“Школа Іжа, школа Іжа, з усіх школ ты сэрцу бліжай”, – так пісаў калісьці былы дырэктар Кунавіч Мікалай Мікалаевіч. З такой думкай крочаць заўжды і сёння навучэнцы, выпускнікі, настаўнікі на 150-гадовы юбілей, які быў наладжаны ў традыцыйную сустрэчу школьных сяброў.
Шырока расчыніліся дзверы, сустракаючы гасцей, былых выпускнікоў і цяперашніх вучняў, якія прыйшлі цёпла сустрэць і падараваць усмешку.
Школа па-святочнаму прыбраная, пры ўваходзе зроблена арка з шароў, упрагожаны карыдор і актавая зала. Прыбываюць і прыбываюць госці. Гучыць музыка. Падрыхтавана канцэртная праграма, якая павінна суправаджацца прэзентацыяй. Яе распрацаваў настаўнік інфарматыкі Кляпец Мікіта Аляксандравіч.
Школа – святыня і надзея. Прайшло шмат часу. Змянілася яе аблічча. Замест драўлянай пабудовы вырас двухпавярховы будынак, разлічаны на 320 вучнёўскіх месцаў.
…Калі дзве дзяўчынкі з дапамогай чароўнай музыкі адкрылі ключом замочную скважыну, то ўсе ўбачылі цуда-будынак сучаснай школы на прэзентацыі.
Дзякуючы намаганням дырэктара школы Хадановіч Святланы Іванаўны, зноў адноўлены класныя пакоі. Люба глянуць усюды. З гонарам Святлана Іванаўна гаворыць сёння, што ў школу дзеці ідуць з усмешкай – значыць, яна прыветлівая, вядуць былыя выпускнікі сваіх дзяцей – значыць, яна любімая, у школе гатовы дапамагчы кожнаму – значыць, яна добрая, працуюць маладыя калегі – значыць, яна творчая. Усяго ў калектыве 18 педагогаў сеюць зярняты вечных пазнанняў у сэрцах сваіх выхаванцаў. Сярод іх ёсць і настаўнікі, якія засталіся працаваць на сваёй малой радзіме.
На вечары прысутнічаюць ганаровыя госці: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райкама Пуцэйка Аляксандр Часлававіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валынец Святлана Леанідаўна. Яны выказалі шмат добрых слоў у адрас работнікаў школы і пажадалі далейшага росквіту. Аляксандр Часлававіч узнагародзіў Ганаровай граматай за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі раёна намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці Путырскую Валянціну Васільеўну і настаўніцу-моваведа Навасёлак Марыю Аляксееўну.
У наш няпросты час школа як ніколі патрабуе мудрых, разумных сяброў. Без іх было б вельмі цяжка выжыць нашаму школьнаму дому. Да такіх адносяцца выпускнікі, а цяпер кіраўнікі Іжаншчыны Міргалоўскі Пётр Мікалаевіч і Навасёлак Валянціна Уладзіміраўна.
Цудоўныя вядучыя Місюль Вікторыя Мікалаеўна і Кляпец Мікіта Аляксандравіч расказваюць гісторыю школы, называюць прозвішчы першых дырэктараў. Сярод іх Кунавіч Мікалай Мікалаевіч, які кіраваў школай 26 год, прадстаўнік выпуска 1955 года, выдатнік асветы БССР і СССР, паэт, аўтар зборніка вершаў “Роднае”, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, дзеліцца ўспамінамі сёння аб дасягненнях і праблемах у тыя часы.
Лукша Галіна Іванаўна, таксама выпускніца Іжскай школы, пачынала працаваць піянерважатай, затым намеснікам дырэктара, а пасля 9 год узначальвала калектыў і шмат зрабіла па добраўпарадкаванню школы.
З віншаваннямі з нагоды юбілею выступілі кіраўнікі Чурлёнскай, Любанскай, Латыгальскай і Пагосцкай школ.
Старэйшыя калегі, ветэраны працы, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі выхаванню і навучанню дзяцей, якія, хоць і пайшлі на адпачынак, але ў думках вяртаюцца зноў да маладосці, успамінаюць гады працы ў школе. Касяк Ніне Львоўне, заслужанай настаўніцы БССР, Шарафановіч Таццяне Мацвееўне, выдатніку асветы БССР, Хадановіч Ліі Цімафееўне, выхавальніку-метадысту, можна шмат што ўспомніць аб былых вучнях, паходах і турзлётах. А сёння Лія Цімафееўна нават здзівіла прысутных сюрпрызам –пачастункам, выпечкай двух кошыкаў руж…
Ушаноўваецца памяць хвілінай маўчання тых, хто прысвяціў свае лепшыя гады жыцця выхаванню дзяцей, каго няма сярод нас (прозвішчы высвечваюцца на слайдзе).
Смуткам і гонарам школы з’яўляецца Мікалай Каляда, імя якога носіць наша піянерская дружына. Мікалай загінуў пры выкананні воінскага абавязку ў Афганістане ў 1984 годзе і ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, медаллю “Ад удзячнага афганскага народу”. На будынку школы змешчана сёння мемарыяльная дошка. Высаджана алея Славы.
Гонарам Іжаншчыны з’яўляецца таксама Анатоль Валянцінавіч Рогач, які на працягу свайго жыцця займаўся вывучэннем гісторыі роднага краю. У 2003 годзе яму прысвоена званне “Чалавек года Вілейшчыны”.
Разам з 150-гадовым юбілеем школы ўшаноўваюцца яе юбілейныя выпускі… На сцэну выходзяць людзі розных узростаў з кветкамі, успамінамі і ўражаннямі.
Усе выступленні суправаджаюцца цудоўнымі нумарамі, вельмі добра падрыхтаванымі вершамі, танцамі, песнямі вучняў і хору настаўнікаў, кіраўніком якіх з’яўляецца Занкавіч Інга Уладзіміраўна.
Зачараваў залу дуэт дырэктара школы і яе дачкі – студэнткі Акадэміі мастацтваў.
А гучанне песні “Школьны вальс” у выкананні настаўніцы Гатоўка Людмілы Лявонаўны нават прымусіла некаторых падняцца і закружыць у вальсе.
Хацелася б, каб новае пакаленне яе выпускнікоў унесла новыя старонкі летапісу ў гісторыю яе станаўлення.
Ганна БАБКЕВІЧ, настаўнік пачатковых класаў.
Фота прадастаўлена аўтарам
А гучанне песні “Школьны вальс” у выкананні настаўніцы Гатоўка Людмілы Лявонаўны нават прымусіла некаторых падняцца і закружыць у вальсе.










