Звычайна так пачынаюць нашы чытачы, калі пішуць у рэдакцыю лісты ці звоняць па тэлефоне. І расказваюць пра самае рознае, што радуе, непакоіць, патрабуе вырашэння. Вось і апошнія звароты ў рэдакцыю былі пра гэта.
Грыб-велікан
З вёскі Дварэц нам патэлефанаваў пенсіянер Міхаіл Аляксандравіч Тонкавіч.
– Хачу падзяліцца ў поўным сэнсе слова сенсацыяй, – пачаў ён. – Гадоў з семдзясят збіраю грыбы, а такога цуда, як сёлета, не бачыў. На днях жонка пайшла ў грыбы і прынесла дамоў баравіка-велікана. Ды якога! Паклалі на вагі – цалюткі кілаграм! Ды, што самае галоўнае, чысценькі, ні адной чарвяточынкі. А прыгажун які! Дзе, пацікавіўся, ён вырас. Жонка расказала, што ля лесу, у траве. Унучка палюбавалася, сфатаграфавала на тэлефон. Такі вось «улоў», доўга будзем памятаць яго.
Разам з Міхаілам Аляксандравічам і Надзеяй Нікіфараўнай парадаваліся незвычайнаму лясному дарунку і мы. Выпадае ж такое шчасце некаторым грыбнікам…
Прыпынак ёсць. А каб яшчэ і навес…
Такія прапановы паступілі ад нашых чытачоў двойчы. Першая – ад жыхароў Макаўя, ад імя якіх звярнуліся пенсіянеркі Еўдакія Адамовіч і Яўгенія Радзеева. Яны расказалі, што на канечным прыпынку ў Макаўі трэба было б зрабіць навес, каб пенсіянеры і школьнікі, чакаючы аўтобусаў, маглі захінуцца ад ветру і дажджу.
Аналагічная прапанова паступіла і з Івонцавічаў, дзе таксама прыпынак без навеса. Наперадзе ж, аргументавалі нашы чытачы, восень з дажджамі ды непагодай, ад якіх няма дзе схавацца. Прапановы, думаецца, слушныя. Спадзяёмся, яны будуць пачуты кампетэнтнымі людзьмі, якія і вырашаць гэтыя пытанні.
Куды дзець старыя тэлевізары?
З гэтым пытаннем звярнулася ў рэдакцыю пенсіянерка з Вілейкі Галіна Станіловіч.
– Ды не адзін, а ўжо два, – удакладніла яна. – Стаяць у хаце, толькі месца займаюць. Цікавілася, званіла ўсюды – нікому яны не трэба. А адвесці ў смеццевую скрыню неяк не падымаецца рука… Ды і нялёгка мне, пенсіянерцы. І ў знаёмых маіх такая ж сітуацыя. Парайце нам, дзе падзець гэтыя выйшаўшыя са строю рэчы.
З пытаннем пенсіянеркі мы звярнуліся да начальніка ўчастка «Сануборка» ГУП «Вілейская ЖКГ» Людмілы Мікляевай. Вось што яна адказала:
– Канешне ж, пажылым людзям нялёгка справіцца з такімі непатрэбнымі рэчамі, як тыя ж тэлевізары. Як іх несці, куды, з кім…
Наша служба можа дапамагчы ў гэтай справе. Пенсіянеры, жадаючыя збавіцца ад непатрэбнага грузу, могуць патэлефанаваць нам, назваць свой адрас. І наша машына прыйдзе ў азначаны час і забярэ тыя габарытныя адыходы. Праўда, да ведама тых, хто здае такі груз: грошай за яго мы не выплачваем (а то іншы раз думаюць, што атрымаюць нешта за падобную непатрэбшчыну), а толькі дапамагаем такім чынам іх вывезці.
Ірына БУДЗЬКО








