Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калі б не было вайны…

АД РЭДАКТАРА
Вайною пазначаны лёс кожнага беларуса. У тым ліку, і аўтара гэтага матэрыяла, дзе ў стрыманых радках – глыбока схаваны боль. Ён прарываецца, калі Вольга Коласава пачынае ўзнаўляць аблічча звычайнага беларускага юнака, што безаглядна і адчайна нырнуў у вірлівую плынь геннай народнай нянавісці да чужынцаў. Яркім бляскам палыхаючай знічкі рванулася з нябёсаў і ўпала долу маладое жыццё. Тое, што магло мець зусім іншы працяг. Прачытайце, як трывала і годна замацаваліся на моцным ствале радавога дрэва Малькевічаў іншыя яго парасткі.
Вайна не мае літасці. Як неўтаймаваны спрут, яна цягне ў сваё чэрава тое, чым даражыць акаляючы свет. І найперш – любоў да ўсяго зямнога. Пяшчоту жаночых рук, даверлівую ўсмешку дзіцяці, злітыя ў нясмелым дотыку першага пачуцця постаці закаханых…
Усё гэта мог мець Леанід Малькевіч, звычайны сялянскі хлопец з душой патрыёта. Калі б не было вайны – увесь боль перажытага ўклала аўтар у гэты загаловак – хвалюючы радок з вядомай песні, што пранікнёна загучала некалі ў выкананні вядомай эстраднай спявачкі Валянціны Талкуновай.
Благаславёнай няхай будзе людская памяць і тыя, што нясуць яе ў сваіх сэрцах.

Нарадзіўся Леанід Дзмітрыевіч Малькевіч 9 лістапада 1922 года ў невялікай вёсачцы Кішкарэпы, якая ў 1967 годзе ў яго гонар была перайменавана ў вёску Малькевічы.
Хлопчыку не было і года, як памерла яго маці Пелагея Флораўна. Замяніла яе яму Ганна Паўлаўна, другая жонка бацькі Дзмітрыя Фаміча. Лёня рос бойкім, вясёлым хлопчыкам. Калі пайшоў у школу, дык днямі сядзеў за кнігамі, вельмі любіў чытаць, добра вучыўся. Але закончыў спачатку толькі чатыры класы. Пры Польшчы дзецям беднякоў дорага каштавала вучоба.
У 1940 годзе Леанід паступіў у Беластоцкі чыгуначны тэхнікум, дзе таксама выдатна вучыўся, быў актывістам, стаў камсамольцам.
Вялікая Айчынная вайна перарвала вучобу. Глухімі сцежкамі прабіраўся юнак дадому. Ён бачыў, як катавалі фашысты людзей, расстрэльвалі дзяцей, палілі гарады і вёскі. Расла ў сэрцы помста, нянавісць да ворага, нараджаліся ў галаве планы, смелыя думкі.
І вось Лёня – дома, сярод аднавяскоўцаў, блізкіх і родных, сваіх людзей. Пазнаёміўся з ваеннапалоннымі, якія,выйшаўшы з акружэння, жылі ў Губах і іншых суседніх вёсках. Арганізавалі невялікую баявую групу, пачалі дзейнічаць. Хутка юнак стаў сувязным партызанскай брыгады імя С.М. Будзённага, штаб якой дыслацыраваўся недалёка ад яго роднай вёскі.
На дварэ спявала вясна, калі Лёня ў той нешчаслівы дзень з невялікім кошычкам яек ішоў з дому ў Куранец. Зразумела, пад яйкамі ляжала міна, якую ён нёс, каб падарваць у Куранцы штаб нямецкай дывізіі. Такі сюрпрыз рыхтаваўся фашыстам перад Першамаем. Але.. за вёскай Губы, у ляску, яго схапілі эсэсаўцы і паліцаі. Нават гранату не справіўся выхапіць з-за пояса. «Хтосьці выдаў», – маланкай мільганула думка.
Доўга катавалі ворагі ў вілейскай турме светларусага, з веснавым блакітам вачэй, прыгожага вясковага хлопца, камсамольца-партызана, але не выдаў ён сваіх баявых сяброў. Тады паўжывога Лёню фашысты павесілі на бярозе, каля дарогі, што вядзе з Вілейкі на Куранец. Пазней родным дазволілі пахаваць сына на вясковых могілках у вёсцы Стражы. Зараз на магіле прыгожы гранітны помнік, заўсёды прыбрана. І кветкі. А каля шашы Вілейка – Куранец у 1966 годзе пастаўлены помнік на ўшанаванне памяці загінуўшых камсамольцаў Вілейшчыны.
Лёс злітаваўся над нашай вёскай, яна не зведала трагедыі Хатыні, хаця і знаходзілася ў партызанскай зоне. Партызаны сюды наведваліся часта,і мясцовыя жыхары заўсёды дапамагалі ім, чым маглі.
Калі пачалося масавае выгнанне фашысцкіх войск з тэрыторыі Беларусі, узмацніўся прымусовы ўгон мірнага насельніцтва на катаржную працу ў Германію і ў першую чаргу – моладзі. Не абмінула гэта навала і моладзь вёскі Малькевічы. Майго бацьку, Малькевіча Аляксандра Юльянавіча, якому нават не было яшчэ і 18 гадоў, разам са старэйшым братам Лаўрэнціем і іншымі аднавяскоўцамі,летам 1943 года вывезлі ў Германію. Толькі ў сакавіку 1945 года вызвалілі з катаргі савецкія войскі, якія ўжо вялі актыўнае наступленне на Берлін. Так што прыйшлося яшчэ і ім панюхаць пораху і дабіваць фашыстаў у іх логаве. Дамоў вярнуліся пераможцамі і з баявымі ўзнагародамі: Малькевіч Мікалай Іванавіч – з ордэнам Чырвонай Зоркі, з вайны прыйшоў інвалідам, Малькевіч Канстанцін Сцяпанавіч, Малькевіч Аляксандр Юльянавіч – удзельнікі вызвалення Польшчы, Германіі,– з медалямі «За ўзяцце Берліна», Малькевіч Лаўрэнцій Юльянавіч, прымаў удзел у вызваленні Польшчы, штурме Берліна,– з медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна».
Не дачакаліся з вайны дамоў сваіх сыноў Малькевіч Іосіф Антонавіч і яго сястра Вольга Антонаўна. Іх лёс невядомы і сёння, яны прапалі без вестак: Міхаіл – у верасні 1944 года, а Мікалай – у маі 1945.
Сёння ў Малькевічах пражываюць два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: Малькевіч Павел Іванавіч, якому нядаўна споўнілася 90 гадоў, і Малькевіч Лаўрэнцій Юльянавіч, які 5 ліпеня адзначыць сваё 94-годдзе.
Дарагія, шаноўныя ветэраны! З Днём вялікай Перамогі! Моцнага вам здароўя і добрага настрою на доўгія гады жыцця! Няхай кожны з Вас будзе горды ад разумення таго, што не дарэмна пражыта такое доўгае і цяжкае жыццё. А мы пастараемся захаваць у сваёй памяці, захаваць для нашчадкаў падзеі тых яшчэ не зусім далёкіх, трагічных часоў, захаваць імёны тых, хто аддаў свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Памяць аб іх свяшчэнная…
Мы сапраўды памятаем усіх і ганарымся сваімі землякамі: Малькевіч Мікалай Дзмітрыевіч, кандыдат тэхнічных навук, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, амаль што ўсё жыццё пражыў у Гомелі; Малькевіч Віктар Ціханавіч, урач вышэйшай катэгорыі, доктар медыцынскіх навук, вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава; Малькевіч Аляксандр Аляксандравіч, вядомы расійскі журналіст, тэлежурналіст і пісьменнік, вельмі ганарыцца тым, што мае «свою фамильную деревню»; Залатарова (Малькевіч) Лілія Лаўрэнцьеўна, пілот грамадзянскай авіяцыі, камандзір самалёта, на ліку тысячы кіламетраў і гадзін авіярэйсаў, майстар спорту, суддзя Міжнароднай катэгорыі па верталётнаму спорту.
Кожную вясну, як птушкі з выраю, вяртаюцца з гарадскіх кватэр у свае родныя хаты бабулькі, прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі. І вёска жыве. І так будзе заўжды, пакуль жыве людская памяць!
Вольга КОЛАСАВА (Малькевіч),  старшы навуковы супрацоўнік
ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 141 queries