На пытанне, вынесенае ў загаловак, у Валянціны і Уладзіміра Саковічаў, гаворка пра якіх пойдзе ніжэй, адказ адназначны: нялёгка, бо шмат даводзіцца працаваць. Урэшце, удакладняюць мае суразмоўцы, як і ў любой іншай справе, калі імкнешся дасягнуць поспеху.
Бываючы на міні-рынку па вуліцы Партызанскай, пакупнікі падыходзяць і да сталоў, дзе размяшчаюцца прадаўцы малочнай прадукцыі. Многія, дарэчы, прыходзяць на рынак менавіта за ёй, даўно ацаніўшы якасць малака, масла, сыроў ды тварагу, якія тут прапаноўваюцца. Адкуль «прыязджае» гэта смачная і карысная прадукцыя? У пошуку адказу на гэта пытанне я наўмысна наведалася на «пятачок» (так іншы раз называюць віляйчане міні-рынак) і пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, пра якіх хочацца расказаць.
Прызнацца, прыгожую жанчыну, якая прадае тут малочную прадукцыю, заўважыла даўно. Набывала і яе тварог ды масла, якія спадабаліся. А пазнаёміліся толькі цяпер.
Валянціна і Уладзімір Саковічы жывуць у Балашах, на даны час трымаюць чатырох кароў. Апошнюю, дарэчы, набылі ў мінулым годзе, скарыстаўшыся аднаразавай незваротнай грашовай дапамогай – субсідыяй, якая прадастаўляецца тым, хто зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага, калі чалавек на працягу месяца не змог працаўладкавацца. Гараджанам яна прадастаўляецца ў памеры 11-разовай велічыні бюджэтнага пражытачнага мінімуму, вяскоўцам – у 15-разовым (нагадаю, што са жніўня бягучага года бюджэт пражытачнага мінімуму складае 256 рублёў 10 капеек). Уладзімір Аляксандравіч быў у такой якасці, таму пасля выканання належных патрабаванняў атрымаў гэту дапамогу, за якую Саковічы і набылі чарговую, чацвёртую па ліку, карову і кармы для яе. Мая, Малышка, Ластаўка, Марта – такія прыгожыя мянушкі далі Саковічы сваім кароўкам. Называючы рагулек, гаспадары па магчымасці ўлічваюць месяцы, калі кароўкі з’яўляліся ў іх гаспадарцы. Цяпер, напрыклад, на падворку ёсць цялушка Пабеда, якая ўбачыла свет якраз у Дзень Перамогі. Цялятак, што прыводзяць іх рагулі, гаспадары здаюць мясцовай гаспадарцы, атрымліваючы за гэта збожжа.
– А ўвогуле малочны бізнес у нас ужо з 2013 года, – расказала Валянціна Аркадзьеўна. – І пачынала я яго таму, што трэба было недзе працаваць…
У свой час яны – Валянціна і Уладзімір – былі спецыялістамі ў мясцовай гаспадарцы. Так атрымалася, што ў пэўны час жанчына засталася без працы.
Канешне, той перыяд быў няпросты для іх сям’і, аднак менавіта тады Валянціна і прыняла рашэнне быць, як кажуць, сама сабе наймальнікам і працаваць з малочнай прадукцыяй. Паступова стала сапраўдным майстрам па вырабу тварагу, сыроў, і гэта ацанілі людзі. Так і пачалі малочны бізнес, да якога праз пэўны час далучыўся і Уладзімір, а ўжо пазней пачалі дапамагаць і дачка з зяцем, якія пакінулі горад і таксама пераехалі ў Балашы. Праўда, маладыя дапамагаюць толькі ў вольны час, бо занятыя на рабоце, а ўсе асноўныя клопаты на плячах гаспадароў.
– Вось так і атрымалася ў жыцці, што нам давялося пабыць і спецыялістамі ў мясцовай гаспадарцы, і прыватнымі прадпрымальнікамі, і зараз вось маем асабістую падсобную гаспадарку, якая дае нам і працу, і даход, – расказала Валянціна Аркадзьеўна. – Канешне ж, быць самім сабе наймальнікамі і цяжка, і адказна. Але ж, прызнаюся шчыра, шкадуем, што не пачалі свой бізнес і раней.
Адкрыць сваю справу – гэта значыць атрымаць пэўную самастойнасць, стаць сапраўдным гаспадаром, які сам прымае рашэнні, плануе, рызыкуе. Усё гэта і, канешне ж, ненармаваная асабістая праца прыносяць і маральнае задавальненне, і сямейны дабрабыт, чаго не хаваюць мае суразмоўцы, падкрэсліваючы, што асноўны акцэнт у гэтым сцвярджэнні на слове «праца». Яе ў маіх суразмоўцаў хапае, бо ў гаспадарцы не толькі каровы, але і свінні, куры, якія таксама патрабуюць клопату. Ды без працы, упэўнены Саковічы, ніколі і ні ў чым не будзе поспеху.
– Хацелася б, – выказаў адно пажаданне Уладзімір Саковіч, – каб тут, на міні-рынку, у нас было сваё пэўнае месца, а то зараз размяшчаемся дзе свабодна – месцы тут выкупленыя, хоць прылаўкі, як бачыце, найчасцей пустуюць. А было б сваё, дык мы ведалі б, што ніхто яго не зойме, яно – наша.
Падчас сустрэчы з Саковічамі пазнаёмілася і яшчэ з адным іх калегам – Віталем. Малады чалавек расказаў пра сямейны бізнес сваёй сям’і, якая жыве ў Прынце. Яны маюць аж дзевяць кароў, козаў, авечак. З усім гэтым і не толькі сямейны калектыў спраўляецца, працуюць зладжана і самааддана.
– Ведаеце, я напачатку спрабаваў стаць гараджанінам, пэўны час жыў у сталіцы, – расказаў Віталь. – А затым прадаў там кватэру ды пераехаў сюды. І ніколечкі не шкадую. Зараз, бываючы ў Мінску па справах, адчуваю, што гарадская мітусня мяне стамляе, спяшаюся хутчэй дамоў. Тут адпачываеш душой. А праца… Яе хапае, ды яна, хоць і нялёгкая, не стамляе, а прыносіць задавальненне, радуе, бо гэта ж наша, сямейнае…
Яшчэ нашымі далёкімі продкамі заўважана, што кароўка-карміцелька на сялянскім падворку – справа выгадная. Так, трымаць яе нялёгка, клопатна, аднак усё гэта акупліваецца. Асабістая падсобная гаспадарка дапамагала жыць селяніну ва ўсе часы. Не выключэнне і сённяшні, калі на тых сельскіх вуліцах, дзе калісьці падымалі пыл статкі кароў, цяпер бачыш яго хіба што за машынамі… Ды засталіся, дзякуй богу, яшчэ тыя людзі, хто нястомна шчыруе на сваім падворку са шматлікай жыўнасцю і пастаўляе на стол гараджанам смачную і карысную прадукцыю.
Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара