Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Хачу ад усяго сэрца падзякаваць…

Мама траіх дзетак з вёскі Кавалі Нарачанскага сельсавета Г. І. Іонкіна (на жаль, жанчына не «расшыфравала» імя і імя па бацьку) пажадала падзякаваць праз газету загадчыцы Кавалеўскага клуба Галіне Сарока. Гэта вельмі старанная і добразычлівая жанчына, якая многа робіць для людзей. Мнагадзетная мама яшчэ пад уражаннямі свята жанчын-маці. «Ніхто з запрошаных не быў абыдзены ўвагай, – піша Г. І. Іонкіна. – Нам прысвячаліся віншаванні, вершы, песні. Усім былі прыгатаваны падарункі. Музыкі, песень, танцаў хапіла ўсім. А колькі было сказана цёплых слоў! І ўсё гэта дзякуючы Галіне Рыгораўне. Дзякуй вялікі, паважаная, што Вы ў нас ёсць і што ўсё ўмееце і можаце”.
Дырэктар агульнаадукацыйнай сярэдняй школы №3 Мікалай Гіро патэлефанаваў у рэдакцыю, каб таксама сказаць «дзякуй».
– Хочацца сказаць гэта цёплае слова кіраўніцтву аўтобуснага парка, якое нас зразумела і дапамагло, – сказаў Мікалай Мікалаевіч. – Другая змена ў нас заканчваецца недзе ў палове восьмай, і дзеці, якія жывуць у аддаленых мікрараёнах, не паспявалі на аўтобус. Па нашай просьбе ў аўтобусным парку змянілі графік руху аўтобусаў.
А яшчэ дырэктар трэцяй гарадской школы ўдзячны калектыву жыллёва-камунальнай гаспадаркі, усім тым, хто мае дачыненне да асвятлення вуліц Чайкоўскага, Пушкіна, Астроўскага, Маркава.
– Пасля заканчэння заняткаў у другую змену вучням было цёмна хадзіць дадому, – расказаў Мікалай Мікалаевіч. – Па нашай просьбе свяцільнікі былі аператыўна адрамантаваны.
У прынцыпе, нічога звышнатуральнага ніхто з вышэйназваных спецыялістаў не зрабіў – кожны на сваім месцы выконвае свае абавязкі так, як належыць. А людзі ўсё ж дзякуюць. Значыць, вельмі важна, каб кожны з нас працаваў сумленна.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries