Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На «Славянскім базары ў Віцебску» сярод 300 народных майстроў — прадстаўнікі Вілейшчыны

Штогод сярэдзіна лета ў Беларусі адзначаецца значнай падзеяй для славянскіх краін (ды і не толькі) – творчым міжнародным фестывалем мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Дваццаць пяць год фестываль збірае артыстаў, народных майстроў, мастакоў, усю творчую эліту, каб падзяліцца сваімі прэм’ерамі, новымі знаходкамі, творчымі дэбютамі і эксперыментамі, самае галоўнае, каб адкрыць новыя таленты сярод маладых выканаўцаў.

Пачыналася ўсё ў далёкім 1988 годзе, калі для ўсесаюзнага фестывалю ў Зялёнай Гуры, дзе праводзілі папулярны конкурс польскай песні, было вырашана пабудаваць у Віцебску, які быў горадам-пабрацімам, Летні амфітэатр для адначасовага правядзення  фестываля савецкай песні. У выніку, за паўгады быў пабудаваны амфітэатр на пяць тысяч месц. Двойчы – у 1988 і 1990 годзе – Віцебск прымаў фестываль польскай песні.

Зараз «Славянскі базар у Віцебску» – гэта сусветнавядомая пляцоўка для правядзення грандыёзных творчых мерапрыемстваў, для адкрыцця творчых талентаў і дэманстрацыі творчых дасягненняў. І гэтаму пацверджанне штогадовая колькасць гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Юбілейны фестываль сабраў прадстаўнікоў 44 краін з Еўропы, Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі.

Больш 300 народных майстроў прыехалі ў Віцебск у гэтым годзе. Горад майстроў, які аб’яднаў на сваёй тэрыторыі прадстаўнікоў усіх шасці абласцей Беларусі і гасцей з замежжа, ўражвае каларытам вырабаў традыцыйных промыслаў, сваім шматгалоссем  народнага майстэрства. Сярод удзельнікаў творчых пляцовак у Віцебску і прадстаўнікі Вілейшчыны – раённы Дом рамёстваў з вырабамі нашых майстроў з керамікі, саломкі,  тканіны, з вышыўкай. А непаўторнымі вырабамі з лазы, якімі славяцца каловіцкія майстры, што нядаўна ўвайшлі ў склад Дома рамёстваў, навогул можна канкурыраваць з славутымі міжнароднымі майстрамі. Асобная выстаўка прадстаўлена працамі народнай студыі саломапляцення «Вясёлка» Крывасельскага сельскага дома культуры.

Дырэктар раённага Дома рамёстваў Ксенія Арлоўская «online» падзялілася з ШП сваімі ўражаннямі ад знаходжання на фестывалю ў Віцебску:

— Атмасфера свята настолькі творчая і сяброўская, што здаецца кожны дзень пралятае імгненна. Віцебск здзіўляе сваімі фарбамі – ўсё навокал квітнее і настолькі прыгожа аформлена, што здаецца лета стала яшчэ больш ярчэйшае. Вельмі шмат рознапланавых пляцовак – фальклорных, маладзёжных, мастацкіх, рок-пляцовак, кожную хвіліну адбываюцца творчыя сустрэчы, вернісажы, прадстаўленні вулічных тэатраў, флэш-мобы і шмат чаго іншага. Мы хоць і знаходзімся цэлы дзень на сваёй пляцоўцы, але экраны, якія размяшчаюцца па горадзе даюць нам магчымасць убачыць ўсё тое, чаго не можам наведаць.

— А ў вечары ці наведваецце канцэрты, ці шпацыруеце па гораду?

— Канешне, скарыстоўваем кожную вольную хвіліну, бо хочыцца ўбачыць і наведаць усё. Вячэрні горад заварожвае сваёй ілюмінацыяй. А высыпацца будзем дома.

— За каго «хварэеце» ў конкурсе маладых выканаўцаў?

— Абавязкова за беларуса Аляксея Гроса. Ён лепшы.

Хоць мы і размаўлялі з Ксеніяй ў нядзелю 17 ліпеня, але яно так і здарылася – Аляксей Грос стаў фіналістам конкурсу і атрымаў галоўную ўзнагароду – Гран-пры конкурсы маладых выканаўцаў «Віцебск-2016».

Нагадаем, 16 ліпеня канкурсанты выканалі славянскія песні пад аркестр. 17 лiпеня спявалі сусветныя хіты пад фанаграму. Для другога выхаду Аляксей Грос абраў It’s My Life групы Bon Jovi. І да 80 балаў па выніках першага конкурснага дня дадаў 77, у суме набраўшы 157 балаў з 160 магчымых.

Дарэчы, беларусы заваёўвалі Гран-пры конкурсу «Віцебск» 4 разы — Максім Сапацькоў (2003 год), Пётр Ялфімаў (2004), Паліна Смолава (2005) і Алёна Ланская (2011).

Няхай і надалей «Славянскі базар у Віцебску» будзе калыскай творчых талентаў і пляцоўкай для самых смелых мастацкіх эксперыментаў, а самае галоўнае дыялогам культур і краін.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота прадстаўлена Ксеніяй Арлоўскай

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 132 queries