У вагончыку – часовым прытулку, дзе пры мінімуме бытавых выгод можна ўсё ж пераапрануцца, папіць чайку ў абедзены перапынак, – утульна. Цяпло выпраменьвае круглая металічная грубка з выведзеным у акенца дымаходам. На розніцы тэмператур і трымаецца гэты адносны камфорт. Бо за сценамі ўзялася завіруха. Але, калі працаваць пад дыктоўку надвор’я, то і будаваць не будзе часу. Гэта не мая думка, гэта ўслых разважае прараб будаўнічага ўпраўлення № 195 Сяргей Шакуля. І дадае, што сучасныя будаўнічыя тэхналогіі дазваляюць весці кладку і пры мінусавой тэмпературы.
– А 40-кватэрны жылы дом ЖБК «Паўночны-26» ужо спакваля ўзняўся да чацвёртага паверху. Побач вырасце яшчэ адзін. Гатовы катлаван.
– Чакаем «сваебойшчыкаў», – гэты красамоўны будаўнічы сленг успрыймаю без перакладчыкаў. Між тым Сяргей Анатольевіч працягвае расказваць пра бытавыя ноу-хау жылых дамоў новага гарадскога мікрараёна. Прыродны газ. У кожнай кватэры – індывідуальныя прыборы ўліку. Жыльцы самі змогуць рэгуляваць тэмпературны рэжым. Мой суразмоўца – будаўнік з вопытам. Ужо трыццаць год мінула, як прыйшоў ва ўпраўленне пасля заканчэння (на той час) політэхнічнага інстытута. Яшчэ ўзводзіў вытворчыя карпусы завода «Зеніт», побач – новы жылы мікрараён. Ну, і адпаведныя ім інфраструктуры – таксама. Прафесія будаўніка тым і адметная, што дазваляе яе носьбіту пакінуць не віртуальны, а самы што ні ёсць рэальны след на гэтай зямлі. Магчыма, гэтага яшчэ не ўсведамляюць маладыя цесляры Юра, Антон і Руслан, якія ў неспадзяваны вытворчы перапынак забеглі ў вагончык пагрэцца. Хлопцы закончылі Вілейскі прафесійна-тэхнічны каледж. Ва ўпраўленні праходзілі практыку. А вярнуліся сюды гатовымі спецыялістамі 3-4 разрадаў.
– Заявачку? На раніцу? Будзем глядзець па надвор’ю. – Сяргей Анатольевіч адказвае на сігнал мабільнага, імкнучыся не згубіць канву нашай размовы. – Безумоўна, летам лацвей весці кладку. Але ж – людзі на здзельшчыне. Зарплата ў іх руках. – Нібы ў пацвярджэнне яго слоў, да імправізаванай драўлянай лесвіцы падыходзяць маладыя мужчыны з кельмамі. Спяшаюся да іх, імкнучыся пазнаёміцца і задаць колькі пытанняў у гэтай вытворчай абстаноўцы, якая зусім не схіляе да доўгіх размоў. На аб’екце арганізавана двухзменная работа. Муляры Уладзімір Руткоўскі, Іван Раўко і Алег Таран – з брыгады Славаміра Балінскага. Хлопцы на хаду дзеляцца тым адметным, што сёння адбываецца ў іх жыцці. Іван, яшчэ і месяц не прайшоў, як стаў бацькам. Усёй сям’ёй выбіраюць сыну імя. Алег марыць пабудаваць уласны дом таксама ў мікрараёне «Паўночны». І ўжо заклаў пад сваю мару грунтоўную аснову: ёсць праект, банк выдзеліў крэдыт. І прафесійныя навыкі будуць не лішнія.
Паралельна з мулярамі на аб’екце працуюць субпадрадчыкі. Электрыкі са спецыялізаванай калоны Мінскаблсельбуда ўжо манціруюць у падвалах праводку.
– Хутка пойдзем па паверхах, – удакладняе прараб Юрый Хальпукоў. Электраправады акуратна лягуць пад тынкоўку. І такое комплекснае вядзенне работ дазволіць укласціся ў нарматыўныя тэрміны ўзвядзення аб’екта, пазначаныя чэрвенем бягучага года.
…Два вежавыя краны, як пільныя вартаўнікі, узняліся над новабудоўлямі паўночнага мікрараёна. Тут, на зямлі, рассваволены вецер абяцанага сіноптыкамі чарговага цыклона, гайдаў поручні часовых лесвічных пралётаў. А як жа там, падумалася, на вышыні? Не думаючы аб нечым такім узнёслым, людзі проста выконваюць свой будзённы абавязак. Каб пасля іх нехта зусім незнаёмы адчуў хатнюю ўтульнасць яшчэ пакуль неабжытых куткоў.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара
Імя для сына з мікрараёна «Паўночны»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ








