Працягваючы серыю артыкулаў «Вілейшчына шляхецкая», звернемся да тых маёнткаў, пра якія вядома вельмі мала ці, да нядаўняга часу, было невядома зусім. Пра многія з іх ёсць толькі згадкі ў архіўных дакументах, аповеды старажылаў ці проста захаваны цудам фотаздымак, які пазначаны нашай мясцовасцю. Спадзяюся, што разам з чытачамі мы больш даведаемся пра тыя шляхецкія сядзібы, якія існавалі на нашай тэрыторыі. Запрашаем да актыўнага абмеркавання і дапаўнення.
Пра гэты маёнтак знойдзены нешматлікія згадкі ў архівах, па чым можна было меркаваць, што гэтыя землі да 1939 года належалі аднаму з самых буйных шляхецкіх родаў нашага раёна – роду Багдановічаў. Тое, што там мог быць велічны палац, аніякіх згадак не было. І вось, на адкрыцці выставы ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы вілейскія краязнаўцы заўважылі ўнікальны фотаздымак маёнтка Арпа, на якім быў адлюстраваны велічны тынкаваны палац. «Гэтага быць не можа», – падумалі многія, але з таго часу пачаліся пошукі. Палац-прывід за апошнія пяць год адкрыў не надта шмат сваіх сакрэтаў, але пэўныя моманты ўсё ж высветліліся. Пачнём па-парадку – з гісторыі самаго паселішча і яго ўладальнікаў.
Вёска Арпа зараз знаходзіцца ў межах Людвіноўскага сельсавета. Яе назва, калі меркаваць па навуковых крыніцах, паходзіць ад фінскага слова «orpa», што азначае – сірата. Магчыма, гэта адгалоскі тых далёкіх часоў, калі на нашай тэрыторыі былі распаўсюджаны фіна-угорскія плямёны. Гэта адна з самых старажытных супольнасцяў, якія пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Многія навукоўцы адзначаюць, што многія гідронімы Беларусі маюць аналагі на тэрыторыях, дзе жывуць або жылі ў мінулым фіна-угры: так, напрыклад, назва нашай ракі Вілія даследчык суадносіць з назвай ракі Віль у Комі ці ракі Вільва ў Пермскай вобласці, не гаворачы пра прыток Віліі – рэчку Арпа. Але гэтаму яшчэ паспрыяюць ці, наадварот, аправергнуць вынікі раскопак, якія плануюцца на гарадзішчы перыяду жалезнага веку і ранняга сярэднявечча, што знаходзіцца на мысе прыроднага ўзвышша каля Арпы. І хаця пакуль там выяўлены толькі знаходкі, што адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі – гэта толькі пачатак.
Але звернемся да гісторыі самаго паселішча. Першыя пісьмовыя ўзгадкі пра Арпу адносяцца да 1629 года. У дакуменце пад гэтым годам ўзгадваецца маёнтак Арпа, уласнасць зямянкі ашмянскай Сафіі Сіроцінай (прозвішча аналагічнае фінскаму слову «орпа»). У 1690 годзе ў архіўных дакументах узгадваецца маёнтак, уладальнікі якога сумесна падзяляюць розныя яго часткі, што маюць асобныя найменні: Арпа Рыпніца – Станіслава Альшэўскага, Арпа Хведароўшчына – Самуэля Рымінскага, Арпа Федароўшчына – Стафана Сіраты, Арпа Лоткі – Уладзіслава Валадковіча.
У 1800 годзе Арпа ўзгадваецца як сумеснае ўладанне Рафала Слізня (9 двароў, 62 жыхары, 6 яўрэяў-мяшчан), Антонія Ходзькі (2 двары, 23 жыхары), Людвігі Багдановіч (1 двор, 4 жыхары) і ваколічнай шляхты (2 двары, 7 жыхароў). У 1897 годзе ў Арпе налічваўся 21 двор, 144 жыхары. У 1908 годзе – 195 жыхароў. З 1938 года Арпа знаходзіцца ў Касцяневіцкай вясковай гміне – гэта вёска, якая налічвае 44 двары і 242 жыхары, існуе таксама засценак Сіроткі, што налічвае 13 двароў і 75 жыхароў, а таксама маёнтак з 6 дварамі і 55 жыхарамі.
Да нашага часу побач з Арпой захаваліся рэшткі двух сядзіб: гэта сядзіба Мар’янполь роду Жылігоўскіх і сядзіба Арпа Ігнацыя Багдановіча. Як мы адзначалі ў мінулых публікацыях, больш за тры дзясяткі сядзіб і фальваркаў на Вілейшчыне было ва ўладанні роду Багдановічаў, пачынаючы ад Абадоўцаў, Старынак, Мацькаўцаў, Стаек, Зацемені і заканчваючы Карпавічамі, Шчокаўшчынай, Хаценчыцамі і Хадасамі. Але галоўнымі былі толькі некалькі сядзіб, сярод якіх вылучаецца маёнтак Мацькаўцы, Абадоўцы і Арпа, што належалі Багдановічам па лініі прадстаўніка гэтага роду Ігнацыя Багдановіча і Людвігі Багдановіч. Напрыканцы 19 стагоддзя Арпа належыла Отану Багдановічу, спадчына якога была падзелена паміж сынамі: Ігнацыем, Юзэфам і Мечыславам, якім дасталіся маёнткі Арпа, Мацькаўцы і Абадоўцы адпаведна. Такім чынам, апошнім вядомым нам уладальнікам маёнтка Арпа быў Ігнацый Отанавіч Багдановіч.
За картамі ў пакоях сядзібы маёнтка Арпа (гаспадар Ігнацій Багдановіч другі злева). Фота з сямейнага архіва Анжэя Багдановіча
Зусім нядаўна былі знойдзены і некалькі фотаздымкаў, што пазначаны як маёнтак Арпа. Першыя фотаздымкі датаваныя 1905-1908 гадамі і на іх уладальнік сядзібы Ігнацый Багдановіч з родзічамі сядзяць на верандзе палаца ў Арпе. Гэтыя фотаздымкі захаваліся ў сямейных альбомах апошняга з роду Багдановічаў з маёнтка Зацемень. Але самы цікавы і значны фотаздымак быў выпадкова заўважаны на адкрыцці выставы ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, якая была прысвечана беларускаму паэту і яго лёсу падчас Першай сусветнай вайны. Каштоўнай крыніцай звестак пра гэты час з’яўляюцца ўспаміны і альбом фотаздымкаў сябра Янкі Купалы і роднага брата яго жонкі Вікенція Станкевіча, што захоўваюцца ў фондах музея. У 1916 годзе Янку Купалу прызвалі ў войска. Вікенцій Станкевіч служыў афіцэрам у 16-м ваенна-дарожным атрадзе Другой арміі Паўночна-Заходняга фронту і па яго рэкамендацыі Купалу таксама прынялі ў атрад. Вось як аб гэтым піша сваяк паэта: «У гады I Сусветнай вайны ў ваенным атрадзе шляхоў зносін Янка Купала прымаў удзел у пабудове мастоў на рэках Беларусі ў 1916-1918 гадах». Як начальнік 16 атрада шляхоў зносін інжынер В. Станкевіч зафіксаваў моманты будаўніцтва мастоў і дарог. Сам альбом змяшчае 57 чорна-белых здымкаў, большая палова з якіх была зроблена на Вілейшчыне.
Сярод іншых ёсць здымак з такім подпісам: «Палац маёнтка Арпа: штаб 16 ваенна-дарожнага атрада». На здымку мы бачым велічны палац, цэнтральная частка якога двухпавярховая з балконам на другім ярусе. Бакавыя часткі палаца маюць два ўпрыгожаныя калонамі ўваходы, напэўна, аднолькавыя па значнасці. Кожны ўваход мае па чатыры калонны і ўпрыгожаны наверсе выступам-бардзюрам з вазамі. На здымку бачна, што з тыльнага боку будынка наверсе даха маецца крыж – напэўна, палац меў дамавую капліцу.
Сучасны від былога маёнтка Арпа
Фасадная частка палаца мае фігурна абстрыжаныя дрэвы, што высаджаны па перыметры, а за сядзібным домам бачны частка сядзібнага парка з велічнымі дрэвамі. Дарэчы, і да нашага часу часткова захаваўся панскі парк, з некаторымі рэдкімі відамі дрэў: срабрыстымі таполямі, велічнымі ліпамі і лістоўніцамі, а таксама вязамі. Каля парку ёсць штучнае возера – гэта рэшткі воднай сістэмы маёнтка, што была створана шляхам запруджвання рэчкі Арпа (Арпянкі). Калі быў страчаны такі велічны палац, нам на жаль,невядома, але ў дакументах 1930-х гадоў згадкі пра яго не сустракаюцца. Як і ў гады Першай сусветнай вайны тут пасля 1916 года вялікіх ваенных дзеянняў не было, тым больш і фотаздымкі альбому датуюцца пасля 1916 года. Магчыма, палац быў разбураны ў мяцежныя і смутныя гады 1918-1921-га. Некаторыя мясцовыя жыхары ўзгадваюць шматлікія пабудовы, дзе жылі аднавяскоўцы і, як казалі, што жывуць яны «ў двары». На сёння захаваўся адзіны каменны будынак, магчыма, панскі кароўнік (абора), які зараз стаіць каля парку, без даху, у атачэнні велічных таполяў і ліп.
Сяргей ГАНЧАР