Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ён заўсёды быў у першых радах, і на яго раўняліся

Менавіта такімі словамі ўзгадвалі былыя партызаны брыгады імя М.В. Фрунзе свайго таварыша Паўліна Ізмайлавіча Карабіцына, кавалера Ордэна Чырвонай Зоркі і шматлікіх медалёў. Адважны, рашучы, упэўнены – такімі рысамі валодаў камандзір атрада імя Варашылава брыгады імя М.В. Фрунзе Паўлін Карабіцын.

У атрадзе яго ведалі як аднаго з самых смелых і адчайных камандзіраў. А пачыналася усё, калі ў першай палове чэрвеня 1941 года Паўлін Карабіцын, дваццацігадовы афіцэр Чырвонай Арміі, ураджэнец Архангельскай вобласці, аказаўся ў акружэнні і настойліва прабіраўся да лініі фронту. Прабіраўся па начах, праз глухія лясы і шляхі. Выйшаў да вёскі Малявічы, але тут не застаўся і накіраваўся да хутара Антанова, дзе жыла сям’я Антона Соніча, якія далі яму часовы прытулак і ежу. Адсюль Паўлін Карабіцын трапіў у партызанскі лагер атрада “За Радзіму”, які быў створаны на базе групы Я. Літвіненка, вылучанай з атрада “Мсцівец”, і складаўся з жыхароў Ільянскага і Лагойскага раёнаў.

У атрад Паўлін Ізмайлавіч трапіў адным з першых, і тагачасны камандзір атрада лейтэнант Барыс Мацюгін назначыў яго камандуючым узводам, а потым і ротай. Пачынаючы з сакавіка і па май 1943 года, Карабіцын быў начальнікам штаба атрада “За Радзіму”. У верасні 1943 года Паўлін Ізмайлавіч стаў камандзірам партызанскага атрада імя Варашылава, створанага ў жніўні 1942 года на базе асобных партызанскіх груп, якія дзейнічалі ў Ільянскім і Лагойскім раёнах. Дарэчы, пасля ранення Паўліна Карабіцына камандзірам атрада з лістапада 1943 года быў Яўген Фёдаравіч Мірановіч, яго паплечнік. У студзені 1943 года атрад імя Варашылава ўвайшоў у склад брыгады імя М. В. Фрунзе, якая ў 1944-м пры вызваленні Беларусі ў складзе 4 атрадаў агульнай колькасцю 844 партызаны злучылася з часцямі Чырвонай Арміі. Як ўзгадваў сам Паўлін Ізмайлавіч, камандзірам брыгады імя М.В. Фрунзе быў Іван Міроненка, з якім ён сябраваў і падтрымліваў адносіны і пасля вайны. “Усе мы Івана Іосіфавіча называлі “дзядзя Ваня” – ён быў на гадоў дваццаць старэйшы за ўсіх нас. У яго быў вялікі вопыт, і мы яго вельмі паважалі”.

“…Партызанам трэба было знішчыць нямецка-паліцэйскі гарнізон у Ільі, які быў добра ўмацаваны. Будынак школы фашысты ператварылі ў сапраўдную крэпасць і мелі там шмат зброі і нават танк. У касцёле яны зрабілі свой назіральны пункт. На вуліцах пабудавалі з бярвенняў бункеры, дзе кругласутачна знаходзілася варта. Па вуліцах вёскі немцы арганізавалі патруляванне. Партызаны некалькі разоў урываліся ў вёску з боем, часцей за ўсё на досвітку. Немцы і паліцаі тут жа ратаваліся ў будынку школы, адстрэльваліся адтуль і чакалі падмогі з Вязыні і з Вілейкі. Смела паводзіў сябе ў гэтых аперацыях Паўлін Карабіцын. Ён заўсёды быў у першых радах, і на яго раўняліся многія партызаны. Быў выпадак, калі ўсе ў атрадзе думалі, што Карабіцына з групай партызан схапілі немцы ў Ільі, бо пасля налёту ўсе вярнуліся ў лес, а яны не. Аказалася, што яны спазніліся з адступленнем, калі з Вілейкі наляцела шмат немцаў і паліцаяў. Адступаць было позна, іх маглі перастраляць. Тады яны схаваліся ў хаце Івана Тонкавіча. Немцы шукалі партызан па хатах, заскочылі і сюды. Спалоханы гаспадар сказаў, што ў хаце партызан няма і што яны пабеглі агародамі ў лес. Немцы, відаць, паверылі гаспадару, бо спяшаліся дагнаць партызан і ў задні пакой хаты не зазірнулі. А там за сцяной партызаны ўжо былі гатовы агнём сустрэць фашыстаў. Потым, калі сцямнела, яны выйшлі з хаты і праз рэчку незаўважанымі вярнуліся ў лес.

У чарговы раз партызаны наступалі на ільянскі гарнізон імкліва, хутка выбілі немцаў і паліцаяў з бункераў і авалодалі вёскай. Заставалася знішчыць фрыцаў, якія ўцяклі ў школу. Тут і завязаўся бой. Партызаны падступалі ўсё бліжэй і бліжэй. Але падабрацца да будынка школы было немагчыма. Адтуль з вокнаў бесперапынна вялі агонь з кулямётаў і аўтаматаў, білі з мінамётаў. Партызаны ўжо збіраліся пайсці на штурм, але спачатку з Вязыні, а потым і з Вілейкі немцам падаспела падмога…”

А вось як узгадвалі пра тыя гады сябры-партызаны Паўліна Карабіцына – камісары брыгады імя М.В. Фрунзе І.Міроненка, М.Чарапанаў, камандзір атрада “За Радзіму” Б.Мацюгін, партызанскі сябра У.Баркоўскі. Гэтыя ўспаміны падаў у сваёй кнізе “Не пакідаюць нас белыя лебедзі” ільянскі краязнавец Уладзімір Кажамяка.

Паўлін Карабіцын вельмі добра памятаў той бой у Ільі. Прадчуваючы свой крах, немцы супраціўляліся з усёй моцы, без перапынку білі з мінамётаў. Адна варожая міна разарвалася зусім блізка каля яго. Карабіцын хацеў падняццца, але не змог, бо асколкі ад міны прабілі яму грудзі. Акрываўленага, таварышы вынеслі яго з-пад абстрэлу, а потым аднеслі ў лес. Выздараўленне ў неспрыяльных умовах ішло марудна: з грудзей не ўдалося дастаць усе асколкі. Але яму было наканавана яшчэ жыць і ваяваць. Ужо праз некаторы час ён вярнуўся ў строй. Праз колькі часу, у якасці намесніка камандзіра брыгады па разведцы, Карабіцын камандаваў аперацыяй па знішчэнні харчовай базы ў Абадоўцах. Немцы былі тут добра ўзброеныя і схаваліся ў будынку спіртзавода за тоўстымі сценамі, адкуль выбіць іх было вельмі складана. Але нямецкі гарнізон быў знішчаны, бо партызаны разам з Паўлінам Карабіцыным змаглі падпаўзці да куляметных амбразур і закідаць іх гранатамі.

Затым былі дзясяткі баявых аперацый падчас “рэйкавай вайны”, калі пад адкос пускаліся нямецкія цягнікі, былі цяжкія баі ў час блакады. На яго вачах гінулі баявыя таварышы, даводзілася пераносіць шмат неймаверных цяжкасцей. Але ён разумеў, што інакш не магло быць, бо без гэтага нельга было б перамагчы і выжыць. Вайна забрала ў яго пакалення здароўе і маладыя гады… Яны захавалі сваю моц і выстаялі, а гады вайны ў іх успамінах засталіся найлепшымі гадамі. Пасля вайны Паўлін Ізмайлавіч працаваў у Карпавічах дырэктарам школы, затым у школах у Малявічах, Хадасах, Рабуні.

…У снежні 1982 года яго не стала. Хвароба сэрца спыніла жыццё гэтага чалавека. Ён памёр раптоўна на 63-м годзе жыцця. Яго магіла месціцца на вясковых могілках у Рабуні, а побач пахавана яго жонка, таксама ветэран вайны, Валянціна Васільеўна Карабіцына.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 150 queries