– А ў Цынцавічах усе – Круцько, Ількевічы ды Сільвановічы. Здаецца, і прозвішчаў больш няма… – Імя ў нашага героя таксама немудрагелістае: Іван. Ды і па бацьку яго клічуць Іванавічам. Такі зусім славянскі акцэнт атрымоўваецца. Мой суразмоўца – машыніст рубільнай машыны Вілейскага доследнага лясгаса. Падобная тэхніка з’явілася ў нас на Вілейшчыне параўнаўча нядаўна. Менавіта з таго часу, як у горадзе запрацавала Міні-ТЭЦ, адным з відаў паліва на якой з’яўляецца дранка – дробна нашчапаныя ў амаль аднародную масу драўнінныя рэшткі. Працэсам займаліся рубільныя машыны. На адной з такіх і працуе Іван Круцько.
Да тэхнікі ён быў ахвочы з маленства. Напэўна, з таго часу, калі ў школьнай майстэрні ўключаў такарны станок, выконваючы заданні настаўніка па працоўнаму навучанню. Затым была вучоба ў вілейскім прафтэхвучылішчы і набытая там спецыяльнасць трактарыста таго самага шырокага профілю, які быў і тады, і цяпер запатрабаваны на розных вытворчасцях. Тэрміновую Іван служыў на Львоўшчыне, у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння.
– «Маскалей» там і тады не любілі, – успамінае ён часы сваёй службы. А да нас, «бульбашоў», адносіны, здаецца, былі нармальныя. – Абое мы разумеем нечакана абуджаны ўспамінам новы кірунак нашай размовы. Толькі трымаемся яго нядоўга, вяртаючыся да існасці нашага сённяшняга жыцця. У ім – паўсядзённасць, дзе ў буднях заўсёды ёсць непаўторнасць. Яе трэба ўмець знайсці і вылучыць. І тады кожны новы дзень не падасца падобным на папярэдні. Гэта атрымоўваецца ў майго героя. Ён успамінае, як амаль дваццаць год працаваў у меліярацыі. Было ўзвядзенне аб’ектаў, будаўніцтва дарог. Экскаватар – тэхніка прэстыжная сярод меліяратараў. Пацягнула змяніць спецыфіку работы зусім банальная сітуацыя: надзея на больш важкі заробак. У лясгасе не адмовіліся прыняць на працу. Спачатку проста лесарубам. Затым даверылі рубільную машыну. Яго тэхніка там, дзе ідуць распрацоўкі лесу: рубкі догляду, санітарныя, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Усюды ёсць фронт работы для рубільнай машыны.
– У маёй новай тэхнікі, вядома, свая спецыфіка, – не пярэчыць Іван Іванавіч. – Па тэхналогіі машына не на трактар – хутчэй, на камбайн падобная. Догляду і ўвагі патрабуе. Вось і працую без зменшчыка. Упэўнены: тэхніка павінна быць у адных руках.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА









