Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Хачу ўбачыць сына, якога яшчэ не бачыў…»

«Хачу ўбачыць сына, якога яшчэ не бачыў…», — так пісаў у сваім апошнім пісьме з фронта Іван Качан.

У віхуры ваеннага ліхалецця былі зламаны мільёны чалавечых лёсаў. Вайна… Колькі маладых дзяўчат і жанчын ты пакінула ўдовамі, колькі дзяцей – сіротамі.

Звычайная вёска на карце Беларусі, якіх тысячы – вёска Рабунь. Не самая малая, але яшчэ і не мястэчка, як вызначалі статус паселішча раней. З гэтай вёскі на фронт у 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, на вайну было прызвана каля 120 юнакоў і мужчын. І гэта не ўлічваючы, колькі дзясяткаў маладых дзяўчат і хлопцаў за час акупацыі немцы вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Былі і тыя, хто загінуў падчас акупацыі. Але ўявіць сабе: увесь генафонд адной вёскі – мужчыны, хлопцы, галоўныя хлебапашцы і гаспадары амаль поўнасцю былі адлучаны ад сваіх сем’яў. Вынік: 22 маладыя жанчыны засталіся ўдовамі, 42 мужчыны загінулі ці прапалі без вестак на франтах вайны. Дадому вярнулася толькі каля 70 чалавек.

Гісторыя героя гэтага артыкула даволі тыповая для пасляваеннага часу. Ён ніколі не бачыў свайго бацьку, бо той пайшоў на фронт у ліпені 1944, за два месяцы да нараджэння сына. 5 сакавіка 1945 года прыйшло пісьмо ад бацькі, якое аказалася апошнім, бо ўжо пасля 26 сакавіка маці атрымала пахаронку на мужа.

Для Міхаіла Іванавіча Качана з Рабуні адзінай рэліквіяй і напамінам пра яго бацьку з’яўляецца даваенная фотакартка і тое апошняе пісьмо, што Іван Качан напісаў дахаты ў пачатку сакавіка, крыху менш, чым за паўтара месяца да дня Вялікай Перамогі.
Качан Іван Уладзіміравіч нара­дзіўся ў 1905 годзе, яго бацька пахо­дзіў з Качанкоў, але сям’я жыла ў вёсцы Слабада, што зараз з’яўляецца часткай Рабуні. А ў тыя часы месцілася амаль побач, але ў 1960-я гады была перанесена з-за будаўніцтва Вілейскага вадасховішча і стала часткай Рабуні. Пры Польшчы Іван Качан адслужыў у арміі, меў двух сыноў, але яго першыя дзве жонкі памерлі і перад вайной ён ажаніўся з рабунскай дзяўчынай Макрынай. Ён быў выдатным столярам, вырабляў дзверы, вокны, але гэтыя здольнасці не змог перадаць свайму малодшаму сыну Мішу, бо так яго і не ўбачыў. Але сам Міхаіл Іванавіч усё ж асвоіў сталярнае і бандарнае рамяство самастойна, хаця азы рамяства падглядаў у іншых. Значыць, здольнасці бацькі перадаліся. Яшчэ пры Польшчы Іван Уладзіміравіч Качан сам змайстраваў адметнае «арала» – так яго назвалі суседзі. Ён зрабіў своеасаблівую крутушку-барабан, да якой на доўгім тросе мацаваўся плуг. Нават жанчына магла круціць гэты барабан, на які наматваўся трос, і без каня можна было плугам араць поле. Як цяпер сказалі б – Кулібін. Такое прыстасаванне было вельмі запатрабавана ў тыя часы і карысталася папулярнасцю сярод сусе­дзяў.

“Хачу ўбачыць таго, каго не бачыў…”, – пісаў у сваім апошнім лісце да жонкі Іван Уладзіміравіч. На фронт ён адыходзіў, калі яго Макрына была цяжарная, і бацька толькі ўжо з перапіскі даведаўся, што ў яго нарадзіўся сын. Сын, якога яму так і не давялося ўбачыць.

– «Нажывайце жывёлу, калі вярнуся, будзем падымаць гаспадарку, – зачытвае радкі з апошняга пісьма бацькі Міхаіл Іванавіч Качан. – Буду прасіць начальства, каб дазволілі выслаць вам пасылачку. Мы тут у польскіх мястэчках нагамі топчам такое дабро, якога вы ніколі і не бачылі».

А напрыканцы ліста была прыпіска: “Ворага разаб’ём і хутка сустрэнем Перамогу”.
Маладая Макрына чытала пісьмо і гушкала калыску са сваім Мішкам, радуючыся, што гаспадар жывы і здаровы. Але ўжо праз некалькі тыдняў прыйшла пахаронка, у якой значылася, што радавы Качан Іван Уладзіміравіч, 1905 года нараджэння, загінуў 26 сакавіка 1945 года ў Польшчы пры вызваленні горада Гданьск і пахаваны на паўднёвы захад ад вёскі Кенкаў.

Тое, што прыйшла пахаронка з месцам пахавання мужа – гэта было крыху лепш, чым як многім суседкам, чые мужы прапалі без вестак і яны засталіся з дзецьмі на руках – без гаспадара і той самай, хаця мізэрнай, але ўсё ж пенсіі.

– Пенсію за бацьку я атрымоўваў сам – 40 рублёў, – распавядае Міхаіл Іванавіч. – У мяне была спецыяльная кніжачка, і грошы мне, школьніку, давалі на рукі. Гэта былі зусім невялічкія грошы – хапала толькі на хлеб. Памятаю, аднойчы купіў за іх сабе партфель. А мы, вясковыя хлопцы, амаль усе хадзілі ў школу з такой палатнянай торбачкай праз плячо.

У старэйшых вучняў я бычыў падобны партфель і мне так яго захацелася мець. Таму аднойчы, атрымаўшы 40 рублёў, сам з’ездзіў у Ілью і купіў сабе той самы партфель. Прыйшоў радасны дадому, а маці чакае, што я ўжо прынясу хоць невялічкія грошы, будзе за што купіць хлеба. А грошаў тых ужо і не было. У той вечар я добра атрымаў ад матулі – на ўсё жыццё запомніў.

Такі выпадак быў, канешне ж, адзіны, бо сын Міша стаў Макрыне Данілаўне галоўным памочнікам і апорай. Яна дажыла да таго часу, калі яе пасталелы Міхаіл Іванавіч абзавёўся сям’ёй і стаў адным з перадавых вадзіцеляў у калгасе. Напэўна, столькі грамат, як у Міхаіла Іванавіча Качана за лепшыя паказчыкі на адвозцы зерня і падчас ўкосу траў, ды іншых работ у калгасе, не было ні ў каго. Нават на пенсіі ён не сядзіць без справы. Тут і даўнейшае рамяство ёсць калі прымяніць: каму вакно ў веранду зробіць, а калі яшчэ трымалі кароў – і маслабойку змайструе, ды і дачнікам для інтэр’ра сядзібы драўлянае вядро зробіць, у якім клёпка да клёпачкі. Міхаіл Іванавіч расказвае, што якія-ніякія сакрэты сталярнага і бандарнага рамяства падказваў яму выдатны майстар з суседніх Сліпак – Уладзімір Маркавіч Трубач.

Міхаіл Качан, хаця ніколі не бачыў свайго бацьку-франтавіка, але яго сталярныя і бандарныя здольнасці пераняў

Так вось бацькавы гены, старанне і зацікаўленасць да працы сталі галоўнымі спадарожнікамі па жыцці Міхаіла Качана.

Вось такая гісторыя памяці аднаго пісьма з фронту. Гісторыя цэлага пакалення…

Сяргей ГАНЧАР/Фота з архіва рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 172 queries