Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ільянскую школу наведала міжнародная дэлегацыя

1 мая 2011 года Дзяржаўную ўстанову адукацыі “Ільянская агульнаадукацыйная сярэдняя школа імя А.А. Грымаця” наведала аўтарытэтная міжнародная дэлегацыя. У складзе яе – генеральны дырэктар кампаніі «INSPUR» (КНР) – Хуан Ган; гандлёвы прадстаўнік кампаніі ў Рэспубліцы Беларусь Вэй Яньхуа; галоўны інжэнер Лі Лу; старшыня грамадскага аб’яднання “Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і работадаўцаў”, старшыня прэзідыума рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва (саюза юрыдычных асоб) Уладзімір Карагін. Былі і іншыя прадстаўнікі улады і бізнэса, зацікаўленыя ў развіцці рэгіёна.
Звонкімі гукамі беларускіх цымбалаў гасцей сустрэлі ільянскія школьнікі Надзея Ярашэвіч і Вікторыя Юшко.
Па залах школьных народных музеяў “Ільянскія далягляды” і “Вілейшчына літаратурная” правёў гасцей дырэктар школы Ігар Юшко. Размова ішла аб літаратарах Вілейшчыны, іх лёсах і творчасці, аб школьных, местачковых, рэгіянальных і агульнавядомых выданнях, аб гісторыі, падзеях і людзях Ільяншчыны, вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці музеяў. Настаўніца Міхалькевіч С.І. са старшакласніцамі праспявалі для гасцей вядомую беларускую песню “Туман ярам”.
Бясконца пстрыкалі фотакамеры, працавалі перакладчыкі, задаваліся пытанні. Адчувалася непадробная зацікаўленасць з боку кітайскіх гасцей. А яшчэ і павага да таго, як захоўваецца наша мінулае і сучаснае. Глядзець упэўненна ў заўтрашні дзень, ствараць будучыню суверэннай краіны магчыма пры беражлівым захоўванні гісторыі, традыцый, адказнасці за ўласныя ўчынкі.
Кампанія «INSPUR» з’яўляецца вядучым кітайскім пастаўшчыком камп’ютарных платформ, сервераў, светладыёдных прылад, іншага абсталявання. Замежныя госці адзначалі, што супрацоўніцтва з людзьмі, якія шануюць традыцыі, маюць гістарычную памяць, упэўненасць у заўтрашнім дні мае добрыя перспектывы.
Дарэчы, прыемна адзначыць, што апошні часам усё больш людзей цікавяцца турыстычнымі, краязнаўчымі, мастацкімі, экалагічнымі магчымасцямі нашага краю. На нашу думку – гэта і ёсць залаты фонд Вілейшчыны, яе рэзервы і перспектывы.
На развітанне госці атрымалі ад нас падарункі: буклеты школьных музеяў, музеяў і ўстаноў адукацыі Вілейскага раёна, цікавыя выданні аб Віліі і Вілейшчыне і выразаныя вучнямі з адзінага куска драўніны дзве пераплеценыя ручкамі неразрыўныя гіры –  у знак салідарнасці і сяброўства.
“Паважаць гісторыю, захоўваць вечную дружбу» — гэты запіс кітайскім іерогліфамі застаўся ў кнізе ганаровых наведвальнікаў музеяў Ільянскай школы.
Алеся СЭСАРАВА, педагог-псіхолаг ДУА “Ільянская агульнаадукацыйная сярэдняя школа імя А.А. Грымаця”

Міжнародная дэлегацыя ў Ільянскай школе

Міжнародная дэлегацыя
Міжнародная дэлегацыя

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries