Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага склікання ад Мінскай вобласці абраныя 13 верасня ў Маладзечне на пасяджэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню.
Савет Рэспублікі – адна з двух палат парламента Беларусі. У склад Савета Рэспублікі ўваходзяць 64 сенатары. Мясцовыя саветы, у тым ліку Мінскі гарадскі, абіраюць 56 членаў: па 8 ад кожнай вобласці і Мінска. Яшчэ 8 сенатараў прызначае Прэзідэнт. Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання праходзіла з 21 ліпеня па 19 жніўня. Рэгістрацыя ў Цэнтральным выбарчым камітэце кандыдатаў адбылася з 20 па 24 жніўня. Непасрэдна самі выбары сенатараў праходзяць на пасяджэннях мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню абласцей, дэпутатаў Мінгарсавета. Вынікі выбараў Цэнтрвыбаркам падвядзе не пазней за 30 верасня.
Сенатараў ад Мінскай вобласці абіралі шляхам тайнага галасавання, у якім прынялі ўдзел 639 дэпутатаў Цэнтральнага рэгіёна, ці 85% ад усяго дэпутацкага корпуса. Перад выбарамі кандыдаты ў члены верхняй палаты парламента прапанавалі свае праграмы па цэлым спектры напрамкаў – ад стварэння новых працоўных месцаў і ўладкавання малых гарадоў да падтрымкі малога бізнесу і развіцця вытворча-арыентаванай навукі.
У выніку абраныя восем членаў Савета Рэспублікі. Сенатарамі ад цэнтральнага рэгіёну сталі дырэктар сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Азярыцкі-Агра» Смалявіцкага раёна Ніна Жалязнова; генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Іван Галаваты; старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч; старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святлана Герасімовіч; дырэктар па прамыслова-тэхнічнай палітыцы і развіццю ААТ «Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання» Аляксандр Марчанка; намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Сірэнка; дырэктар дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава» Алег Суконка; старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Агракамбінат Сноў» Нясвіжскага раёна Мікалай Радаман.
Ад Вілейскага раёна сенатарам стала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святлана Герасімовіч, якая працавала ў мінулым складзе Савета Рэспублікі.
Адным з першых дакументаў, над якім давядзецца працаваць сенатарам, стане Бюджэт на 2017 год. На прафесійнай аснове ў Савеце Рэспублікі засядаюць толькі сем чалавек: спікер, яго намеснік і кіраўнікі пяці камісій. Астатнія сумяшчаюць гэтую грамадскую дзейнасць з прафесійнай нагрузкай.
Падрыхтаваў Сяргей ГАНЧАР.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА