Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Маёнтак Лукавец. Гэта адзін з самых прыгожых маёнткаў Вілейшчыны, які мае цудоўны парк, шмат гаспадарчых панскіх пабудоў, адметную архітэктуру і цудоўна захаваўшыяся падвальныя скляпенні самой сядзібы

Сядзіба Лукавец пачынае ўзгадвацца ў архіўных дакументах з канца ХVІІ стагоддзя, калі ёй стаў валодаць род Шумскіх. Сам маёнтак пачынае сваё фарміраванне прыблізна ў 20-я гады ХІХ стагоддзя, у формах класіцызму, пры Брыгіце Шумскай. Яе ініцыялы былі нанесены на ўмураваныя валуны некаторых будынкаў гаспадарчага двара сядзібы, што часткова захаваліся і да нашых дзён. Трэба адзначыць, што і сёння былая шляхецкая сядзіба добра праглядаецца ў сваіх межах, нават калі праязджаеш па дарозе Мінск-Мядзель, то выразна, за сучасным калгасным мехдваром, бачыш старажытны парк, рэшткі каменных будынкаў і вежу-каплічку. Гэта адзін з самых прыгожых маёнткаў Вілейшчыны, які мае цудоўны парк, шмат гаспадарчых панскіх пабудоў, адметную архітэктуру і цудоўна захаваўшыяся падвальныя скляпенні самой сядзібы. На жаль, з кожным годам унікальныя пабудовы разбураюцца больш і больш – час не шкадуе іх. Не можа былы панскі двор знайсці свайго новага гаспадара, які б змог аднавіць хоць частку той былой велічы, што некалі было ўпрыгожваннем ўсяго наваколля.

Сядзібны дом маёнтка Лукавец з тыльнага боку. 1910 г.

З гаспадарчым дваром, садамі і паркам сядзіба займала тэрыторыю плошчай каля 18 га (450×400 м). Аснову яе плана складалі дзве доўгія алеі, якія злучаліся бакавымі, падзяляючы сядзібу на прамавугольныя баскеты (групу дрэў або невялікі гаёк).
Парку ў сядзібе належыць цэнтральнае становішча. Ён размешчаны ў адным з трох баскетаў у атачэнні садоў. Парк маленькі, плошчай каля 2 га. Парадная частка мела ха-рактэрную для паркаў гэтай эпохі сіметрычна-восевую пабудову. Двор меў параўнальна вялікі газон з колам у цэнтры. На адной восі з сядзібным домам размяшчаўся парадны выбрукаваны ўезд у сядзібу, што ішоў з усходняга боку па ліпава-кляновай алеі і які складаўся з праязной брамы і прахадной арачнай брамкі (злева). Слупы яго былі магутныя, складзеныя са склюдаванага каменю, вышынёй 2,7 м, таўшчынёй 1,25 x1,20 м. Алея мае працяг ўздоўж дарогі, але дарога не была галоўнай і ў мінулым мела другаснае падпарадкаванае значэнне (прасёлкавая дарога). Паралельна параднай праходзіла і другая алея, якая аддзяляла паркавую частку ад гаспадарчага двара. У яе фарміраванні выкарыстоўваліся ліпа, дуб і конскі каштан. У ахоўнай пасадцы заходняга саду выкарыстоўваліся канадская таполя і елка.
Сядзібны дом маёнтка Лукавец размяшчаўся ў глыбіні сядзібы. Будынак быў драўляны (16×40 м), аднапавярховы, абкладзены цэглай, з дзвюма верандамі і вялікімі сутарэннямі. З тылавога боку мелася тэраса (3,1 x2,0 м) з балюстрадай. Вось сіметрыі перад будынкам была падкрэслена парай лістоўніц, пасаджаных ў пачатку ХХ стагоддзя (вышыня дрэў зараз больш 21 м). Сядзібны дом разам з двума свіранамі, доўгім службовым флігелем, які выкарыстоўваўся спачатку як кухня, потым як гасцініца (на яго падмурках у 1950-я гады быў пабудаваны будынак дзіцячага садка) і агароджай ўтваралі замкнёны парадны двор, што часткова захаваўся да нашых дзён. Газон атачалі дрэвы (пераважна ліпа) у выглядзе невялікіх груп, падбітых спірэямі, снежнаягаднікам, рабіннікам і адзінкавых дрэў на газоне. Захавалася піхта сібірская (вышыня больш 15,0 м) і група лістоўніцы (4 экз., вышыня 21-23,0 м). Дрэвам сучаснікам сядзібы з’яўляецца экзатычны экземпляр ясеню.

Дрэвы парка падзялялі тэрыторыю маёнтка і адначасова служылі упрыгажваннем, аб’ядноўваючы службовыя і гаспадарчыя памяшканні ў адзіны ансамбль. З задняга боку дома, які атачалі фармаваныя пасадкі елкі, пры гэтым не зачыняючы від на гаспадарчы двор. Тут размяшчаўся кветнік, а летам на тэрасу дома выносілі і пакаёвыя расліны. З усходняга боку да параднага двара прымыкаў парк. Ён займаў яраподобнае паніжэнне і быў апрацаваны ў выглядзе двух узроўняў. Пасярэдзіне парку праходзіла вузкая алея, якая злучала яго з газонам.
У 1905 годзе ў Лукаўцы здарыўся вялікі пажар, які нанёс сядзібе сур’ёзныя страты. На той час маёнткам Лукавец ужо валодалі Бароўскія, якія і заняліся аднаўленнем сядзібы. Было прынята рашэнне аб замене драўляных будынкаў і агароджы на каменныя, пры гэтым агульная планіроўка сядзібы была цалкам захаваная.

Батурынскі касцёл. 1920-я гады

Сіметрычна парку, на адной восі размясціліся два свіраны, будынкі якіх ідэнтычныя адзін аднаму. Свіран 1820 года пабудовы ў плане быў прамавугольны (10×20 м), з выразнай сіметрычнай планіроўкай на дзве паловы і двума ўваходамі. Складзены з бутавага каменю і цэглы. Цэгла атынкаваная і выкарыстаная ў завяршэнні сценаў, выкладцы кутоў і лапатак, што выступалі, а таксама ў тарцовых гранях. У папярочных фасадах былі маленькія паўцыркульныя вокны. Такія ж два акны ў тыльным фасадзе. Маляўніча ў выглядзе напаўадчыненай галерэі вырашаны галоўны фасад, павернуты да партэра. У мінулым будынак меў прызначэнне хатняй каплічкі. Тут па вечарах пасля працы адзначалася «маевая» – набажэнства у гонар Маці Божай.
Каля грэбеню тэрасы на адной восі з першым стаяў цалкам такі ж свіран з бутавага каменю на высокім цокалі. У бакавым фасадзе злева ад паўцыркульнага вакна тут быў ўмураваны склюдаваны камень з надпісам «Муравала 1820 г. B. S.». Сутарэнне цокаля падзелена на 3 камеры папярочнымі сценкамі з бута і цэглы. Яно выкарыстоўвалася ў якасці лядоўні. Сцены свірана ўнутры цалкам выкладзеныя з бутавага каменю. У тыльнай сцяне два невялікія паўцыркульныя вакны, на месцы трэцяга вакна – глухая ніша такой жа формы; паміж імі – нізкія лучковыя нішы. Фасадная галерэя стаіць на скляпеністым падклецці. Уваходныя праёмы фланкаваныя глыбокімі паўцыркульнымі нішамі. Бакавыя франтоны былі ў выглядзе дашчаных шчытоў, дах пакрываўся гонтам.

Свіран гаспадарчага двара Лукавец. 1930-я г.

