Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мікола выйшаў у фінал у шоу-віктарыны «Я знаю!»

Дзесяцікласнік Мікола Завадскі – першы год у вучнёўскім калектыве трэцяй гарадской школы. Але ўжо паспеў зарэкамендаваць сябе станоўча – выхаваны, зацікаўлены і эрудыраваны юнак стаў пераможцам трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і атрымаў дыплом трэцяй ступені. А нядаўна стала вядома, што Мікола выйшаў у фінал папулярнага рэспубліканскага тэлевізійнага праекта, які транслюецца на канале «Беларусь 1» – шоу-віктарыны «Я знаю!».

Мікола выйшаў у фінал у шоу-віктарыны «Я знаю!»

Праект адносна новы, але ўжо карыстаецца заслужанай увагай як з боку гледачоў, так і ўдзельнікаў. Ён дае магчымасць праверыць свае веды ў розных галінах і прадэманстраваць шырокай аўдыторыі сваю эрудыцыю. Па правілах гульні ўдзельнікі – вучні з пятага па адзінаццаты клас з розных устаноў сярэдняй адукацыі Беларусі – спаборнічаюць у сваёй узроставай катэгорыі, адказваючы на пытанні чатырох тураў. Апошні тур – самы складаны, бо супернікамі ў ім выступаюць двое мацнейшых, а пераможцам павінен стаць нехта адзін. Як усё было, гледачы «Беларусь 1» маглі бачыць у тэлеэфіры. А як было па той бок экрана, мы даведаліся ў самога Міколы Завадскага.

Сустрэліся з Міколам у чытальнай зале школьнай бібліятэкі. Нямала часу праводзіць ён тут, сярод энцыклапедычных даведнікаў, разнастайнай пазнаваўчай літаратуры і вучэбных дапаможнікаў. Чытаць, спасцігаць новае яму падабаецца, а вучэбныя прадметы хімія і біялогія найперш у прыярытэце. У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, дзе праходзіў адборачны тур, расказаў юнак, былі прадстаўнікі розных класаў – з пятага па адзінаццаты. Сваім вынікам, а выканаў дакладна ён семдзесят працэнтаў заданняў, Мікола застаўся задаволены. А праз пэўны час быў запрошаны ў сталіцу для ўдзелу ў віктарыне.

На тэлевізійную гульню Мікола Звадскі паехаў у суправаджэнні настаўніцы хіміі Вікторыі Мікалаеўны Сапронавай. З яго асабістых уражанняў – увагу адцягвала светадыёдная падлога, яркае святло якой было нечаканым. Гэты фактар усё ж не стаў перашкодай. На працягу ўсіх чатырох тураў, з якіх складаецца гульня, Мікола трымаўся ў лідарах. На яго думку, пытанні не былі складанымі, але адказы на іх толькі ў школьнай праграме не знойдзеш, ды і ўдзел у алімпіядным руху аказаўся карысным. А калі ў апошнім туры можна было выбіраць раздзел, тэме якога будуць адпавядаць пытанні, юнак выбраў хімію. Сяброўства з гэтай навукай у яго даўняе – як расказаў ён сам, зацікавіўся хіміяй класе ў шостым, у сёмым класе ў школьнай праграме з’явіўся адпаведны вучэбны прадмет, і хоць удзельнічаў ён у алімпіядах па біялогіі, але да хіміі цягнула больш. «Каталізатарам» такой зацікаўленасці стаў першы набор спецыяльнага абсталявання – нехта са знаёмых наводзіў на гарышчы свайго дома парадак, а знаходку падарыў хлопчыку. Так у Міколы з’явілася свая міні-лабараторыя. Будучую прафесію ён таксама марыць звязаць з хіміяй, пакуль не канкрэтызуючы свае планы. Цяпер, калі вучоба патрабуе шмат часу, міні-лабараторыяй больш цікавіцца малодшы брат Міколы. Усяго ў шматдзетнай сям’і Завадскіх выхоўваецца шасцёра дзяцей, у Міколы, старэйшага, дзве сястры і тры браты. Малодшыя ў падрыхтоўцы не перашкаджалі – да вялікай дзіцячай кампаніі ён прывык.

– Тое, якім мяне ўбачылі тэлегледачы на экране, – заслуга маіх бацькоў, – расказаў Мікола. – Яны заўсёды падтрымліваюць мяне, ствараючы дома атмасферу спакою і ўпэўненасці. На мяне ніколі не сварыліся за дрэнныя адзнакі, пройгрышу я не баяўся. Падчас удзелу ў віктарыне было хваляванне, але не было нейкай напружанасці. Я сканцэнтраваўся на адказах, каб яны былі дакладнымі. А пытанні былі літаральна аб усім, хутчэй разлічаныя, на агульнае развіццё, а не на дакладныя веды. Некаторыя пытанні першага тура мне падаліся больш складанымі, чым тыя, што былі ў фінале.

Цяпер Міколу Завадскага, як і іншых фіналістаў «Я знаю!», чакае суперфінал. Жадаем поспеху!

Таццяна ШАРШНЁВА.

Фото автора

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries