Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Міхаіл Фінберг з аркестрам наведаў Вілейку

13 мая для Вілейкі быў адметным днём, бо быў насычаны значнымі духоўна-творчымі праектамі. Па-першае, менавіта таму, што ў гэты дзень вілейскія парафіяне сустракалі фігуру Маці Божай Фацімскай, а па-другое, таму што горад наведаў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга.

DSCF4184

Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву раённай улады, Вілейскага Палаца культуры і Міхаіла Фінберга наш горад стаў месцам правядзення адметнага фестываля, ці,як значылася ў афішах, навукова-творчага праекту. Але аб усім па парадку.

Пачатак фестывальнага дня паклаў канцэрт струннага  аркестра і вакальнага ансамбля заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”, што адбыўся ў Вілейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў рамках навукова-творчага праекту “Музычныя промні духоўнага свету Беларусі”. Гэта мерапрыемства было напоўнена адметнымі творамі класікі і беларускай старадаўняй музыкі. Як напрыканцы 1980-х гадоў, касцёл напаўняўся музыкай, што ў свой час гучала штонядзельна падчас працы там канцэртна-выставачнай залы. Паміж гучаннем чароўных музычных твораў віляйчанам прадстаўлены быў аповед пра кладзезь дыяментаў старадаўняй нацыянальнай музыкі, пра былую веліч таго, што было страчана, але зараз па крупінках адраджаецца. Гэты аповед вяла доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры беларускай музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Дадзіёмава.

DSCF4090

Затым адбылася прэс-канферэнцыя народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга, якая прайшла ў Вілейскім Палацы культуры і была прысвечана Году навукі. Адразу ўзнікае пытанне – прычым тут навука да музыкі? Але на гэтае пытанне адразу адказаў Міхаіл Якаўлевіч, адзначыўшы, што ў музыцы, як і ў навуцы,– усё павінна быць дакладна. Бо, на самой справе, тыя вернутыя да жыцця прыклады старадаўняй беларускай музыкі і ёсць самы яскравы прыклад, калі навуковае даследаванне дае матэрыял для стварэння цудоўнай музычнай праграмы.

DSCF4125

– Мы шмат рыхтаваліся да праекта, які прадстаўляем на суд вілейскай публіцы, якая, дарэчы, ужо па першай праграме паказала сябе вельмі высокадухоўнай і артыстакратычнай у плане ўспрыняцця акадэмічнай музыкі. Нам бы хацелася, каб наша праграма, якую мы прывезлі ў Вілейку, была прыцягальнай і простай, а самае галоўнае – далучыла да нашай музыкі яшчэ больш прыхільнікаў.

Пытанняў падчас прэс-канферэнцыі, напэўна,было падрыхтавана шмат, але Міхаіл Фінберг сваім грунтоўным уступным словам апярэдзіў амаль усе, адказаўшы на большасць з іх.

DSCF4147

– На сёння мы маем сваю адметную публіку, мы выхавалі цэлае пакаленне слухачоў, якія зараз прыходзяць на нашы канцэрты ўжо са сваімі дзецьмі і ўнукамі,– пачаў свой аповед Міхаіл Фінберг. – Мы маем каля 30 адметных фестываляў, якія праводзім ў многіх гарадах Беларусі. У адной толькі Мінскай вобласці мы праводзім 8 фестываляў – Маладзечна, Нясвіж, Заслаўе, Любань, Узда і інш. І вось да гэтага далучылася і Вілейка. Сюды мы прывезлі праграму, якая адлюстроўвае вялізны пласт беларускай старадаўняй музыкі, а таксама эстрадныя канцэрты з песнямі на творы беларускіх класікаў і сучасных паэтаў. Штогод адкрываем мноства беларускіх песен, ствараем адметныя праграмы. Мы дэманструем, якой можа быць масавая элітарная музычная культура.

DSCF4166

“Аркестр жывога гуку” – так называюць гэты заслужаны калектыў, якім кіруе Міхаіл Якаўлевіч Фінберг. І зусім справядліва, бо яго маэстра актыўны праціўнік фанаграмы. Кожны канцэрт – далучэнне да беларускага музычнай спадчыны, у першую чаргу, жыхароў малых гарадоў і мястэчак. Для кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга яго аркестр – сапраўдная сям’я. Напэўна, таму амаль усе адказы на асабістыя пытанні Міхаіл Якаўлевіч перакладае ў рэчышча дзейнасці аркестра.

DSCF4168

Міхаіл Якаўлевіч Фінберг нарадзіўся ў абсалютна немузыкальнай сям’і. У 1947-м годзе бацькі пераехалі ў Мазыр, дзе будучы дырыжор і з’явіўся на свет. У Мінскае музычнае вучылішча Міхаіл Фінберг патрапіць з першага разу не змог. Пасля пятай няўдалай спробы вырашыў паспрабаваць стаць выхаванцам ваеннага аркестра ў Курску. Вучыўся там у музвучылішчы, праз некалькі гадоў перавёўся ў Мінск. У сталіцы Беларусі паступіў у кансерваторыю. Быў круглым выдатнікам, скончыў вну экстэрнам, за чатыры гады. Патрапіўшы на працу ў Мінскі цырк, Міхаіл Фінберг стварыў аркестр, які па майстэрстве стаў лепшым у сістэме цыркаў краіны. Працаваў з Юрыем Нікуліным, Алегам Паповым, Мсціславам Запашным. Цяпер працуе ў Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры Беларусі, лёс з якім звязаны з 1987 года. Тады новы калектыў называўся проста – Канцэртны аркестр Беларусі. У тыя часы ў яго не было ніводнай аўтарскай праграмы на вершы беларускіх паэтаў. Цяпер жа ў гэта нават не верыцца. Праграмы, прысвечаныя класікам беларускай літаратуры – Максіму Багдановічу, Янку Купалу, Якубу Коласу, Аркадзю Куляшову, Уладзіміру Караткевічу, Адаму Міцкевічу… Гэта своеасаблівая анталогія беларускай эстраднай песні: усяго на тэксты беларускіх паэтаў падрыхтавана амаль трыццаць праграм!

Адзначаючы на прэс-канферэнцыі для віляйчан свае асаблівыя праекты, Міхаіл Якаўлевіч прызнаўся:

– Гэта, мабыць, фестывалі беларускай музыкі ў малых гарадах. Мы, скажу без ілжывай сціпласці, піянеры тут: цыклы фэстаў такой скіраванасці да нас ніхто не праводзіў. Ад Нясвіжа да Хойнікаў, ад Чачэрска да Заслаўя… Геаграфія нашых фестываляў беларускай музыкі з кожным годам усё шырэй. Гарадоў-сталіц такіх фестываляў ўжо не адзін дзясятак. Так мы ўліліся ў жыццё розных людзей – ад вясковых да гарадскіх, распавялі ім пра гісторыю беларускай музыкі, пачынаючы з сярэдзіны XVII стагоддзя і заканчваючы нашымі днямі. Фестывалі сталі традыцыйнымі. А калі выязджаем з канцэртам у які-небудзь рэгіён, праводзім там абавязкова навукова-практычныя канферэнцыі пры ўдзеле вядучых музыказнаўцаў Беларусі, навукоўцаў, сустракаемся з гледачамі, як вось сёння тут, у Вілейцы. Дарэчы, мы працуем ужо каля 12 год у некалі забруджанай пасля аварыі на ЧАЭС тэрыторыі – штогод прыязжаем у Хойнікі, Чачэрск.

Нацыянальны канцэртны аркестр – прызнаны і аўтарытэтны гранд-аркестр Еўропы. Калектыў – візітная картка нашай краіны. Прызнаныя заслугі аркестра ў культуры на дзяржаўным узроўні. За высокае выканальніцкае майстэрства, вялікі ўклад у развіццё беларускага мастацтва калектыву ў 1998 годзе прысвоена званне “заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”. А яшчэ праз восем гадоў Указам Прэзідэнта ўпершыню ў краіне аркестр атрымаў ганаровы статус “нацыянальны”. У гэтым калектыве сабраныя ўнікальныя музыканты, якія разам ужо не адзін год: праспяваныя і сыграныя. У складзе аркестра працуюць камерныя калектывы, якія сваімі канцэртамі вяртаюць айчынную музычную спадчыну. У іх рэпертуары – творы беларускіх старадаўніх і сучасных кампазітараў, а таксама сачыненні заходнееўрапейскай і рускай класікі. Камерныя калектывы – гэта Біг-бэнд, струнны аркестр (самы буйны), ансамблі кларнетыстаў, трубачоў (“Інтрада”), флейтыстаў, струнны квартэт, ансамбль салістаў на духавых інструментах і вакальны ансамбль. У калектыў прыходзяць музыканты толькі з вышэйшай прафесійнай адукацыяй – выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У аркестры працуюць прафесары, дактары і кандыдаты, маладыя аспіранты. Многія таленавітыя музыканты і спевакі, дарэчы, родам з правінцыі… Так, віляйчане ганарацца, што і наша зямлячка – Алеся Дзержавец – з’яўляецца салісткай аркестра.

– Гэта наша крэда – працаваць у малых гарадах, – прызнаецца Міхаіл Фінберг. – Глыбінка павінна быць пастаянна ўцягнутая ў культурнае жыццё. На канцэрты ў рэгіёнах прыходзяць зусім розныя людзі. Значыць, у маленькіх гарадах палюбілі акадэмічную музыку. Хоць мы працуем у розных жанрах. Разумееце, няма розніцы – сімфанічная гэта музыка, эстрадная або джазавая. Галоўнае, каб яна была якаснай! Аднак, на жаль, у нас у Беларусі шмат няякаснай і непрафесійнай музыкі. Наш аркестр працуе толькі ўжывую. Менавіта гэта і ёсць ўзровень выканальніцкага прафесіяналізму, а не спевы пад фанаграму… Кажуць, маўляў, якая розніца? Але ж на чале кута павінна быць якасць. А пры такім падыходзе мы не навучымся рабіць творчыя музычныя праекты. Беларусі не хапае цікавых, канцэптуальна «закручаных», нацыянальных праграм. Тады і рэпертуар у нашых выканаўцаў будзе ярчэй, тады і кампазітары і паэты прыйдуць самі.

Галоўныя словы, якія адрасаваў вілейскай публіцы Міхаіл Якаўлевіч Фінберг, былі пра будучыя канцэрты ў Вілейцы:

– Калі гэтага будзе жадаць вілейская публіка – мы прывязём сюды яшчэ не адну праграмму. Бо галоўнае, дзеля чаго мы працуем, – толькі выключна для нашых слухачоў. А апладысменты гледачоў – лепшае прызнанне.

Падчас канферэнцыі сваімі ўражаннямі пра Вілейку і віляйчан падзяліліся і іншыя навукоўцы, размова з якімі адбылася падчас прэс-канферэнцыі. Пра пласт этнічнай музыкі гаварыла Лілія Баранкевіч, выкладчык кафедры беларускай музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. А аб значнасці традыцый праваслаўных спеваў распавяла Ларыса Густава-Рунцо, доктар мастацтвазнаўства, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Завяршыўся фестывальны дзень эстраднымі канцэртамі “Спяваем, танчым, граем у Вілейцы”, “Вам, шаноўныя ветэраны!”, выступленнем Біг-Бэнда заслужанага калектыву “Акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” і выступленнем салістаў аркестра, лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў: заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Наталлі Тамэлы, Таццяны Глазуновай, Галiны Грамовіч, Валерыя Грыбусава, Алесі Дзержавец, Дзмітрыя Качароўскага, Руслана Мусвідаса, Аляксандра Салаўёва, Яўгена Цымбаліста і Ягора Шаранкова.

Найлепшай узнагародай артыстам сталі дружныя апладысменты ўдзячных гледачоў.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара і Аляксея Камінскага

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 133 queries