Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На сустрэчу з Мельпаменай у Беразіно адправіўся народны тэатр Вілейскага Палаца культуры

На сустрэчу з Мельпаменай у Беразіно адправіўся народны тэатр Вілейскага Палаца культуры. Менавіта ў гэтым горадзе адбываўся VIII абласны фестываль народных тэатраў “Бярэзінская рампа”. Гэты тэатральны форум служыць высакародным мэтам зберажэння лепшых тэатральных традыцый, прымнажэння іх і дапаўнення сучаснасцю і навізной.
На працягу трох дзён – 28-30 лістапада сцэна Бярэзінскага Дома культуры гасцінна сустракала тэатральныя калектывы вобласці. Разам з нашым тэатрам свае пастаноўкі здзяйснялі аматарскія тэатральныя калектывы Мінскай вобласці з Бярэзіно, Жодзіна, Слуцка, Пухавіч, Барысава і Гродна. Трагічныя гісторыі, камедыі, тэатральныя фельетоны, драматычныя балады, сучасны ірацыяналізм – шмат разнастайных актуальных пастановак аб характарах і лёсах людзей.
Акцёры нашага тэатра чакалі гэтай падзеі, каб заявіць аб сабе, абмяняцца творчымі дасягненнямі і вопытам, пазнаёміцца з новымі неардынарнымі ідэямі тэатральнага мастацтва, увасобленымі рэжысёрамі іншых народных тэатраў.
Чым здзіўляў гледачоў і кампетэнтнае журы народны тэатр Вілейскага Палаца культуры? Безумоўна акцёрскім майстэрствам. За музычны спектакль “Звычайны цуд”, пастаўлены па п’есе Яўгена Шварца рэжысёрам Вадзімам Шырочыным, былі ўзнагароджаны дыпломамі Марына Заяц – за лепшую жаночую ролю, Андрэй Дударчык – за арыгінальнае ўвасабленне вобраза; народны тэатр атрымаў узнагароду ў намінацыі за адданасць тэатральным традыцыям.
Трэба адзначыць, што вілейскія гледачы з пастаноўкай “Звычайны цуд” ужо знаёмыя. Гэта спектакль пра каханне, але для сваёй сцэнічнай версіі рэжысёр напісаў новыя песні і пераўтварыў п’есу ў сапраўдны чароўны мюзікл, які падабаецца і дарослым, і дзецям.
У нашага тэатра вялікі творчы патэнцыял. Але заўсёды застаецца актуальным пытанне: як прывабіць і ўтрымаць публіку, не заразіцца правінцыяльнасцю і быць заўсёды цікавым для сучаснага гледача? Для гэтага тэатр імкнецца ствараць адметны рэпертуар, пашырае кола аўтараў і спрабуе сябе ў розных жанрах. Ён і па сёння фарміруе духоўны клімат любімага горада і па-свойму ўплывае на час і грамадства.
Артысты народнага тэатра і гледачы – калегі. Яны існуюць адзін для другога. Акцёры па-добраму здзіўляюць публіку філасофскімі драмамі, жартоўнымі вадэвілямі, цудоўнымі пераўтварэннямі, а гледачы з цікавасцю за гэтым назіраюць. І толькі разам яны могуць ствараць сапраўднае тэатральнае жыццё.
Акцёры тэатра – вядомыя людзі Вілейшчыны. Сярод іх ёсць тыя, якія займаюць высокія пасады. Нягледзячы на вялікую занятасць на асноўнай пасадзе, кожны з іх знаходзіць час на любімае хобі. Гэта – невялікі калектыў, згуртаваны творчасцю. Таму ўвачавідкі расце іх прафесійнае майстэрства. Менавіта гэтае напоўненае творчасцю жыццё стварае атмасферу добразычлівасці і цеплыні, якая пануе ў народным тэатры ўжо больш за 60 гадоў.
Спектаклі народнага тэатра з вялікім поспехам праходзяць на сцэне Вілейскага Палаца культуры. За апошнія тры гады былі здзейснены пастаноўкі спектакля “20 хвілін з анёлам” па п’есе А. Вампілава, камедыя-вадэвіль “Збянтэжаны Саўка” па п’есе Л. Радзевіча, “Звычайны цуд” па п’есе Я. Шварца. Творчы актыў тэатра – пастаянныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў горадзе і раёне. Гатоўнасць акцёраў з захапленнем удзельнічаць у творчых пастаноўках робіць вялікі гонар трупе народнага тэатра.
Вольга ШЛЯПО,  намеснік дырэктара ДУ “Вілейскі Палац культуры”.
Фота прадастаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 133 queries