Літаральна праз паўгода вілейскай газеце «Шлях перамогі» споўніцца 70 год. Імклівая і вірлівая, бы наша рэчка Вілля, плынь часу стала зместам старонак раёнкі. І кожная публікацыя прайшла спачатку скрозь нераўнадушныя сэрцы журналістаў. Тых, хто быў у газеце, хто ёсць. Спадзяюся, што тыя, хто прыйдуць, таксама не будуць безуважнымі фіксатарамі рэчаіснасці. А стануць весці шчыры, у межах уласнага разумення і ўспрыняцця падзей, дыялог з чытачом.
Калі чытаем зборнік «Вяртанне», выхад якога датасаваны да 60-годдзя юбілею газеты, сутыкаемся з шэрагам дарагіх імён, след якіх, на жаль, ужо губляецца ў вечнасці. Толькі ў данесеных імі да сучаснікаў радках – неўміручасць творчых пачаткаў асобы журналіста. Хочацца верыць, што імёны радавых пяра не сатрэ з гісторыі Вілейшчыны жорсткім подыхам няўмольны час. І ў працэсе нашых наступных, датасаваных да маючай адбыцца даты публікацый, мы яшчэ не аднойчы звернемся да іх. Мэта праекта, які мы сёння распачынаем, – у асобах і лёсах тых, хто судакранаўся некалі з раёнкай – узнавіць яе гісторыю. Бо менавіта з нашай газеты для многіх з яе пазаштатных аўтараў пачынаўся шлях у журналістыку. Сапраўдную. Журналістыку такой якасці, што патрабуе ад чалавека поўнай самааддачы і, калі хочаце, – поўнага самаадрачэння. Ад усяго неістотнага, дробязнага, руцінна-павуціннага, што іншым разам скажае чалавечы погляд на гэты свет. Не адну такую самадастатковую творчую натуру выхавала наша раёнка. Не аднаго пачынаючага аўтара падтрымала ў яго творчым пошуку. І за гэта нізкі паклон тым, хто быў тут яшчэ да нас.
Распачынаючы свой новы праект, мы звярнуліся да сяброў газеты, журналістаў – тых, чыё жыццё пазначана духоўнай сувяззю з ёю. Адной з першых адгукнулася Таццяна Харлінская. Сёння яна – кіраўнік прэс-службы сталічнай дзяржаўтаінспекцыі. А наша памяць занатавала яе смяшлівым, шчырым і дапытлівым дзяўчом, што адважна кінулася ў прафесію, не зважаючы на цяжкасці, пра якія яна тады магла толькі здагадвацца. І мы, чым маглі, дапамагалі Таццяне напачатку яе творчага станаўлення. Слова – «вілейскай зорачцы». Чакаем водгукаў ад усіх, хто хоча падзяліцца ўспамінамі, каму, як глыток паветра, патрэбны жывы газетны радок.
Марыя КУЗАЎКІНА
Літаральна праз паўгода вілейскай газеце «Шлях перамогі» споўніцца 70 год
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ








