З ГІСТОРЫІ
Куранец. У 1493 годзе маёнтак (вотчына), чацвёртую частку якога ў Андрэя Алехнавіча Рымавідавіча і яго брата Скабейкі набыў Ян Юр’евіч Забярэзінскі, кашталян трокскі, намеснік полацкі. У 1539 г. у маёнтку заснаваны каталіцкі касцёл. У 1542 г. заснавана Куранецкая парафія, выдзеленае з суседняй Вязынскай парафіі. У 1558 г. (маёнтак (вотчына); двор і мястэчка. У 1585 г. уласнікі маёнтка – Габрыель і Ганна Войны; у 1616 г., 1626 г. – Міхал Война, у 1674 г. – Ян Літавор Храбтовіч, у 1690 г. – Людвік Храбтовіч, у 1760 г. – Софія Саванеўская. У 1765 г. у мястэчку Куранец 29 двароў уніяцкіх, 89 жыхароў. У 1800 г. маёнтак Юзафа Міхала Ромера. У мястэчку – уніяцкая драўляная царква ў імя Раства Прасвятой Багародзіцы; яўрэйская школа; тры кірмашы штогод; яўрэяў (гандляроў і мяшчан) 151, сялян 208. У 1938 г. цэнтр вясковай гміны, мястэчка (301 двор, 1765 жыхароў), фальварак (1 двор, 7 жыхароў), чыгуначная станцыя (5 двароў, 23 жыхары) і леснічоўка (2 двары, 14 жыхароў); пад назвай Новы Куранец існуюць хутары (13 двароў, 82 жыхары) і смалярня (3 двары, 10 жыхароў). У 2003 г. вёска, цэнтр сельсавета, 459 двароў, 1072 жыхары; сярэдняя школа, дзіцячы сад, бібліятэка, Дом культуры, два магазіны.
З кнігі «Памяць. Вілейскі раён»
У гэты дзень аграгарадок Куранец расквеціўся ад рознакаляровых шароў, кветак, яркага адзення людзей, што сабраліся ў мясцовым парку. Хоць дзень быў рабочы, вельмі многія знайшлі магчымасць пабываць на свяце. Мясцовыя і прыезджыя, пажылыя і юныя прыйшлі сюды, каб адзначыць юбілейную дату свайго населенага пункта. У парку гучала музыка, дэманстравалі свае вырабы майстры-умельцы, працавалі кіёскі з цацкамі, ласункамі і радавалі малышню разнастайныя атракцыёны, ад якіх хлопчыкі і дзяўчынкі не адыходзілі.
А на пляцоўцы распачалося само мерапрыемства, якое адкрыў святар мясцовага храма айцец Аляксандр. 660 гадоў Куранцу. Многа гэта ці мала? Калі ў маштабах гісторыі, то не так і многа. Але калі ўявіць, што Калумб высадзіўся ў Амерыку недзе праз 150 гадоў пасля таго, як з’явіліся першыя звесткі пра Куранец, то, вядома, уражвае. Урэшце, усё пазнаецца ў параўнанні. Пра гэта і пра многае іншае гаварыў, звяртаючыся да прысутных, святар. Ён падкрэсліў і надзвычайна важнае: у жыцці кожнага чалавека павінен быць сэнс. Нельга, каб існаванне было пустым і каб на зыходзе гадоў чалавеку не было чаго ўзгадаць… І без веры людзям нельга – яна духоўна абагачае, робіць жыццё святлейшым, напаўняе яго дабрынёй. Малітвай завяршыў сваё выступленне айцец Аляксандр, і да яе далучыліся ўсе прысутныя…
Павіншаваўшы аднасяльчан і гасцей са святамі, старшыня сельвыканкама Віктар Уліцкі, назваў гэты дзень знамянальным. Чаму? Ды хаця б таму, што адзначалася не адна важная для Куранца дата, а нават тры: 660-годдзе населенага пункта,75-годдзе з дня ўтварэння Куранецкага сельсавета і 45-годдзе з часу з’яўлення ў гісторыі раёна саўгаса «Вілейскі». Апошнія з дат яшчэ, магчыма. на памяці ў старажылаў.
– Больш за тысячу жыхароў сёння ў нашым аграгарадку, – расказаў Віктар Уліцкі. – А ўлетку, калі сюды з’язджаюцца дачнікі, гарадскія ўнукі, госці, то колькасць павялічваецца прыкладна ўдвая.
Многае зроблена і робіцца мясцовымі жыхарамі, адзначыў Віктар Васільевіч, для добраўпарадкавання населенага пункта. Сёння тут прыгожа, утульна і камфортна кожнаму.
Цудоўную канцэртную праграму падрыхтавалі для аднавяскоўцаў мясцовыя культработнікі, школьнікі. Гучалі цудоўныя песні пра Беларусь, родную вёсачку, любоў да яе. Было многа віншаванняў у адрас літаральна кожнай арганізацыі і ўстановы, якія размяшчаюцца на куранецкай зямлі; з вялікай пашанай узгадваліся тыя, хто ў страшныя ваенныя гады змагаўся з фашыстамі; ушаноўваліся дбайныя гаспадары, старэйшыя сямейныя пары, самыя юныя і старэйшыя жыхары Куранца, юбіляры, якім уручаліся падарункі. Было сапраўднае свята, якое яднае, вучыць і радуе.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара















