Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Медсястра, дэпутатка, спартсменка

Словы матэрыяла адносяцца да неардынарнага чалавека з Ільяншчыны – Тамары Іванаўны Пракаповіч. Зараз яна пенсіянерка, але ўсё яшчэ запатрабавана на ранейшым рабочым месцы. Валодае разнастайнай інфармацыяй аб развіцці медыцынскага абслугоўвання ў рэгіёне на працягу амаль сарака гадоў. Некаторыя дэталі гэтага працэсу на прыкладзе Ільянскай медуставновы паспрабаваў высветліць у гутарцы з ёю наш пазаштатны карэспандэнт Мікола Кутас.

– Ведаю, што Ілья стала для Вас і месцам пастаяннага пражывання, і месцам працы. Не хацелася штосьці змяніць?
– Я тут з 1974 года. Якраз скончыла Слонімскае медыцынскае вучылішча. Мне было 19 гадоў, хацелася вучыцца далей. У інстытут не прайшла па конкурсу, трэба было адпрацаваць тры гады. Пабываўшы ў абласным і раённым здраўаддзелах урэшце атрымала накіраванне ў Ільянскую бальніцу. Трэба сказаць, што гэта была салідная медустанова. Унушальны і пералік таго, што функцыянавала ў той час. Агульнае аддзяленне бальніцы сумяшчала тэрапеўтычнае, хіругічнае і гінекалагічнае. Было дзіцячае асобнае аддзяленне на 25 ложка-месцаў, інфекцыйнае – на 15, радзільнае аддзяленне займала асобнае памяшканне. Працавала дзіцячая кансультацыя, кабінеты рэнтгеналагічны і зубапратэзны. Асобны корпус займала паліклініка. Так што трапіла я не ў нейкую глухамань, а на працу, аб якой марыла.
– Вы маеце вялікі прафесійны досвед. Ільянская другая раённая бальніца абслугоўвала сельскіх жыхароў паўсотні вёсак. Ці можна сказаць, што пацыенты былі задаволены і Вашай працай асабіста, і ў цэлым калектывам установы?
– Безумоўна, нашу бальніцу нельга параўноўваць, скажам, з сучаснымі медыцынскімі цэнтрамі. Але некаторыя паслугі мы аказвалі і пры тым на належным узроўні. Нашы хірургі Карповіч Г. В., Мікуліч С. Р., напрыклад, паспяхова выконвалі аперацыі пры язвах страўніка, пры апендыцыце, пры розных кішэчных захворваннях. У людзей часта здараліся траўмы і дапамога з боку хірургаў заўсёды была своечасовай. На жаль, названых мной спецыялістаў ужо няма з намі. Тое, што ў апошні шлях праводзіла іх уся наша Ілья – сведчанне вялікай павагі да гэтых людзей. З цеплынёй узгадваем мы былых сваіх калег рэнтгенолага – Ката М. М., зубнога доктара Філіповіча А. В.
– Зараз Вы працуеце старшай медсястрой. Вы былі акушэркай, медсястрой у зубным кабінеце. Дзе у найбольшай ступені Вы змаглі самарэалізавацца як спецыяліст?
– У радзільным аддзяленні я працавала 7 гадоў, сястрой стаматалагічнага кабінета – 20 гадоў. Усюды я імкнулася адказна ставіцца да сваіх абавязкаў. Помню, заўсёды з задавальненнем успрымала парады больш вопытных сваіх калег Чарняўскай І. І., Дзевяцень Н. А., Русаковіч Н. А., Шчурэвіч А. М., Філіповіч Д. М. Часта затрымлівалася на рабоце, калі здараўся нейкі неардынарны выпадак, перажывала. Думаю, што мне ўсё ж удалося атрымаць дастатковы вопыт, каб зараз на пасадзе старшай медсястры даваць парады іншым. А цяпер у маіх абавязках якраз дапамагаць практыкавацца маладым спецыялістам-медсёстрам. Сёння ў нас 16 медсясцёр. У сувязі са скарачэннем сельскага насельніцтва – звузіліся і меддапамогі, якія аказваюцца ў Ільі. Зараз у нас толькі два спецыялісты агульнай практыкі – урачы Панятоўскі Ю. Л. і Кулік С. А. Засталося толькі тэрапеўтычнае аддзяленне на 20 ложкаў і тры гады назад адкрылі аддзяленне паліатыўнай медыцынскай дапамогі (хоспіс) на 25 ложкаў. У штаце – 17 санітарак, 2 повары, працуе брыгада хуткай неадкладнай дапамогі. На тэрыторыі нашага ўчастка функцыяніруюць чатыры ФАПы.
– Ваша інфармацыя, думаю, зацікавіць мясцовых краязнаўцаў. Давайце для будучых даследчыкаў пакінем адказ і на такое пытанне: як харчаваліся пацыенты сельскай бальніцы на пачатку нашага стагоддзя?
– Можаце пацікавіцца перспектыўным сямідзённым меню Ільянскай участковай бальніцы на асенне-зімовы перыяд з 1.10.2013 да 31.02.2014 года. Тут і макароны адварныя, кашы розныя. На абед – боршч з капустай або малочны суп з грэчкі, на другое – біткі з птушкі. На вячэру – рыба, тварог. Розныя салаты, кісялі, кампоты, на ноч – кефір. І ўсё харчаванне збалансавана па хімічным складзе і каларыйнасці. Улічваюцца такія паказчыкі, як бялкі, тлушчы, вугляводы. У грашовым выражэнні норма, прыкладна,дваццаць тысяч рублёў на чалавека, дзецям і інвалідам – крыху большая сума. Мне думаецца, Ільянская бальніца карысталася ў насельніцтва добрай рэпутацыяй як раней так і зараз. Наш кіраўнік Панятоўскі Юрый Лявонавіч прызнаны адным з лепшых урачоў агульнай практыкі ў маштабах краіны. Гэта робіць гонар не толькі яму, але і ўсяму калектыву бальніцы.
Жыхары Ільянскага сельскага Савета неаднаразова выбіралі Пракаповіч Т. І. дэпутатам. Ведаюць яе і як выдатную спартсменку, якая часта выступае за свой калектыў на розных спаборніцтвах. Актыўная жыццёвая пазіцыя, душэўнае стаўленне да людзей робяць Тамару Іванаўну абаяльнай і запатрабаванай працаўніцай. Высокая, стройная, заўсёды прыгожа апранутая, з паходкай, якая сведчыць, што чалавек спяшаецца – такой жыхары Ільі бачаць яе штодня. Дай Бог так і далей, бо рупіцца яна дапамагаць людзям.
Мікола КУТАС.
Фота прадастаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 186 queries