за ўсё датычыць гараджан), то можна папрацаваць у гаспадарках раёна з карысцю для сябе і гаспадаркі.

Гэтым варыянтам, да­рэчы, на працягу ўжо многіх гадоў карыстаюцца віляйчане, якія па накіраванні раённай службы занятасці шчыруюць на палетках Вілейшчыны. Такія працоўныя дэсанты працуюць не толькі на ўборцы бульбы, але і на многіх іншых сельгасработах, прызнаючыся, што ў душы ўжо адчуваюць сябе аграрыямі і жывуць іх клопатамі.

Як і штогод, сёлета службай занятасці арганізоў­ваюцца паездкі на бульбу. Кожную раніцу ад вызначанага месца ад’язджае аўтобус з памочнікамі вяскоўцам.

Гэтай восенню іх шлях ляжыць у дзве гаспадаркі, што вырошчваюць бульбу: у «Новую Любанію» ды ў дзяржсортстанцыю. Як расказаў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Леанід Кудзеля, у першай другі хлеб займаў плошчу ў дваццаць гектараў, у другой – у два разы меней. Што датычыць ураджайнасці, то, як зазначыў Леанід Часлававіч, яна сёлета не такая, якой хацелася б. Ды якой бы ні была, а вырашчанае трэба ўбраць і спарадкаваць, што і робіцца.

Учора раніцой давялося прысутнічаць пры ад’ездзе пасланцоў службы занятасці на любанскія бульбяныя палеткі. Галоўны спецыяліст службы Алена Сяляўка аператыўна вырашыла ўсе звыклыя пытанні, і гарадскія памочнікі заспяшаліся да аўтобуса. На доўгія размовы часу не было, але на хвіліначку віляйчане Таццяна Верамей, Ірына Альфер, Вольга Казак і Аляксандр Салаўёў прыпыніліся (на здымку). Настрой, адзначылі, добры, праца ўсім ім знаёмая, умовы разлікаў за яе задавальняюць. Не першы год ездзяць яны на дапамогу сяльчанам і заўсёды стараюцца працаваць ударна, бо ўсведамляюць, што сабраць вырашчанае – клопат агульны.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries