Пенсіянерка з Куранецкага сельсавета Ганна Ількевіч пазваніла ў рэдакцыю з канкрэтным пытаннем. Сёлета, падзялілася жанчына, у садзе ўрадзілі яблыкі, не супраць была б здаць у раённае спажывецкае таварыства. Але ж цана…
– Усяго толькі тры капейкі за кілаграм, – жанчына на другім канцы провада, відаць, незадаволена. – Што гэта за грошы і хто такія цэны ўстанаўлівае? А ўрэшце… Усё роўна прападуць тыя яблыкі, таму здам па любой цане. Толькі вось цікава, як аператыўна гэта трэба зрабіць, ці не закончыцца неўзабаве закуп?
На пытанні нашай чытачкі мы атрымалі адказ у намесніка старшыні праўлення райспажыўтаварыства Марыны Белай.
– Хвалявацца не трэба, нарыхтоўка яблыкаў толькі пачалася, – супакоіла Марына Валер’еўна. – На сёння (6 верасня) намі прынята 66 тон яблыкаў. Даведзена ж закупіць 850 тон. Так што, думаю, часу на здачу яблыкаў у людзей хопіць.
Што датычыць невысокага кошту за кілаграм яблыкаў, то нарыхтаваную садавіну мы здаём на харчовыя камбінаты («Ілава» і «Аквадыў») таксама танна. Адсюль такая закупачная цана.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО