Гісторыя сям’і Лазар з вёскі Капішча, што ў Асіпавіцкім сельсавеце – гэта адна са шматлікіх трагічных гісторый, якія перанёс беларускі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Напярэдадні вайны звычайная беларуская сям’я Піліпа Лазара, як і многія іншыя сем’і, жыла штодзённымі клопатамі: сеялі і ўбіралі ўраджай, выраблялі лён і ткалі, даглядалі хатнюю жывёлу і, як маглі, зараблялі на жыццё. Усё змяніла вайна… Невялікая вёсачка Капішча, дзе жыла сям’я Лазар, у якой гадаваліся дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі, была акружана лясамі, таму спакою ў ваенны час тут не было: днём прыязджалі нямецкія салдаты, а ўначы прыходзілі партызаны. Так і цягнулася да раніцы 26 мая 1944 года, калі наляцелі нямецкія самалёты і пачалі бамбіць вёскі ў акрузе – немцы хацелі знайсці партызан. Жыхары хаваліся дзе маглі: у полі, у лесе. Фашысты стралялі запальнымі кулямі ў дамы, выганялі людзей на вуліцу і ўсё шукалі партызан. Але іх у вёсцы не было. Пра тыя часы і адпраўку на прымусовыя работы ў Германію ўзгадваюць непасрэдныя сведкі: Марыя, Ірына і Анатоль Лазары – дзеці сям’і Лазар з Капішча.

Калі вёску пачалі бамбіць, сярэдні з сыноў змог уцячы і затаіцца. Уцякалі і іншыя дзеці, але потым вярнуліся… Вярнуліся і былі адпраўлены ў Германію. Так, старэйшую Марыю і Ірыну, малодшага брата Толю, маці і дзеда па бацькавай лініі пагналі ў Нямеччыну. Зараз былыя дзеці вайны ўсе сталага веку, ветэраны працы, выгадавалі і выпусцілі ў дарослае жыццё сваіх дзяцей, але памяць захавала на ўсё жыццё тыя гадзіны.
Зараз Марыя Піліпаўна Мамай жыве ў вёсцы Мамаі, а Ірына Піліпаўна Чарнецкая і Анатоль Піліпавіч Лазар – у вёсцы Капішча.
– У чатыры часы раніцы на нашу вёску Капішча немцы скінулі дзве бомбы, – узгадвае Ірына Піліпаўна Чарнецкая, другая па ўзросце дачка Піліпа Лазара, якой зараз 87 год. – Тады забіла адну жанчыну бомбай у Капішчы. Людзі ў споднім пачалі выбягаць з хат, хтосьці схаваўся ў лесе, астатніх немцы сагналі да вясковага крыжа. Немцаў было шмат з кулямётамі і аўтаматамі. Вёска гарэла… Дарослых паставілі ў шарэнгу і прымусілі пакласці рукі на галаву. Мы ўсе былі ачэпленыя салдатамі з сабакамі. Нас падрыхтавалі да расстрэлу. Людзі стаялі і чакалі смерці. Раптам прыехаў на легкавым аўтамабілі нейкі нямецкі афіцэр, пагаварыў – і нас павялі да хлява. Мы не ведалі, што думаць: ці нас спаляць, ці што?
Тым вяскоўцам, у якіх ацалелі хаты, можна нават было схадзіць за адзежай і сабраць яды, толькі пад страхам смерці нельга было ўцякаць.
– 26 мая 1944 года. У той чорны дзень у нашым сельсавеце было спалена 8 вёсак. Так, у спаленай вёсцы Гасцілава расстралялі ўсіх яе жыхароў, сярод якіх была сям’я роднага брата маёй мамы, – узгадвае тыя падзеі 92-гадовая Марыя Піліпаўна. – У сям’і дзядзькі было пяць чалавек, карнікі не пашкадавалі нікога – расстралялі і дзвюх маленькіх дачок дзяцькі, якім было ўсяго 5 і 6 гадоў.
Пасля бамбёжкі Марыя вярталася дадому. Іх дом гарэў. Мама дала ёй вузельчык і загадала схаваць яго ў полі. Яна ішла павольна, нікога не баючыся. Раптам пачула «Хальт!» – і азірнулася: ззаду стаяў нямецкі салдат з аўтаматам. Ад нечаканасці ў 16-гадовай дзяўчыны ўпаў вузельчык. Немец загадаў вяртацца ў вёску. Усім вяскоўцам было сказана свае пажыткі скласці на падводы. Сюды ж, у Капішча, прывялі і жыхароў суседніх вёсак. Усяго чалавек 100 палонных пагналі ў Вілейку пад узмоцненай аховай, як злачынцаў. Павыганялі з хлявоў і скаціну, якую гналі разам з людзьмі. Старых і хворых, хто не мог самастойна ісці, расстрэльвалі па дарозе. Абоз час ад часу прыпыняўся. У адну з такіх стаянак, паблізу вёскі Асіпавічы, Піліп Лазар, якому даручылі немцы везці падводу з дабром у самым канцы доўгага шэрагу фурманак і палонных, уцёк.
– Тату пашанцавала, бо там не было немцаў і падчас чарговага прыпынку пад Асіпавічамі ён збег у лес. Потым тата знайшоў сярэдняга брата, якому раней удалося схавацца і ўцячы. Яны пайшлі ў Дубішча, дзе жыў бацькаў брат. Там яны выкапалі зямлянку і так жылі ў ёй усю вайну, – расказвае Ірына Піліпаўна.
Палонных прыгналі на вакзал у Вілейку і пасадзілі, як скаціну, усіх у адзін вагон.
– Мы не ведалі, куды нас вязуць і што будзе далей. Аказалася, нас спачатку адвезлі ў Беласток, а потым у горад Эрфурт, дзе мы прабылі тыдзень.
Да сённяшняга часу Ірына Піліпаўна памятае, як яна, ідучы сярод калючага дроту і вышак з аховай, убачыла гару чалавечых трупаў. Схудзелыя вязні кідалі іх на транспарцёр і так грузілі на машыны. Яна паклікала старэйшую сястру Маньку, і яны пайшлі на гэта паглядзець. Ірына ўзялася за дрот і глядзела на ўсё, што адбывалася за ім. І раптам адчула балючы ўдар па руках – гэта немец стукнуў яе палкай, каб адагнаць.
– Калі нас прывезлі ў канцлагер у горад Эрфурт, там усім нам як зняволеным рабілі адбіткі пальцаў і фатаграфавалі з нумарам на дошцы, – узгадвае Марыя Піліпаўна. – Тут нас упершыню пакармілі: далі нейкі чорны суп з пяском. Пасля чарговай камісіі нас перавезлі ў горад Нордхаузен. Нас размеркавалі, мы працавалі і жылі на тытунёвай фабрыцы. З ежы давалі трохі хлеба і суп з бручкай. Мы рабілі цыгарэты для салдатаў нямецкай арміі.
У канцлагеры ўся сям’я Лазар разам з дзедам выжывала больш за год, даводзілася ёсці нават сырых жаб, каб не памерці з голаду.
– Нас пасялілі на першым паверсе тытунёвай фабрыкі. Будынак акружаў высокі плот, абнесены калючым дротам. Унутры бараку стаялі двух’ярусныя ложкі, як у турме. Кожны дзень нас ганялі на працу. Дзяцей прымушалі складаць у пачак цыгарэты. Немцы ставілі перад намі таз з тытунём і кошык. І пакуль мы не напоўнім кошык, нас не адпускалі. Кожную раніцу ўсіх дарослых вязняў выводзілі за вароты пад канвоем на працу. Мне заўсёды было страшна гэта ўспамінаць, таму за ўсё жыццё я ніколі не пыталася ў мамы, куды яны хадзілі і што там рабілі, – расказвае Ірына Піліпаўна.
У гэтым лагеры, па ўспамінах Ірыны Піліпаўны, у людзей не стралялі і іх не труцілі газам, але памерці ад голаду і хвароб тут было зусім лёгка.
– Кармілі нас два разы на дзень, раніцай і ўвечары: міска жыжкі з варанай чарвівай бручкай і маленькі кавалачак хлеба. Памятаю, што мы елі маленькіх сырых жаб, па пяць запар. Калі бачу, як жабы ў двары скачуць, кажу родным, што вось такіх я ела ў Германіі. Ежы страшна не хапала. Нам увесь час хацелася есці. Мама нам з братам заўсёды аддавала свой хлеб. А потым ад голаду ў яе сталі апухаць ногі. Памятаю, што Толік усё хадзіў і прасіў есці: «Мама, дай есці». Мама плакала, але нічога не магла зрабіць, мы нават калі-нікалі корпаліся ў нейкім смецці, каб знайсці ежу.
– Калі да горада сталі падыходзіць савецкія войскі, нас вырашылі знішчыць. Для гэтага ў лагер прыехалі машыны-душагубкі. Але ў гэты час наляцелі амерыканскія самалёты і сталі бамбіць горад. Адна з бомбаў трапіла ў душагубку. Усе палонныя пабеглі ў склеп, а затым мы ўсёй сям’ёй перабраліся ў бамбасховішча. Людзі беглі па вуліцах горада. Над намі ляцелі самалёты, але не бамбілі, – з болем узгадвае тыя часы Ірына Піліпаўна.
Потым уся сям’я некалькі дзён без ежы сядзела ў тунэлі. Нехта прынёс сюды запіску – кірунак у іншы лагер, дзе знішчалі людзей. Гэта быў канцлагер «Дора».
– Мы выйшлі ўначы з тунэля і пайшлі па нямецкай зямлі. Памятаю, калі прыйшлі да вялікай гары, ад яе разыходзіліся дзве дарогі: адна вяла направа, а другая налева. Мы павярнулі налева і пайшлі куды вочы глядзяць. І ледзь не трапілі ў лагер смерці «Дора». Тады нас ад смерці выратаваў паляк, якога мы сустрэлі па дарозе. Ён папярэдзіў, што побач, куды мы ідзём, размяшчаецца канцлагер, дзе нас усіх заб’юць і спаляць. Ён давёў нас да месца, у якім было вельмі шмат збеглага народа. Усе пацясніліся, і нам знайшлося месца. Мы галадалі, але былі вельмі радыя, што засталіся ў жывых. Там мы сустрэлі Перамогу.
Людзі ад радасці смяяліся і плакалі. Амерыканскія салдаты збіралі людзей і адвозілі ў барачнага тыпу лагер, адкуль адпраўлялі людзей на радзіму. Тут мы змаглі нармальна паесці. Давалі густы суп, як каша, у якім былі і бульбачка, і бабы, і сала. Тут прабылі, пакуль нас не адвезлі да рускіх. Але ў той час я захварэла і ляжала, была вельмі слабая. Памятаю, як маці заклапочана, са слязьмі, казала нейкай жанчыне: «Што мне рабіць, калі яна памрэ, дзе тут пахаваць?» Але, дзякуй Богу, я ачуняла і паправілася. Дамоў мы ехалі праз усю Нямеччыну і ўсю Польшчу на адкрытых вагонах-платформах, – са слязьмі на вачах падсумоўвае Ірына Піліпаўна.
Гэта зараз Ірына Піліпаўна Чарнецкая – адна з актыўных удзельніц аб’яднання ахвяр нацызму «Памяць вайны» і ганаровы ветэран Вілейскага раёна, а пасля вайны яна нават у школу не мела магчымасці пайсці, бо трэба было зарабляць на жыццё. Яна пасвіла авечак і кароў за тры пуды зерня. Праўда, браты і старэйшая сястра змаглі адвучыцца. Палявод, цялятніца, даярка, свінарка – на якой бы працы ні была Ірына Чарнецкая, яна карысталася павагай і была на добрым рахунку. Яе муж рана памёр, але яна змагла падняць і выгадаваць добрых дзяцей, якія зараз ахінаюць маці клопатам.
Галоўнае, што пасля вайны ўся сям’я змагла ўз’яднацца і ўсе засталіся жывыя.
Сяргей ГАНЧАР/Фота прадстаўлена Марынай МАКАРАВАЙ