Меўся ў сядзібе і вялікі бровар (спіртзавод), пабудаваны з цэглы і бутавага каменю. Ён прынсіў значны даход гаспадарам маёнтка. Побач з ім меўся склад гатовай прадукцыі. Бровар быў часткова разбураны і перабудаваны пасля 1939 года. Фрагментарна захавалася сцяна, што атачала двор сядзібы. Яе сцены складзены са склюдаванага камення з цэментавай абвязкай зверху, вышыня 1 м і больш у залежнасці ад рэльефу. Паўднёвая (уязная) сцяна мае вышыню больш за 2 м на пашыраным падмурку. Сцяна пабудавана на месцы старой, пачатку XIX ст., з брусоў, закладзеных паміж цаглянымі слупамі, пасля пажару 1905 года. У куце на сценах збудаваная круглая вежа-каплічка з нішай. У яе нішы была ўсталявана невялікая фігурка Маці Божай Маёвай. А ў 2000-х гадах кутняя каплічка адрамантавана і зараз у яе нішы месціцца фігурка Маці Божай з Дзіцяткам. Усходняя частка агароджы сядзібы пераходзіць у будынак канюшні выязных коней (42×21 м), узведзеная з бутавага каменю. Прастора паміж валунамі тут запоўнена не шчэбенем у растворы, а тонкімі (плоскімі), напластаванымі адна на адну, пліткамі. Пасля вайны былі часткова разбураны дзве сцяны стайні выязных коней. Пазней гэтыя сцены былі часткова адноўлены (з цэглы і дрэва).

У салоне маёнтка Лукавец. 1910-я гг.

Аборы (кароўнікі) сядзібы складаліся з двух будынкаў і ўнутранага выгану, брукаванага палявым каменнем. Комплекс быў абнесены каменнай сцяной з выязнымі варотамі (агульная плошча 80×40 м). Сцены будынка (40×12 м) складаліся з добра склюдаваных буйных камянёў, прамежкавыя слупы – з цэглы. Кладка вельмі акуратная, з чорным шчэбнем ў вапнавай тынкоўцы. Ва ўсходнім фасадзе злева ад уваходу ўмураваны круглы камень з надпісам «Muzouaea u Ru. 1836 B.S.». У такой жа тэхніцы быў ўзведзены і другі будынак, што замыкаў двор з захаду. Да нашых дзён захаваліся часткова.
Напрыканцы XVIII стагоддзя шляхцічы Лукавец-Шумскія пабудавалі побач са сваім маёнткам (зараз вёска Батурына) уніяцкую царкву, якая была прыпісана да хаценчыцкай царквы. Калі ж тая ў 1796 годзе перайшла ў рымска-каталіцкае вераспавяданне, гэтак жа зрабілі і батурынскія прыхажане. Храм быў асвечаны ў імя Святога Мікалая і стаў філіяльным касцёлам пры парафіі ў Гайне. У 1850 годзе філія была адпісана да радашковіцкай парафіі, а з 1863 года пры касцёле ўжо пастаянна знаходзіўся ксёндз. Мікалаеўскі касцёл быў драўляным, на бутавым падмурку. У XIX стагоддзі батурынскі прыход налічваў да 1000 прыхажан. Часам у гістарычных дакументах касцёл у Батурына узгадваецца як Лукавецкі. Да філіі ў Батурына прыпісваліся 2 капліцы – у самім Лукаўцы і ў больш аддаленай вёсцы Карпавічы. Пасля падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-64 гг. батурынскі касцёл быў зачынены. На хвалі рэпрэсій, у 1864 годзе будынак храма быў перададзены праваслаўнаму духавенству і ў 1866 годзе пераасвечаны як царква ў гонар Апосталаў Пятра і Паўла. У 1919 годзе будынак быў вернуты католікам і ў 1920-м зноў асвечаны як філіяльны касцёл, але зараз ужо ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі пры Іллянскай парафіі. Дзейнічаў да Другой сусветнай вайны, калі была спалена ўся вёска, у тым ліку і касцёл. Сёння на гэтым месцы – злева пры ўездзе ў вёску ад буйной шашы, заўважныя толькі некалькі камянёў ад касцёльнага падмурка. Летам 1999 года насупраць былога касцёла ўсталяваны драўляны крыж.

Лукавецкія жанчыны на фоне каплічкі былога маёнтка. 1950-я гг.

Па ўспамінах нашчадкаў Бароўскіх маёнтак Лукавец заўжды належаў выключна лініі роду. І хаця першай вядомай ўладальніцай Лукаўца была Брыгіта Шумская, яна таксама мела непасрэдныя адносіны да Бароўскіх. Пасля смерці пані Шумскай у 1853 годзе маёнтак Лукавец перайшоў да прамога яе спадчынніка Аляксандра Бароўскага. Усяго ў Аляксандра Бароўскага і яго жонкі Вікторыі Свіда было 5 дзяцей: Ян (валодаў маёнткам Лукавец, памёр ў 1939 годзе) жанаты на Ганне Фалькоўска; Ігнацій (валодаў маёнткам Чарвякі і Вяпраты), першая жонка Мадэста Станкевіч, другая – Марыя Янішэўска; Леон (валодаў маёнткам Шчокаўшчына або Дворак) жанаты на Марыі Сіпала; Конрад (валодаў маёнткам Гелянова) жанаты на Марыі Фалькоўска; Сафія (маёнтак Юнцавічы) выйшла замуж за свайго дваюраднага брата Казіміра з Юнцавіч.

У салоне Лукавецкага маёнтка.

Унутраннае ўбранства сядзібы вызначалася вытанчанасцю інтэр’ераў і аздаблення салона, гасцёўні, маленькага салоніка, сталовага пакоя і рабочага кабінета. У абстаноўцы пакояў пераважала мэбля ў стылі класікі і ў эклектычных формах, сцены пакояў упрыгожвалі габеленавыя шпалеры, на падлозе меўся багаты дубовы паркет. У вялікім салоне размяшчаліся шкафы-вітрыны з фаянсавым посудам, паабапал сцен віселі карціны і партрэты, крышталёвыя бра. Гасцёўню і салон упрыгожвалі вытанчаныя жырандолі. Меліся ў сядзібе і сямейныя каштоўнасці: сталовае фамільнае срэбра, прадметы інтэр’ера, шыкоўная мэбля і многае іншае. Кожны пакой сядзібы быў аздоблены прыгожай кафлянай грубкай, меліся ў маёнтку і каміны. Вялікі і малы салоны упрыгожвалі абкладзеныя шыкоўнай белай кафляй грубкі з гатычнымі карнізамі і аздабленнем, якое было кантрасна па колеры.


Сёння ў сядзібе мала што засталося ад мінулага хараства. Каштоўнасцю маёнтка Лукавец у нашыя дні з’яўляюцца два каменныя свіраны – помнікі гаспадарчай архітэктуры першай чвэрці XIX ст. Пры пад’ездзе да сядзібы сёння нас сустракае брукованая дарога, якая выдатна захавалася. Адразу з дарогі бачна і частка агароджы, зарослая кустоўем. На рагу агароджы захавалася і вежка-каплічка. Сядзібны дом згарэў яшчэ ў 1942 годзе і сёння пра яго месцазнаходжанне можна меркаваць толькі па захаваўшымся каменным падвале і невялікай частцы ганка. У падвалы ёсць хады ў сярэдзіне даволі чыста і добра праглядаюцца падвальныя памяшканні, мур. Больш-менш захаваліся будынкі свіранаў. У сцяне аднаго з іх знаходзіцца часаны камень з датай будаўніцтва. Захаваўся і будынак стайні, дакладней яго сцены.
Сяргей ГАНЧАР. 

Фота прадстаўлена Katarzyna Otwinowska wnuczka Kazimierza i Zofii Borowskich

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 31 queries