Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На святкаванне Дня Перамогі ў Заброддзе прыехала адзначыць не менш як паўтысячы чалавек

Ужо традыцыйна, больш за трыццаць год на адным і тым жа месцы, у вёсцы Заброддзе Нарачанскага сельсавета адзначаецца свята Перамогі. Тут размяшчаецца мемарыяльны комплекс «Памяці Першай сусветнай вайны «Крокі», ці як ужо звыкла яго называюць ў рэспубліцы – «музей Заброддзе». Гэтыя мясціны прасякнуты подзвігам, гераізмам і незабыўнай памяццю, якую штодзённа аднаўляюць на Вілейшчыне, перадаючы падрастаючаму пакаленню разам са сваімі ведамі, гісторыяй і традыцыямі сям’я Цітовічаў – Барыс Барысавіч, Валянціна Пятроўна і Даніла Барысавіч.

  IMG_7019

Тое, што тут можна наведаць і паглядзець немагчыма пералічыць. Тут месціцца і Барысаглебская капліца з экспазіцыяй па тэме Першай сусветнай, і музей рэтра-тэхнікі, і стогадовая традыцыйная сялянская сядзіба, і музей савецкага побыту, і музейны праект «Эшалон»,  яшчэ які ствараецца, і шмат, шмат іншага. Менавіта тут упершыню ў Беларусі Барыс Барысавіч  пачаў вяртаць з небыцця памяць пра падзеі 1914-1918 гадоў, аднаўляць пагосты, брацкія пахаванні, вяртаць памяць пра нашых прадзедаў, што ваявалі ў Першую сусветную.

IMG_6999

Штогод на 9 мая невялікая вёсачка Заброддзе поўніцца людзьмі, што прыязжаюць на святочныя мерапрыемствы «Дзве вайны – памяць адна». На святкаванне Дня Перамогі ў Заброддзе ў гэтым годзе прыехала адзначыць не менш як паўтысячы чалавек. Ужо на пад’ездзе да лясных могілак, дзе традыцыйна праводзіцца памінанне ўсіх загінуўшых у шматлікіх войнах, што зведаў наш беларускі народ, было ўражанне, што тут адбываецца  аўтафэст, бо каля сотні машын уздоўж лясной дарогі, вясковай вуліцы і шматлікіх забродскіх завулкаў дапаўнялі краявіды ў гэты дзень. Традыцыйны хрэсны ход з харугвамі і званамі, што гукамі  памяці напаўнялі наваколле, прайшоўся да Барысаглебскай капліцы, дзе маліліся за ўсіх на полі бітваў загінуўшых. У гэты дзень словы пастара гучалі ад настаяцеля Святаціханаўскага храма г. Вілейкі айца Вячаслава, які дзякаваў усім прысутным за захаванне памяці і маліўся за іх здароўе, а арганізатарам свята жадаў  доўгіх гадоў і моцы духу.

IMG_7012

Далей гасцей мерапрыемства чакала літаратурна-музычная праграма «У імя Айчыны – Перамога!», у якой прынялі ўдзел народны калектыў аўтарскай песні «Элегія» вілейскага Цэнтра эстэтычнага выхавання, салісты і калектывы клубных устаноў раёна, Нарачанскага СДК, Нарацкай дзіцячай школы мастацтваў, дэманстрацыя праграмы паказальных выступленняў юнацкага ваенна-патрыятычнага клуба пры Лыцавічскім СДК «Патрыёт», тут разгарнуліся выставы-продажы Вілейскага Дома рамёстваў, студыі «Лучынка» Нарачанскага СДК, гандлёвыя рады. Як заўжды,на свяце можна было пачаставацца салдацкай кашай, якую са сваімі выхаванцамі старанна гатуе для гасцей Міхаіл Петух. У гэты дзень дзеткі стваралі свае малюнкі на імправізаванай дошцы-мальберце падчас акцыі «Мы малюем Перамогу», разам з дарослымі ўпрыгожвалі дрэва папяровымі вырабамі – акцыя «Дрэва сяброўства», разам каталіся на рэтра-тэхніцы, чаго толькі ў гэты дзень не было на забродскім свяце.

IMG_7008

З імправізаванай сцэны гучалі ваенныя песні, чыталіся вершы, кожны, хто меў творчае натхненне,мог падысці да мікрафона і павіншаваць прысутных сваім нумарам. Святкаванне ў Заброддзі заўсёды праходзіць па-асабліваму – з урачыстай камернасцю, калі збіраецца шмат сяброў, блізкіх, проста знаёмых і тых, хто завітаў на мерапрыемства ўпершыню. У нашай краіне,напэўна,няма больш сціпла-велічнага, кранальнага, душэўнага і ў той жа час слаўнага месца, чым Заброддзе. Менавіта тут да гэтага часу адзначаецца штогод 9 мая па-забродску непаўторна. І як бы ні змяняліся за апошнія гады факты нашай гісторыі, гэты дзень застаецца любімым усімі, дарагім і светлым святам.

IMG_7013

Менавіта тут пачынаеш па-іншаму ўспамінаць аб тым, як нашы дзяды і прадзеды змагаліся, не шкадуючы свайго жыцця, з ворагамі. Менавіта тут простым канцэртам вялікіх самадзейных артыстаў і словамі ўспамінаў гэтая дата ўваходзіць у маладыя сэрцы і сэрцы ўсіх прысутных, як быццам кадрамі чорна-белай кінахронікі пра той час, тут яшчэ больш бяруць за душу песнямі аб цеснай зямлянцы, аб прыфрантавых шляхах і навечна застылым над гарой салдатам Алёшай. І ўсё таму, што няма ніводнай сям’і, якой бы не кранула гора страты ў гады вайны. Мільёны воінаў сышлі на фронт, тысячы людзей засталіся працаваць у тыле. На абарону Айчыны падняўся ўвесь народ, ён здолеў адстаяць права на мірнае жыццё. Ён працаваў з усіх сіл на апусцелых палях, на заводах, якія выпускалі тэхніку і зброю для вайскоўцаў, ён галадаў, але трымаўся, бо разумеў, што толькі ад яго залежыць будучая перамога.

IMG_7016

Няхай яшчэ доўгія гады звіняць забродскія званы памяці.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

IMG_7023

IMG_6984

IMG_6987

IMG_6989

IMG_6998

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries