Юбілей – самы час падсумаваць вынікі і магчымасць падзяліцца інфармацыях аб сваіх набытках, якой мы, бывае, свядома пазбягаем. Яно і зразумела: газета заклікана выконваць сваю галоўную функцыю – ствараць гісторыю сучаснасці. А яна, гэта гісторыя, складаецца са шматлікіх падзей і з’яў акаляючай рэчаіснасці, вывучаць і аналізаваць якія і павінна грамадскае выданне статусу рэгіянальнай газеты.
Дзесяць год з часу мінулага круглага юбілею. Яны прынеслі раёнцы перамогу ў конкурсах самага рознага ўзроўню: абласным, за якую мы атрымалі легкавы аўтамабіль,і IV Нацыянальным. Яго Міністэрства інфармацыі арганізоўвае сярод друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. «Залатая Літара» ў выглядзе юнай дзяўчыны з распрасцёртымі крыламі, якая ўпрыгожвае першую паласу газеты, заўсёды будзе нагадваць пераемнікам аб гэтай перамозе. Газета ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, трыма Ганаровымі граматамі абласнога выканаўчага камітэта, заахвочвалася раённымі ўладамі. Мы выходзілі пераможцамі ў шматлікіх галіновых конкурсах. І, безумоўна, даражыць сваёй узнагародай – Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аўтар гэтых радкоў.
Мы, журналісты, клапоцімся аб выніковасці менавіта свайго ўплыву на чытальніцкую аўдыторыю. Разавы тыраж газеты «Шлях перамогі» на 1 студзеня бягучага года складае 5600 экземпляраў.
Як і шэраг іншых рэгіянальных выданняў Міншчыны, вілейская раёнка ўсё больш замацоўваецца ў інфармацыйнай прасторы вобласці. Мы рэалізоўваем праекты, наладжваем тэматычныя выпускі, што карыстаюцца несумненнай увагаю чытачоў. У адным з іх,»От дома отчего – к будущему общему», знайшла адлюстраванне важнейшая дзяржаўная праграма дэмаграфічнай бяспекі. Менавіта ён стаў пераможцам IV Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ за лепшы творчы праект года сярод рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.
Адзін з нашых папулярных спецвыпускаў – «Улада для людзей». Яго канцэпцыя ў тым, што духоўнае самалячэнне можа дазволіць сабе толькі моцны народ. А мы такія і ёсць. Калі мы сёння гаворым аб дэбюракратызацыі апарата, гэта значыць, мы зноў аб’ядноўваемся. Не супраць чыноўнікаў. Яны такія ж людзі. Мы аб’ядноўваемся супраць усеўладнасці пасады, а не закону, супраць раўнадушша і безуважнасці.
«Чытач – газета» – гэта спецыяльны выпуск у рамках праекта, які дазваляе выдзеліць асноўныя вузлы супярэчнасцей у нашым развіцці. Водгук на ўзнятыя праблемы – выпускі пад рубрыкай «Зваротная сувязь». Яны рыхтуюцца і журналістамі раёнкі, і чытачамі нашай газеты.
Хутка будзе 10 год, як газета прыступіла да выпуску свайго тэматычнага праекта «Вілейская ніва». Ён асвятляе ход выканання дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. У полі зроку журналістаў раёнкі – складанае жыццё сельгасвытворцаў. З усімі іх гаспадарчымі, кадравымі, сацыяльнымі праблемамі. Менавіта дзякуючы ініцыяванай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь праграме, вёска сёння глядзіць у будучае. У выпусках спецпраекта мы асвятляем працэс яе адраджэння з усімі станоўчымі і негатыўнымі момантамі.
Ствараючы, а пасля і рэалізуючы свае праекты і спецвыпускі, мы ставім перад сабой мэту: у сканцэнтраваным выглядзе данесці да чытача сутнасць дзяржаўнай палітыкі. Прычым, не ў дэкларатыўнай форме, а на прыкладах рэальных вынікаў яе рэалізацыі. Узаемаразуменне і падтрымку многіх сваіх ідэй і пачынанняў мы знаходзім у аддзеле ідэалагічнай работы райвыканкама. План рэалізацыі некаторых праектаў, у прыватнасці, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі, мы абмяркоўвалі і рэалізоўваем цяпер разам, пры ўдзеле супрацоўнікаў вілейскага краязнаўчага музея.
З маім меркаваннем можна не пагадзіцца, але я ўпэўнена, што падзел друкаваных выданняў на рэгіянальныя і цэнтральныя адносна ўмоўны. Мы аднолькава вырашаем праблемы нашага развіцця, выкарыстоўваючы для гэтага жанравыя і публіцыстычныя магчымасці газетнага радка. А па свайму ўплыву на інфармацыйную прастору мы апераджаем асноўную большасць рэспубліканскіх выданняў. Толькі робім гэта значна меншымі журналісцкімі сіламі.
Існуюць, праўда, версіі наконт таго, што электронныя СМІ паглынуць друкаваныя, што газетны радок не мае будучага. Інтэрнэт не хутка раскіне сеціва над вясковай глыбінкай. Але нават, калі і гэта адбудзецца, ён і газета будуць існаваць у паралельных прасторах, якія, згодна матэматычных законаў, не маюць агульных кропак перасячэння. Таму раённая газета застанецца, як і была, традыцыйным і найбольш папулярным у рэгіёнах сродкам масавай інфармацыі.
І яшчэ: кажуць, што газета жыве адзін дзень. Наўрад ці трэба спрачацца з гэтым сцвярджэннем. Бо ў недаўгавечнай квецені – сэнс бясконцасці жыцця. Прыходзіць заўтра – і прыносіць новыя сюжэты, больш кідкія і каларытныя. І так будзе заўсёды. Вось ужо на працягу сямідзесяці год наша газета (цяпер – два разы на тыдзень) узнаўляе сябе для чытачоў раёнкі. І занатаваныя намі радкі прарываюцца ў вечнасць, каб жыватворнай сілай слова ўздзейнічаць затым на нашчадкаў. Нават тады, калі на змену нам прыйдуць іншыя, мудрэйшыя і лепшыя за нас.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота з архіву рэдакцыі









