Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Каля Даўгінава размясцілі крыж

З незвычайнай прапановай звярнуўся да старшыні Даўгінаўскага сельвыканкама Аляксандра Маліноўскага мясцовы жыхар Міхаіл Заяц.
– Хачу, кажа, на стыку дарог паставіць крыж. Нават праект ужо маю і гатовы сам яго выканаць.
Улада, безумоўна, толькі вітае ініцыятыву. Гэта і сказаў Аляксандр Мікалаевіч свайму наведвальніку. Пра сябе аднак разумеючы, што яму самому прадстаіць наведаць не адну інстанцыю, падпісаць не адно ўзгадненне, каб рэалізаваць прапанову свайго земляка.
Месца для крыжа Міхаіл Заяц выбраў там, дзе разыходзяцца дзве дарогі (альбо сыходзяцца, гэта з якога боку паглядзець). Адна, новая, ідзе ў абход Даўгінава. Другая – Вілейка – Ушачы, праходзіць цераз сам аграгарадок. Між імі – своеасаблівы зялёны трохкутнік бяспекі. На ім і намерыўся Міхаіл Заяц размясціць духоўную кампазіцыю, вельмі арыгінальную згодна задумы аўтара.
Даўгінава – мястэчка з глыбокімі хрысціянскімі традыцыямі. Вякамі суіснуюць тут у добрым суседстве праваслаўная і каталіцкая канфесіі. Два храмы ствараюць на гэтай зямлі светлую аўру чалавечага паразумення і ўзаемнасці. Яна дапамагала людзям перажыць віхуры скалануўшых свет трагедый мінулага стагоддзя. Легенды ходзяць пра местачкоўцаў, якія, рызыкуючы сабою і сем’ямі, ратавалі ад фашысцкага генацыду сваіх суседзяў-яўрэяў.
І многім, здавалася б ужо асуджаным на пакуты і смерць, удалося выжыць, дзякуючы высокай сіле хрысціянскай любові сваіх землякоў. Ішлі гады, мяняліся святары, але нязменнай заставалася сутнасць маральных прынцыпаў, выкладзеных у біблейскіх тэкстах, якія яны ў час літургій перадавалі вернікам у якасці Боскіх запаветаў.
Як дружна жывуць, так згодна сабраліся даўгінаўцы і жыхары навакольных вёсак на ўрачыстае адкрыццё крыжовай кампазіцыі. На фотаздымку бачна, што складаюць яе выявы двух крыжоў – каталіцкага і праваслаўнага, якія сыходзяцца на адзіным металічным стрыжні. Хрысціянства – вось тая жыватворная духоўная крыніца, якая дала пачатак дзвюм канфесіям. Яны – як галінкі аднаго дрэва,мацуе якое ў свеце агульны корань.
Вітаючы прысутных на ўрачыстасці асвячэння Крыжа, ксёндз Алойзы, настаяцель Даўгінаўскага касцёла, заўважыў:
– Як гэтыя крыжы злучаны паміж сабой, так і мы павінны жыць у дружбе і згодзе. Хрыстос – адзін, а мы ўсе яго дзеці. І няхай ён будзе памочнікам нам у нашым паўсядзённым жыцці, няхай ахоўвае нашы сем’і, нашы хаты і вёскі, і людзей, якія будуць хадзіць і ездзіць гэтымі дарогамі, ад зла і ўсялякіх бед.
– Усякі крыж ёсць крыж ісціны, – заўважыў протаіерэй Іаан Ліннік, настаяцель Даўгінаўскай царквы. – Ён – знак перамогі над смерцю. І няхай заўсёды крыж асвятляе наша жыццё, будзе сімвалам нашай любові і міласэрнасці.
Абодва святары шчыра падзякавалі мясцовай уладзе ў асобе старшыні сельвыканкама Аляксандра Маліноўскага, аўтара праекта, усім, хто дапамог увасобіць яго ў жыццё. Акроплены святой вадой Крыж са скульптурнай выяваю Езуса, велічна ўзнесены над скрыжаваннем дарог, заззяў пад сонцам, выпраменьваючы нададзенае яму асвячэннем высокае святло незямной любові Збавіцеля.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 133 queries