Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Малітоўнае слова – на вуліцах Вілейкі

У мінулую нядзелю віляйчане сталі сведкамі уражальнага відовішча-працэсіі вернікаў-католікаў па вуліцах горада. Упрыгожаны харугвамі і кветкамі людскі паток з малітоўнымі спевамі выліўся з будынку касцёла Узвышэння Святога Крыжа і рушыў да алтароў, дзе мелася адбыцца адна з галоўных рытуальных дзей урачыстасці-выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ён-сведчанне прысутнасці уваскрослага Пана Езусу менавіта там, дзе яго чакаюць, расчыняючы насустрач яму свае сэрцы, дзе спадзяюцца на Яго дапамогу і падтрымку. Надзея, кажуць, памірае апошняй. Але, нібы параненая птушка, яна зноўку распраўляе крылы ў душы, паяднанай з Богам.

Напрыканцы літургіі, якая папярэднічала працэсіі Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста, ксёндз -дэкан Аляксандр Барыла, зяртаючыся да прысутных , зазначыў, што маючае адбыцца шэсце заклікана стаць дэманстрацыяй нашай веры перад алтаром Пана, сведчаннем хрысціянскай еднасці ў справе захавання духоўных традыцый , падтрымкай усім, хто нясе сёння свой крыж у гэтым напоўненым супярэчнасцямі свеце.

Эўхарыстычная працэсія спынілася перад кожным з трох імпрафізаваных алтароў, выстаўленых на яе шляху. Вернікі дзякавалі Пану Езусу за яго прысутнасць у іх паўсядзённым жыцці, за падтрымку, якую Ён пасылае гораду, яго жыхарам, установам і вытворчасцям, дзе чалавек мае магчымасць здабываць надзённы свой хлеб, благаслаўлены Нябёсамі. Удзельнікі працэсіі прасілі у Сварыцеля збаўлення ад агню і войнаў і ўсялякіх іншых нечаканых катаклізмаў сённяшняга свету. Пераканана і шчыра гучала малітоўнае слова, паўторанае сотнямі галасоў. І засведчыла яно галоўнае: вілейскі касцёл развіваецца як сапраўды жывы арганізм, штогод папаўняючыся новымі прыхільнікамі хрыстовай веры.

Адметнай з’явай працэсіі стала традыцыйнае шэсце дзяцей-падлеткаў, якія напярэдадні ўрачыстасці прынялі першую камунію — тую аплатку, Белую Гостыю, што сімвалізуе таямніцу прысутнасці ў ёй самога Пана Бога. Дзяўчаткі ў белых строях, якія аздабляюць шлях перад выяваю Святога Сакрамэнту кветкавымі пялёсткамі- адзін з найбольш уражальных атрыбутаў працэсіі, захаваны з гадамі і ўзноўлены да далейшага жыцця як сведчанне нашай духоўнай еднасці з традыцыямі каталіцкага касцёла.

Напрыканцы шэсця, ля парога храма, ксёндз Аляксандр Барыла выказаў падзяку ўсім яго ўдзельнікам за яскравае сведчанне любові да Езуса Хрыста і веры ў яго рэальную прысутнасць сярод нас. Прагучала ўдзячнасць святара ў адрас раённых улад, якія забяспечылі магчымасць правядзення свята ў падобным фармаце, і ўсім іншым службам горада, якія паклапаціліся, каб працэсія прайшла годна і бяспечна.

—  Яшчэ адна ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста ўвайшла ў гісторыю вілейскага касйёла, — завяршыў свой зварот да прысутных святар.

Марыя Кузаўкіна/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 148 queries