Трэба пільнаваць таго моманту, калі яна зацвіце, сарваць тую кветку, зрабіць разрэз на далоні і пакласці кветку пад скуру, і тады будзеш разумець, што гавораць жывёлы і птушкі, будзеш ведаць дзе схаваны скарбы, адчыняць любыя замкі…
Купалле – летняе свята, якое ведаюць усе, але не заўжды кожны з нас разважае над сэнсам гэтага свята, што яно значыла для беларусаў, для нашых дзядоў і прадзедаў. А між іншым, Купалле – старажытнае народнае свята ў гонар летняга сонцастаяння, найвышэйшага росквіту прыроды і ўшанавання вады і агню. Традыцыі святкавання Купалля на Беларусі вельмі трывалыя і сваімі каранямі адыходзяць у далёкае мінулае. Для селяніна пасля Купалля пачыналася самая адказная і гарачая пара – сенакос і жніво. З прыняцця хрысціянства на нашых землях старажытны культ агню, вады і расліннасці гарманічна спалучыўся з хысціянскім святам нараджэння Прарока Іаана Прадцечы, які ахрысціў у рацэ Іардан Сына Божага. Дарэчы, ўзаемаспалучэнне старажытных традыцыйных культаў беларусаў з хрысціянскімі святамі, якое адбылося некалькі тысяч год таму, з’яўляецца ўнікальным феноменам славянскай культуры, і асабліва гэта яскрава бачна ў традыцыйнай культуры беларусаў.
Стагоддзямі на святых абразах вешалі тканыя ручнікі з старажытнымі арнаментамі-сімваламі, з пакалення ў пакалення стагоддзямі пераходзілі двайныя назвы святаў (Купала – нараджэння Прарока Іаана Прадцечы, Вялікдзень – Уваскрэсенне Хрыстова, Каляды – Ражство Сына Божага, а таксама Сёмуха, Спас і г.д.) і сёння мы маем каштоўную традыцыю старажытных святкаванняў, якая адрознівае нас на прасторы сусвету сваёй непаўторнасцю і каларытам, а самае галоўнае гарманічным суіснаваннем з прыродай і навакольным светам.
Цяпер транслятарам векавечных традыцый стаў сучасны горад, пакідаючы за сабой вёску як асяродак, што вякамі старанна захоўваў спрадвечныя здабыткі прашчураў. Усё гэта лагічна абумоўлена працэсамі ўрбанізацыі, калі разам з беларускімі вяскоўцамі ў гарады пераходзіць і іх менталітэт, светапогляд, каштоўнасці, культурныя прадстаўленні. Такім чынам, у сучасныя беларускія гарады перайшлі і многія рысы традыцыйнай культуры, у тым ліку і каляндарна-абрадавыя святы. У аснове ўсёй купальскай абраднасці ляжыць пакланенне нашых прашчураў сонцу (агню), вадзе і расліннасці, што ўяўлялася вельмі важнымі складаючымі чалавечага жыцця. Прыгадайце словы старога ў кінастужцы «Белыя росы»: «Дзякуй табе, сонейка, што давала нам жыццё, магчымасць нараджаць і гадаваць дзяцей…». Усё гэта трывалыя ўзаемаадносіны чалавека і прыроды, адносіны, заснаваныя на ўзаемнай павазе і ўзбагачэнні адзін аднаго.
Так, цяперашняе Купалле не захавала сваіх глыбінных абрадавых і магічных значэнняў, у большасці зніклі і абрадавыя спевы, танцы, што суправаджалі кожны рытуал і кожнае магічнае дзеянне, але захаваліся некаторыя «класічныя» купальскія элементы свята і павер’і. Галоўным з павер’яў з’яўляецца расповед пра тое, як у купальскую ноч расквітае папараць-кветка, што прыносіць шчасце. Нашы продкі верылі, што папараць цвіце адзін раз на год і толькі ў ноч на Купалу. Цвіце яна ў поўнач і ўсяго адно імгненне. Як Папараць пачынае зацвітаць, то ляціць зорка і вельмі ярка свеціць, а кветкі гараць, як іскры, чырвоным колерам. Трэба пільнаваць таго моманту, калі яна зацвіце, сарваць тую кветку, зрабіць разрэз на далоні і пакласці кветку пад скуру, і тады будзеш разумець, што гавораць жывёлы і птушкі, будзеш ведаць дзе схаваны скарбы, размаўляць на розных мовах. Папараць-кветка робіць яе ўладальніка нябачным, кветка адмыкае і зноў замыкае замкі, такім чынам, чалавек можа браць што хоча і адкуль хоча. Завалодаць кветкай Папараці вельмі цяжка, бо Нядобрыя Духі чыняць розныя перашкоды: адводзяць вочы, путаюць думкі, а найбольш палохаюць рознымі жахамі. А навакол збіраюцца і вужы, і гадзюкі, і чарапахі і ўся нечасць. За гэтую справу трэба брацца ўмеючы, і нават не кожнаму чараўніку яна пад сілу. Трэба пайсці ў лес, туды, дзе цвіце Папараць, сесці на зямлю, каля сябе абвесці круг і чакаць, калі зацвіце Папараць. Не трэба баяцца нічога, што б ні было. Прыйдзе жаба з возам саломы, будзе тую салому паліць, ды на цябе кідаць. Не трэба палохацца, бо салома таго круга не пераляціць, сядзі сабе спакойна і чакай, калі Папараць зацвіце. Але ж найчасцей тыя, хто пайшоў у лес па гэтую цудоўную кветку, паміраюць ад жаху. Менавіта такое павер’е ведаюць у кожным куточку Беларусі. У некаторых вёсках Вілейшчыны старыя людзі расказваюць, што кветку папараці шукаюць не хлопцы, а толькі дзеўкі, якія хочуць выйсці замуж.
У гэту ноч ведзьма ў вобразе жабы падпаўзла да каровы, каб адабраць малако, а хлопец прыцэліўся і так стукнуў па жабе палкаю, што адсек ей пярэднюю лапу… Ужо дома яму расказалі, што нядаўна хтосьці адсек руку іх суседцы…
Але самае каларытнае паданне пра ведзьмаў, якія асабліва актывізуюцца ў гэтую ноч. Вось, што распавядаюць вілейскія старажылы. На Яна сяляне наказвалі пастушкам, якіх наймалі пасьвіць статак, каб тыя ні ў якім разе не пераганялі жывёл «праз мяжу», г. зн. праз тую мяжу, якая аддзяляе палі адной вескі ад другой: бо кажуць, там збіраюцца ведзьмы, пераварочваюцца ў жаб і, падпоўзшы пад кароў, адбіраюць малако сваімі магічнымі дзеяннямі. Дык вось, аднойчы дамовіліся некалькі пастухоў не паслухацца сваіх гаспадароў і пагнаць жывелу ў забароненае месца «за мяжу». Адзін хлопчык назіраючы за жывелай, заўважыў, што паміж каровамі поўзае вялізная жаба. Ён зразумеў, што гэта ведзьма, узяў палку, завастрыў яе, быццам долата, і, наблізіўшыся да жабы,прыцэліўся і так стукнуў па жабе палкаю, што адсек ёй пярэднюю лапу. Параненая жаба запішчала і папаўзла без лапы. Хлопчык расказаў гэтую гісторыю сваім сябрам, але тыя толькі пасмяяліся і пажартавалі – на гэтым бы і ўсё закончылася. Але калі хлопцы вярнуліся з жывелай дадому, то тут ім расказалі, што нядаўна хтосьці адсек руку іх суседцы. Калі яны прыбеглі ў хату да старой суседкі, то тая сабраўшы свае апошнія сілы, схапіла качаргу і здаровай рукой пачала біць таго хлопца: «Каб ты праваліўся, прыйшоў яшчэ здзеквацца нада мною». Усе прысутныя аднавяскоўцы былі здзіўлены падобным відовішчам, але пасля таго, як хлопец патлумачыў ім у чым справа, то ўсе зразумелі пра старую суседку. Хутка яна сканала, а паданне пра яе захавалася.
Гэта адгалоскі далёкага мінулага, хаця такія вераванні, паданні, забабоны існуюць і зараз, напрыклад, тое, што на Купалле нельга нічога пазычаць вам распавядзе кожная бабуля ў любой весцы раена, як і распавядзе пра тое, што ў гэту ноч трэба раскласці крапіву каля хлева, каб нячыстая сіла не адабрала малако ці не пашкодзіла скаціне і г.д.
На сёння мы маем з усяго комплексу купальскіх абрадаў і рытуальных дзеянняў ва ўмовах сучаснага грамадства толькі трывалы звычай распальваць вогнішча, паліць чучала, звіваць вянкі і святкаваць паблізу вады. Усё набыло сучасныя вонкавыя рысы, але фактычна галоўнае значэнне свята захавалася, хаця глыбока гэтага мы ніколі не асэнсуем. Цяжка казаць, чаму ўсё ж такі захавалася купальская традыцыя ў грамадстве, у горадах, няхай і ў іншым выглядзе, цяжка вызначыць матывацыі людзей, якія ладзяць вогнішча і якія збіраюцца вакол яго ўвечары. Але гэта закладзенна на генетычным узроўні памяці пра нашыя спрадвечныя традыцыі. Выдатна, што паступова ўзрастае цікавасць моладзі да гэтага свята, а значыць традыцыі будуць жыць і перадавацца наступным пакаленням.
Сяргей Ганчар.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА