Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мая Перамога. Жывём, каб помніць. Помніць, каб жыць

75 год мы жывём пад мірным небам. Немалы час прайшоў, але нішто не можа сцерці з памяці тое, што зрабіла вайна з людзьмі майго пакалення.

Слова «Перамога» мае некалькі значэнняў, і ўсе яны мелі месца ў маім жыцці, але самае важнае, запамінальнае на ўсё жыццё, прагучала для мяне 9 мая 1945 года.

Адразу пасля вызвалення з канцлагера «Пяты полк» нам дала прытулак вёска Увалокі на Віцебшчыне. У маці трое хворых дзяцей. Як і дзе жыць? Як кажуць, «ні кала, ні двара». Стараста вёскі прымае рашэнне: жыць у кожнай хаце па два дні. Так і хадзілі мы па ўсёй вёсцы. А жыхары самі нічога не мелі, але дзяліліся апошнім. Ад людзей маці даведалася, што непадалёку ёсць вёска Караліна, яе немцы не спалілі. І мы перабраліся туды. Прытуліў нас дзядзька Васіль, інвалід. У яго была свая вялікая сям’я, але і нам месца хапіла. У гэтай вёсцы мы і сустрэлі Перамогу.

Адразу пасля вызвалення Беларусі пачалі працаваць школы. Я пайшла ў першы клас. Школу адкрылі ў прыватнай хаце. Дзіўныя вучні селі за парты. Некаторым перашкодзіла вайна своечасова пачаць навучанне, і цяпер яны вучыліся з васьмігадовымі. Многія ўжо атрымалі калецтва – падарваліся на міне, дапамагалі партызанам, набылі вопыт у барацьбе з ворагам.
Гэты дзень ніколі не забуду. Ішоў урок чытання. На ўвесь клас было толькі два буквары, таму чыталі па чарзе. І раптам сярод цішыні: «Перамога!» Мы ведалі, што гэта хутка здзейсніцца. Але нейкая незвычайная радасць узарвала клас. Урокаў больш не было. З крыкамі «Перамога!», «Ура!» пабеглі дадому.

Што рабілася ў вёсцы?! Моладзь наладзіла вечарынку, у кожнай хаце было свята. Але гэта радасць не была без слёз, бо шмат хто ўжо атрымаў пахаронку. Ды нямала загінула ў вёсцы жыхароў у час нямецкага парадку. Мая маці таксама плакала, яна трымала ў руках адзінае пісьмо з фронту ад бацькі. Гэтыя слёзы былі і ад гора, і ад радасці. Выжылі, вытрымалі, больш не страляюць, не знішчаюць. А жывым – жывое. Трэба жыць. І маці прымае рашэнне – трэба дабірацца на радзіму. А як? Я не помню, колькі дзён яе не было, але яна даехала да Невеля, а адтуль у родную вёску. Ды тут радавацца не было чаму, бо хату нашу і ўсю гаспадарку знішчылі немцы. Прывезла толькі даведку як пацвярджэнне гэтага дзікунства.

Бацька з вайны не вярнуўся, загінуў на фронце. Выхад быў адзіны: трэба дабірацца на Полаччыну. Там жыў брат маці, дзядзька Сямён, і сястра Анюта. Усё ж родныя людзі, разам лягчэй. Так і засталіся мы жыць у вёсцы Рудня ў цёткі Анюты. Гэта вельмі прыгожы край. На беразе ракі Ушачы раскінуліся сялянскія хаціны. Быў вельмі цяжкі час пасляваеннага жыцця. Не вярнуліся з вайны мужчыны. Час аднаўлення гаспадаркі, разбуранай вайной, лёг на плечы жынчын-удоў. Хапала і нам, дзецям, цяжкасцей. Браліся за любую працу, бязбацькавічы ўмелі ўсё. Летам працавалі ў калгасе. Трэба было дапамагаць маці вырабляць мінімум працадзён, на якія калгас нічога не мог даць. За загінулага на фронце бацьку маці атрымлівала мізэрную пенсію. А грошы патрэбны былі: трэба было ратаваць сястру Любу, яна захварэла на сухоты. У хуткім часе і я захварэла малярыяй. Хварэў брат Вася. Хваробы нібы навечна пасяліліся ў нашай сям’і. Вайна адабрала здароўе. Ратаваліся, як маглі. Вясной, нібы буслы, хадзілі на полі ў пошуках леташняй бульбы. З яе, падгнілай, маці пякла сачні, аздабляючы іх крапівай. Улетку збіралі грыбы, ягады, прадавалі іх, каб за гэтыя грошы купіць падручнікі для школы.

Я скончыла сямігодку і паступіла ў Полацкае педвучылішча імя Ф. Скарыны. Хіба ж гэта не перамога?

Вучоба ў Полацку запамінальная. Яна пакінула цудоўныя ўспаміны. Нялёгка было пражыць на мізэрную стыпендыю, але маладосць давала сілы і надзею. У 1955 годзе я скончыла педвучылішча і атрымала накіраванне на Вілейшчыну. Свой працоўны шлях пачала ў Журыхскай пачатковай школе.

І вось ужо 65 гадоў жыву і працую тут. Вілейка – мая другая радзіма. Тут мая сям’я, тут нарадзіліся і выраслі мае дзеці, тут магіла майго мужа.

Тут жывуць мае сябры, калегі, з якімі я працавала ў школах горада. Я помню сотні сваіх вучняў, а яны памятаюць мяне. Прайшоўшы праз усе цяжкасці, я не згубілася на дарогах жыцця, ганаруся гэтым і адчуваю сябе пераможцай. Але ўсе мае перамогі здзейсніліся дзякуючы самай вялікай Перамозе 1945 года. Сёння, сустракаючы 75-гадовы юбілей Перамогі ў Вялікай Айчынай вайне, я гавару словы ўдзячнасці тым, хто набліжаў гэту залатую дату, нізка схіляю галаву перад абеліскамі і помнікамі тым, хто аддаў сваё жыццё за сённяшні дзень.

Антаніна ГАРЧАКОВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 147 queries