Ёсць свае непаўторнасць і хараство ў абліччы маленькіх вёсачак, якія прынята называць выміраючымі. У чым яны? Ды хаця б у той еднасці з прыродай, якую назіраеш тут. Вось і Падбярэззе, што ў Людвіноўскім сельсавеце, адна з такіх вёсак. Некалі яна звінела ад дзіцячых галасоў, а сёння тут засталося толькі дзясятак жыхароў. Улетку, праўда, сюды прыязджаюць дзеці і ўнукі падбярэзцаў, і наваколле ажывае. Гэта хутчэй у выхадныя дні. А ў буднія вёсачка, патанаючая ў зеляніне, нібыта дрэмле ў моцных абдымках дрэў пад шматгалосыя птушыныя спевы. Ап’яняюча-чыстае паветра. Уражанне нейкай некранутасці гэтага куточка цывілізацыяй. І такі спакой на душы!
Іосіф Францавіч і Лілія Антонаўна Дуброўскія – адны з ужо маленькай сям’і жыхароў Падбярэззя. Пенсіянеры яшчэ пры сіле, яны з задавальненнем корпаюцца ў агародчыку і кветніку, удваіх упраўляюцца па гаспадарцы, ходзяць у ягады і грыбы.
– Учора такі добры дожджык даў, – гаворыць гаспадыня, выносячы з град два вядзерцы прыгожых, адзін у адзін, агурочкаў. – Паліў усё, і аж ажывілася ўсё жывое.
Яно і сапраўды так. Вунь як паднялі галовы ружы, вяргіні, флоксы, выпеставаныя клапатлівымі рукамі Ліліі Антонаўны.
– Вельмі люблю кветкі, – усміхаецца яна. – І на дварэ, і ў хаце ў мяне іх многа. Гэта ў мяне з дзяцінства, у нас дома кветак было заўсёды многа. Я як толькі прыйшла сюды замуж, так і ўзялася іх разводзіць.
З будучым мужам яны пазнаёміліся на вясковай вечарынцы. Пажаніліся, спачатку жылі разам з бацькамі Іосіфа Францавіча, а пасля прыбудавалі і сваю палавіну. Тут нарадзіліся і выраслі іх дзеці, Ірына і Юрый, адсюль выпырхнулі яны ў вялікае жыццё, стварылі свае сем’і. Сёння бабуля з дзядулем маюць пяцёра ўнукаў, чым вельмі ганарацца. Ды і чаму б не – дастойныя яны ў Дуброўскіх. Старэйшы сын дачкі, Аляксей, без пяці мінут выпускнік аграрнай акадэміі. Выбар прафесіі быў зроблены не без уплыву дзядулі Іосіфа, былога галоўнага агранома мясцовай гаспадаркі. Яшчэ маленькім любіў Алёша катацца з дзядулем па палях, глядзець, як працуюць людзі. Пазней, ужо школьнікам, з нецярпеннем чакаў канікулаў, каб прыехаць з Маладзечна сюды, у вёску. Марыя, сярэдняя дачушка Ірыны, зараз ужо студэнтка медуніверсітэта, а самая малодшая, Бажэна, яшчэ вучыцца ў пачатковай школе. Дзеці сына Юрыя, дзевяцікласніца Аксана і навучэнец каледжа Андрэй, таксама не супраць вясковай працы – вось і сёлета ў час канікулаў дапамагалі «Першаму Беларускаму» на ўборачнай.
Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Гэта сказаў у час нашай гутаркі Іосіф Францавіч Дуброўскі пра сябе. І прыгадаў, як ад цямна да цямна шчыраваў на полі, а ў вольныя хвіліны браўся за сваю гаспадарку. А яна ў іх з Ліліяй Антонаўнай была заўсёды. І немалая. Нават цяпер, ужо ў паважаным узросце, Дуброўскія трымаюць на падворку і каня, і козачак. Як і ва ўсіх, ёсць у іх і агарод. Вось і корпаюцца разам дзень пры дні, дапамагаючы і падтрымліваючы адно аднаго. А ў выхадныя прыязджаюць дзеці, і тады лягчэй робяцца ўсе справы.
– Найчасцей дачка з унукамі, бо сын з сям’ёй жыве ў Людвінова, самі маюць і карову, і свіней, і агароды-кветнікі. Спраў, вядома, хапае.
Чартарыцкі, Спірыдовіч, Каваленка, Міргалоўскі… Гэта прозвішчы кіраўнікоў колішняга «Беларускага», пад кіраўніцтвам якіх працаваў Іосіф Францавіч. А цяперашні дырэктар гаспадаркі Іван Трубач быў на той час намеснікам кіраўніка. За кожным прозвішчам – свае ўспаміны. Было нялёгка, пераадольвалі многа перашкод, але ў цэлым, як адзначыла Лілія Антонаўна (а яна ў свой час працавала ў гаспадарцы статыстыкам), усе яны былі і ёсць добрымі людзьмі. А гэта, мусіць, самае галоўнае.
– Колькі гадоў прайшло, як на пенсіі мы, – падзялілася жанчына, – а як пачуе мой Іосіф Францавіч ці гул трактара, ці камбайна, абавязкова падыдзе на поле, паглядзіць, пацікавіцца, як ідуць справы…
– Што ж зробіш, па-ранейшаму цягне мяне ў поле, – усміхнуўся на гэтыя словы жонкі гаспадар. – Хіба ж забудзецца справа, якой прысвяціў усё жыццё…
Канешне, не забудзецца. Наадварот, яна працягваецца дзецьмі ды ўнукамі, якія не цураюцца працы на зямлі, выбіраюць яе справай жыцця. Вось і сын Дуброўскіх, Юрый, асталяваўся з сям’ёй у Людвінова. Працуе вадзіцелем у гаспадарцы, жыве ў дабротным доме, які даводзіў да ладу разам з бацькам. У мясцовым КБА працуе яго жонка Валянціна, якая апранае ў прыгожае новае адзенне (умела рамантуе і старое) мясцовых жанчын. Як і ў свекрыві, яе хобі – кветкі. Таму і падворак Дуброўскіх-малодшых патанае ў шматколернай прыгажосці.
– Так вось і жывём, – сказала на развітанне Лілія Антонаўна. – Усё б добра, ды вось здароўе іншы раз мяне падводзіць, звяртаюся за дапамогай да мясцовых медработнікаў. Фельчар Людвіноўскага ФАПа Галіна Талстыка, урачы Даўгінаўскай бальніцы Ігар і Данута Сцяшко, медсёстры гэтай бальніцы – гэта людзі, якім хочацца ў пояс пакланіцца за дапамогу. Іншы раз чуеш, што, маўляў, гэта іх праца, за што тут дзякаваць. Ды толькі і працу любую можна рабіць, згадзіцеся, по-рознаму…
«Родительский дом – начало начал, ты в жизни моей надёжный причал…» Гэтыя радкі вядомай песні кожны з нас вымаўляе з асаблівым пачуццём. І кожнаму ўяўляецца сваё. Дуброўскім-малодшым – гэты прыветны бацькоўскі дом, патанаючы ў зеляніне і кветках, у маленьках вёсачцы Падбярэззе. Тут жывуць самыя блізкія іх людзі, галоўныя настаўнікі жыццёвай навукі. Людзі з прыгожым «прыродным» прозвішчам у вёсачцы з такой жа прыгожай «прыроднай» назвай.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара