Напярэдадні Дня настаўніка ў сярэднюю школу № 3 прыляцела прыемная навіна: настаўніца фізічнай культуры і здароўя гэтай установы Таццяна Жук, якая ўпэўнена – прыступка за прыступкай – пераадольвала ўсе этапы рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь – 2014», стала лаўрэатам у сваёй намінацыі і на заключным этапе. На працягу тыдня ў сталіцы праходзілі нялёгкія выпрабаванні педагогаў рэспублікі на ганаровае званне лепшых. Напэўна, перамогай ужо трэба лічыць і тое, што людзі, прафесіяналы сваёй справы, дайшлі да заключнага этапа. І ўсё ж лепшыя выбіраліся і тут.
– На працягу тыдня праходзіў заключны этап конкурсу, – расказала Таццяна Жук. – У першы дзень кожны з нас у пісьмовай форме дзяліўся вопытам работы; у другі было прадстаўленне каманд на базе ліцэя БДУ (каманда сталічнай вобласці, у складзе якой была і наша зямлячка, заняла тут першае месца. Аўт.); трэці дзень – псіхолага-педагагічнае тэставанне, а ўвечары – жараб’ёўка па ўроках, ноччу – канешне ж, падрыхтоўка да гэтых адказных урокаў. На чацвёрты дзень давала ўрок у незнаёмым класе, у гэты ж дзень рабіла самааналіз урока. І пяты дзень – абарона аўтарскай педагагічнай сістэмы майстар-клас, на якім, што называецца, сарвала сапраўдныя авацыі і атрымала ад кампетэнтнай камісіі дзевяноста восем са ста магчымых балаў. А галоўнае – пачула столькі пахвальных слоў у свой адрас…
Мне даводзілася бачыць, як праводзіць урокі Таццяна Жук – пра гэта я ўжо пісала ў газеце. Пасля таго ўрока, прызнаюся шчыра, я была ўпэўнена, што без узнагарод і звання яна не застанецца.
На днях я пабывала ў трэцяй школе падчас віншавання лаўрэата. Многа цёплых слоў выказалі Таццяне Леанідаўне настаўнікі, вельмі цёпла гаварыў пра яе дырэктар установы Мікалай Гіро.
– Рады за Вас і ганарымся, – сказаў ён. – І жадаем, каб у чарговы раз Вы дасягнулі найвышэйшай прыступкі ў гэтым конкурсе.
Дыплом лаўрэата, Грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, падарункі, кветкі, цёплыя словы віншаванняў – усё гэта Таццяна Жук заслужыла налёгкай працай. Сваёй і свайго нязменнага куратара Алены Іванаўны Семянковіч, намесніка дырэктара школы. Яны – удзельніца і куратар – і сталі той камандай, якая смела і дастойна прадставіла і сваю школу, і нашу Вілейшчыну на рэспубліканскім конкурсе. Перажыванні, эмоцыі, радасць і слёзы – усё гэта ўжо пройдзена, засталіся толькі ўспаміны і, безумоўна, усведамленне гордасці за свой дуэт. Ну што тут скажаш, з перамогай, землячкі! Брава, педагогі!
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара










