Касцёл – гэта не толькі месца, дзе збіраюцца людзі для святой малітвы. Гэта духоўны саюз людзей, які ставіць сваёй задачай клопат аб маральным станаўленні асобы. Храм выхоўвае чалавека ў рэчышчы хрысціянскіх традыцый агульначалавечага накірунку. І святая імша, і ўсе мерапрыемствы, якія арганізуюцца вілейскім касцёлам, служаць высокай мэце адухаўлення людзей і таго асяроддзя, дзе яны закліканы рэалізоўваць сваю хрысціянскую місію, наканаваную ім Усявышнім.
Акрэсленую Небам задачу касцёл Узвышэння Святога Крыжа вырашае ўжо сто год. Юбілею і ўзнесенаму на вежу Храма сімвалу хрысціянства была прысвечана ў суботу юбілейная ўрачыстасць, якая сабрала ў касцёле сотні хрысціян-католікаў і ўсіх, хто не безуважны да духоўнага абнаўлення роднай зямлі. На свята, з нагоды храмавага свята і юбілею касцёла, прыбылі высокія духоўныя асобы: Апостальскі Нунцый Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Светлае імгненне сустрэчы, напоўненае ўзаемнасцю і разуменнем, шчырыя словы прывітання, кветкавая гама на сцяжынцы да храма. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвячае памятную дошку на святым крыжы, перад якім у паклоне схіліў голаў пазалочаны анёл… Моманты, што па-свойму пачынаюць адлічваць другое стагоддзе жыцця вілейскай святыні і, безумоўна, занатуюцца ў яе гісторыі. Як і ўрачыстая імша, што, па просьбе ксяндза пробашча Аляксандра ўзначаліў Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, прадстаўнік Святога Айца.
У прамове, звернутай да прысутных, Апостальскі Нунцый зазначыў літаральна наступнае:
– Хто здолее перамагчы гэты народ? Гэты народ моцай сваёй веры ўваскрэсне пасля любой смерці…
Стогадовая гісторыя касцёла, якая прыйшлася на змрочныя часы панавання ідэалогіі атэізму, а пасля яркі ўзлёт храма, падобны на ўваскрасенне ў веры і навяртанні да Бога, – яркае пацвярджэнне гэтых слоў высокай духоўнай асобы. Бо разам з храмам да новага жыцця адраджалася людская свядомасць. Як сцены спакваля вызваліліся ад бруду і плесені, так ачышчаліся і душы чалавечыя, каб даць прастору для ўспрыняцця Боскага слова, ідэй, пазначаных сімваламі хрысціянскага веравызнання.
«У цэнтры гэтай зямлі стаіць Крыж Хрыста, – па-філасофску абгрунтаваныя ісціны гучалі з вуснаў Клаўдыё Гуджэроцці… – З часам Крыж стаў сімвалам хвалы і хрысціянскага гонару. Вы памятаеце, з якімі цяжкасцямі ў час пераследу чалавек мог насіць маленькі крыж на шыі як сімвал сваёй веры і як часта мусіў зняць яго. Улада думала, што яна можа забраць з чалавечых душаў і целаў знак іх рэлігійнай прыналежнасці. Але крыж – не біжутэрыя. Гэта знак, які стаіць пасярод зямлі…» «Супраць яго, – сцвярджае Апостальскі Нунцый, – будзе адчуваць сябе маленькай любая сіла, якая будзе намагацца знішчыць Крыж і заняць тое месца, дзе ён стаіць».
Некалькі разоў у сваім звяртанні да вернікаў Клаўдыё Гуджэроцці падкрэсліваў роль хрысціянскага сімвала, які ніяк не можа быць часткай інтэр’еру і сіла якога не ў знешнім прыгостве, а ва ўнутранай моцы. Моцы, якая здольна яднаць людзей, быць паходняй на балесным і пакутным жыццёвым шляху. Народ у час сваёй вандроўкі можа стамляцца. Але калі стамляецца і засынае касцёл, зазначыў Апостальскі Нунцый, тады перамагае вораг.
«Наша свята – гэта Божая слава, момант падрыхтоўкі, каб працягваць падарожжа ў Зямлю Абяцаную», – Не так часта ўсе 100 год свайго існавання, сцены храма адгукаліся на словы пасланніка самога Святога Айца. Агучаныя сэрцамі вернікаў, яны доўга будуць жыць у іх свядомасці, нагадваючы аб каштоўнасцях непераходзячых і вечных.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч палічыў патрэбным яшчэ раз узгадаць асноўныя вехі касцёльнага жыцця. Каб разам з храналагічнай канстатацыяй ушанаваць публічна тых, чыімі справамі вяршылася гісторыя храма. Асаблівая падзяка – ксяндзу прэлату Эдмунду Даўгіловічу і парафіянам за настойлівасць у адраджэнні святыні, пробашчам, якія працавалі затым у храме. І цяперашняму ксяндзу Аляксандру Барылу. Ён многае зрабіў для вядомасці і аўтарытэту вілейскай парафіі. Дні моладзі, сустрэчы міністрантаў, пілігрымкі, музычныя конкурсы – не пералічыць усе мерапрыемствы, у якіх актыўна ўдзельнічае вілейскі касцёл. І гэты напрамак яго дзейнасці з задавальненнем адзначае Арцыбіскуп.
Напрыканцы святой імшы прыйшоў час для віншаванняў і пажаданняў, скіраваных на светлае будучае святыні. Адзначыла яе высокую месійную ролю старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, перадаўшы віншавальныя словы ад выканаўчай улады.Усю моц сваёй веры ўклала ў вершаваныя радкі адна са старэйшых парафіянак – спадарыня Ядвіга. Яе віншавальная паштоўка была адзначана падарункам Апостальскага Нунцыя – настольным Святым Крыжам. У свецкім тоне фіналу ўсё ж не гублялася духоўная плынь. Завяршыўся ўрачысты дзень канцэртам у гарадскім Палацы культуры, стрыжнем праграмы якога стала выступленне хору касцёла Узвышэння Святога Крыжа.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара



















