Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На Сакалоўскіх могілках сабралася талака

У суботу, 28 сакавіка, на Сакалоўскіх могілках сабралася талака. Яе арганізатарамі выступілі Хаценчыцкі сельвыканкам і грамадскі вясковы актыў.
У гэты дзень, а дзясятай гадзіне, на вясковыя могілкі пачалі збірацца людзі. Дзесяць, дваццаць пяць, сорак. Лік пераваліў ужо за пяцьдзясят, а людзі ўсё падцягваліся. Ішлі цэлымі сем’ямі і адразу ж уключаліся ў работу, таму нават падлічыць удзельнікаў мерапрыемства было цяжка. Такой шматлюднай талакі на могілках не памятаюць нават старажылы.
Узброіўшыся сякерамі, рыдлёўкамі, віламі ды граблямі, сакалоўцы ў суботу зрабілі ўсё магчымае і немагчымае дзеля таго, каб не было сорамна перад сваімі продкамі і ў прыклад сваім нашчадкам.
Дасягнуць прыстойнага выгляду на могілках вяскоўцам добра дапамог Хаценчыцкі сельвыканкам, забяспечыўшы людзей неабходнай для гэтага трактарнай тэхнікай і бензапіламі. Былі спілаваныя ўсе небяспечныя дрэвы-сухастоі і сухія галіны хвой, павысяканае ўсё кустоўе, якое разраслося амаль што па ўсіх могілках. Ад смецця былі прыбраныя не толькі самі могілкі, але і далёка прылеглая да іх тэрыторыя. Вызначаныя тры месцы пад смецце.
Хочацца спадзявацца, што пасля такога калектыўнага прыбірання ў вяскоўцаў больш рука не падымецца запаганьваць самае святое месца. Цяпер на могілкі і самім паглядзець прыемна, і гасцям паказаць не сорамна!
А заслуга ўсяму гэтаму належыць арганізатарам і ўсім удзельнікам праведзенага мерапрыемства. А гэта старшыня Хаценчыцкага сельвыканкама Валовік Святлана, дэпутат Вілейскага райсавета Косцік Таццяна і яе маці Валовік Ларыса, якая выйшла на талаку ўусім сваім сямействам, Барысевіч Уладзімір, Іванец Аляксандр, Валовікі, Сабалеўскія, Шахраі, Цывількі, Раткевічы, Наўмовічы, Іванцы, Паўлюкевічы і шмат-шмат іншых. Усіх пералічыць вельмі складана. Прыемна, што ў мерапрыемстве ўдзельнічала і моладзь.
Асобна хочацца адзначыць Мардаса Уладзіміра, які за свой кошт прыгнаў з Мінска магутную сучасную тэхніку, пры дапамозе якой мы, урэшце, здолелі спілаваць небяспечныя сухастоі.
Цяпер сакалоўцам трэба толькі з павагай аднесціся да тых, хто там працаваў, а самае галоўнае, да тых, хто там спачывае.
Алесь РАТКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries