Ёсць сядзібы, каля якіх раўнадушна прайсці проста немагчыма. Яны не толькі радуюць вока, але здалёк нібы клічуць падысці бліжэй. Дом па вуліцы Цэнтральнай, 26 у Нарачы, дзе жывуць Міла Іванаўна і Уладзімір Якаўлевіч Вялічкі, менавіта такі. І нават зараз, калі на палетках і прысядзібных участках у поўную моц уладарыць восень, у кветніку – рознакаляровы баль. І здаецца, што за гэтым плотам, не зважаючы на насычаныя пунсовыя гронкі рабіны, нават час запаволіў свой бег, каб палюбавацца на прыгажосць.
Прызнаюся, адразу не назаву ўсе тыя кветкі, якія ўбачыла ў Мілы Іванаўны. Міжволі позірк пераскокваў з аднаго сакаўнога колеру на другі. На пытанне, якім кветкам гаспадыня аддае перавагу, яна адказвае:
– Усе люблю. Якія трапляюцца, тыя і саджаю. Што зацвітуць з пачатку вясны і будуць радаваць да позняй восені. Ад цюльпанаў – і да астраў. Адны адцвітаюць – на змену ім прыходзяць іншыя кветкі. Што не спадабалася – замяню нечым іншым. Нядаўна стала заводзіць ружы, а на наступны год у мяне ўжо запланавана – будзе шмат лілей. Але цяпер ужо таго, што было, няма, – з сумам дадае Міла Іванаўна.
Толькі з гэтымі яе словамі восеньскія кветкі відавочна былі не ў згодзе – і ўпарта, насуперак пары адцвітання, працягвалі дарыць сваё хараство.
Дзяцінства, расказала Міла Іванаўна, прайшло не тут, далёка. І ўжо шмат гадоў мінула з таго часу, як пераехалі яны сюды. А захапленне вядзе адлік менавіта з той пары – кветкамі займаўся бацька, ад яго любоў да прыгажосці перайшла ў спадчыну Міле Іванаўне і яе сястры, Іне Іванаўне.
Сярод кветак на гэтым падвор’і можна сустрэць каго заўгодна. Вось ля штучнага вадаёма застыў рыбачок з вудай і цярпліва чакае – клюне рыбка ці не? Крыху далей, ля плоту, іншыя персанажы – «граюць» на гармоніку. Усе – з падручных матэрыялаў і з дапамогай фантазіі гаспадыні. Металічныя арачкі, абвітыя раслінамі, альпійская горка, россып кветак. Не аднойчы гаспадыні даводзілася чуць: «Навошта ты гэтым займаешся? Садзі буракі, цыбулю, навошта табе лішні клопат?» Але ў гэтым клопаце для яе свой сэнс. І агарод, на якім, акрамя тых жа буракоў, знайшлося месца для лекавых і прыпраўных раслін, канечне ж, ёсць. Ёсць і гаспадарка. Раней, калі дзеці былі малыя, трымалі і карову, – успамінае Міла Іванаўна, а зараз, калі, сын з дачкой ужо пайшлі на свой хлеб, неабходнасць у гэтым адпала. Ён – ваенны, яна – педагог, і да бацькоў дзеці прыязджаюць з розных бакоў – з Мінску і са Смаргоні. Ці перадалася каму з іх любоў да кветак? Не надта зоймешся іх развядзеннем у шматпавярхоўках, – адказвае Міла Іванаўна на маё пытанне, пакуль малыя ўнукі – іншы клопат. А там – хто ведае? Усё магчыма, было б толькі жаданне.
Іна Іванаўна Пескавая, сястра Мілы Іванаўны, таксама жыве ў аграгарадку Нарач, але на вуліцы Беларускай. Іх сядзіба – пад раскідзістым дубам, які якраз у гэтую пару губляе на дол жалуды. Карыстаючыся надвор’ем, Іна Іванаўна мыла вокны. Унукі былі дома з дачкою – і, зразумела, пакуль ёсць вальнейшы час, хочацца ўсё паспець зрабіць па гаспадарцы. Нягледзячы на пастаянныя клопаты, якіх, як ні круці, заўсёды патрабуе свой дом, на клумбах – кветкі. Захапленне, якое яны з сястрою дзеляць на дваіх. У адрозненне ад Мілы Іванаўны, Іна Іванаўна аддае перавагу прызнанай каралеве кветак – ружы. Яна выпісвае кусты руж, а потым іх разводзіць. Расаду ж петуній, астраў, цыній ды іншых кветак – купляе. І ўвесь сезон яны радуюць Іну Іванаўну і Леаніда Анатольевіча сваім хараством. Дзеці (а іх трое) выраслі, параз’язджаліся. І каровы ў гаспадарцы ўжо няма. Але для ўнукаў гаспадары трымаюць казу. Ёсць і куры, і трусы, і любімцы – сабакі. Адзін пёс ахоўвае двор, а другі – паляўнічы, у вальеры. Паляваннем сур’ёзна займаецца сярэдні сын, Дзяніс. Рыта, старэйшая дачка, выкладае дзеткам харэаграфію, жыве не ў Нарачы – у Вілейцы. А малодшы сын, Ілья, вучыцца ў Віцебску, у духоўнай семінарыі. А яшчэ Алена Абрамчык, кіраўнік справамі Нарачанскага сельвыканкама, расказала, што Іна Іванаўна сама спявае ў царкоўным хоры, а раней актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці.
Вось такія ёсць на вёсцы гаспадары, якім прыгажосць вакол сябе дапамагаюць ствараць не вялікія матэрыяльныя затраты, а свае працавітыя рукі, талент і фантазія. І знаходзяць яны паміж штодзённымі справамі час не толькі на адпачынак, але і на справы для душы.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара
















