Глыбоцкі раён, хоць і размяшчаецца ў іншай вобласці, але па праву лічыцца недалёкім суседам Вілейскага. Так было і гістарычна: часткі нашых раёнаў некалі ўваходзілі ў Ашмянскі, Дзісненскі паветы, затым Глыбоцкі раён быў адзінкай створанай Вілейскай вобласці, а пасля і Маладзечанскай. Гістарычна звязвае нас многае, а сёння аб’ядноўвае нашы раёны даўняе сяброўства на розных узроўнях, ды і адзін са знакаміцейшых віляйчан-сучаснікаў, выхадзец з Глыбоччыны – мастак Эдуард Мацюшонак. І таму, калі намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Таццяна Цітуленка прапанавала разам з ёй наведаць «Вішнёвы фэст» па запрашэнні старшыні Глыбоцкага райвыканкама, то папярэдняя прапанова нашага мастака Эдуарда Мацюшонка аб удзеле ў адкрыцці яго выставы, што ладзілася ў рамках фэстывалю, склаліся ў адну вялікую нагоду наведаць нашых суседзяў.
І вось мы на Глыбоччыне, якая пяты раз адзначае з размахам «Вішнёвы фестываль». Асноўныя мерапрыемствы фестывалю прайшлі 21 і 22 ліпеня, хаця гэтаму папярэднічаў насычаны рознымі падзеямі фестывальны тыдзень. Галоўнымі разынкамі сёлетняга фэста сталі этна-вечарына, конкурс баяністаў, «вішнёвая вяселле», канцэрт замежных калектываў, а прыехалі яны з Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Францыі, Германіі і Ізраіля. І, вядома ж, па традыцыі ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры «Глыбоцкае вішня» да цэнтральнай сцэны прайшло святочнае шэсце з удзелам Вішнёвай Каралевы.
Адкуль у Глыбокім вішні? Адразу ўзнікае такое пытанне: чаму менавіта Глыбокае? Аказваецца, што першыя гатункавыя вішнёвыя дрэвы з’явіліся ў Глыбокім у 1930-х гадах, дзякуючы сусветна вядомаму селекцыянеру Баляславу Лапыру. Ён вывеў гатункі спецыяльна для глыбоцкага клімату, кажуць, смачнейшай вішні вы не паспрабуеце нідзе. Баляслаў Лапыр займаўся не толькі земляробствам, але і вучыў сялян грамаце, распаўсюджваў беларускія кнігі і папулярызаваў беларускую мову. Падчас Другой Сусветнай вайны ён спрабаваў адстойваць мясцовае насельніцтва, у прыватнасці, патрабаваў у немцаў спыніць спальваць вёскі разам з жыхарамі. За такую дзёрзкасць навукоўцу прыгразілі расстрэлам, але потым дазволілі з’ехаць разам з сям’ёй. Вайну ён перажыў адносна добра, але ў 1945-м трапіў ужо ў савецкі лагер у Ваўкавыску. Тут сляды Баляслава Лапыра згубіліся, і лёс вучонага-селекцыянера невядомы да гэтага часу… Але выдатныя вішнёвыя дрэўцы да сённяшняга часу захаваліся на падворках глыбаччан. Так і павялося, калі ёсць свой дом у Глыбокім, то ёсць і свой сад. І калі ў знакамітага класіка вішнёвы сад быў сімвалам мінулага, то жыхары Глыбоцкага раёна без гэтых дрэў не ўяўляюць будучыні. Таму кожны год многія беларусы і замежнікі спяшаюцца ў Глыбокае за вішанькай.
Сама ідэя зрабіць вішнёвую ягаду сімвалам горада ўвасобілася ў жыццё ўсяго пяць гадоў таму. У гэтым годзе, у першы юбілей, фестываль набыў статус міжнароднага. Ён дапамагае развіваць не толькі культурны, але і турыстычны накірункі жыцця ўсяго рэгіёну. Такая цудоўная ідэя належыць гаспадару глыбоцкай зямлі – Алегу Морхату. «Калі душа хоча свята, то прыдумайце яго сабе самі» – цудоўны выраз, які як мага лепш падкрэслівае намаганні жыхароў Глыбоччыны. Яны знайшлі тое, што адрознівае іх ад іншых, і таму да Глыбокага імкнуцца з розных куткоў на фэст у госці. Пяць гадоў таму горад Глыбокае абвясціў сябе Вішнёвай сталіцай Беларусі,і цяпер кожны жыхар лёгка дакажа гэты факт. Тут ёсць свае традыцыі, рэцэпты, святы. Ёсць падворкі, у якіх ва ўласным садзе расце да пяцідзесяці дрэўцаў вішні. «Вішнёвая» справа перадаецца тут з пакалення ў пакаленне. Таму і помнік вішні адкрылі, і каралеву вішняў выбралі. Цяпер, раз на год, у Глыбокім ладзяць цэлы «вішнёвы» тыдзень са спартыўнымі спаборніцтвамі, моладзевымі фестывалямі, канцэртамі, танцамі і пачастункамі. У гэтым годзе ёсць падстава ганарыцца і складаць планы на будучае больш масштабныя, бо глыбоцкі фестываль атрымаў статус міжнароднага. І гэта яскравы прыклад свята, створанага для душы.
– Калі народ умее працаваць, ён павінен умець і адпачываць, – прызнаецца старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат. – На нашай глыбоцкай зямлі жывуць гасцінныя і працавітыя людзі. І мне вельмі прыемна, што на працягу ўсіх гэтых год нас падтрымліваюць і віляйчане, а асабіста наш зямляк, а цяпер ужо карэнны віляйчанін – Эдуард Уладзіміравіч Мацюшонак. Ён робіць вельмі шмат для аднаўлення духоўнай спадчыны нашага раёна. Выставы, якія ён ужо не першы год ладзіць у Глыбокім, – гэта цэлы пласт культуры Адраджэння, што дае нам падставы больш і больш ганарыцца сваёй малой Радзімай. Вось і ваша намеснік старшыні райсавета, з якой мы пазнаёміліся ў паездцы па рэалізацыі праектаў, накіраваных на развіццё нашых раёнаў, поўніцца ідэямі і планамі. Я бачу, які вялікі патэнцыял у нашых невялічкіх, у масштабах Беларусі, але значных раёнаў, багатых на гісторыю і духоўныя традыцыі.
У той жа дзень мы наведалі выставу Эдуарда Мацюшонка, якая сапраўды ўздымае такі вялізны пласт духоўнай культуры і Глыбоччыны, і Вілейшчыны, і ўсёй нашай краіны ў цэлым. І гэта не таму, што ён наш віляйчанін, з вялікімі ўражаннямі з выставы выходзілі і прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама, кіраўнікі пасольстваў, Міністэрства культуры, а потым многія вярталіся ў залу па некалькі разоў і прасілі Эдуарда Уладзіміравіча зноў і зноў крыху распавесці пра гісторыю выдатных мясцін, пра беларусаў, якія сваім жыццём і ўчынкамі стваралі славу нашай зямлі. І кожны з іх, вярнуўшыся на пару хвілін, затрымліваўся на гадзіны, бо тэма памяці, сямейных каштоўнасцей, спадчыны дзядоў і прадзедаў блізкая кожнаму,і таму так хвалюе і паглынае, асабліва калі гэта з апавяданнямі Эдуарда Уладзіміравіча.
– Я слухала, і мяне браў гонар, што я знаёма з такім чалавекам, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Таццяна Цітуленка. – Эдуард Мацюшонак – гэта наш скарб, а яго працы – неацэнны рэсурс для развіцця моладзі, папулярызацыі нацыянальнай культуры. Яго выхаванцы па навучальнай установе і мастацкай студыі, якую ён вядзе, становяцца лепшымі прадстаўнікамі творчых прафесій – знакамітымі мастакамі, архітэктарамі, дызайнерамі, мадэльерамі. Тая праца, што праводзіць Эдуард Уладзіміравіч з дзецьмі, тая мастацкая школа, а аб гэтым ужо можна казаць – “школа Мацюшонка”, і той скарб, што мастак дорыць нам праз свае творы – усё гэта неацэнны патэнцыял Вілейшчыны.
Фестываль завяршыўся, але ўражанні будуць напаўняць яшчэ доўга кожнага, хто прыняў ўдзел у глыбоцкім фэсце. Едучы назад на Вілейшчыну, мы па дарозе абмяркоўвалі, колькі магчымасцяў мае і наш раён – і праз працягненне традыцыі «Журавінавага фэсту» на Іжаншчыне, і праз папулярызацыю новага брэндавага фестывалю «Уха-фэст» з бязмежнай прыгажосцю нашага «вілейскага мора», ды і многае іншае. Галоўнае, захацець стварыць сабе свята… Бо аддана працаваць на карысць малой радзімы віляйчане ўмеюць.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара