Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Фоторепортаж. Михаил Финберг выступил с оркестром в Вилейке

Другі раз Вілейку з вялікай музычнай праграмай наведвае Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі. Заслужаны калектыў прадставіў віляйчанам 19 мая тры праграмы: канцэрт струннага аркестра і вакальнага ансамбля ў касцёле Узвіжання Святога Крыжа, выступленне квартэта аркестра ў гарадской бібліятэцы і эстрадны канцэрт на сцэне Вілейскага Палаца культуры.

Канцэрт-вяртанне – менавіта так можна назваць праграму, якая адбылася ў мінулую суботу ў вілейскім касцёле. І хаця гэта было толькі пачаткам насычанага музычнага дня ў нашым горадзе, але дазвольце мне назваць касцёльны канцэрт галоўнай падзеяй суботняга дня.

– Да канца 18 стагоддзя на Беларусі, як і ў Еўропе, уся прафесійная музыка існавала непасрэдна ў храмах. Менавіта там былі, кажучы па-сучаснаму, канцэртныя залы, і гэту традыцыю мы ўзнаўляем сёння, – адзначыла ў пачатку канцэрта ў касцёле Узвіжання Святога Крыжа вядучая ранішняй імпрэзы, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчыца кафедры беларускай музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Уладзіміраўна Дадзіёмава. – Другі год запар мы прывозім віляйчанам унікальную праграму, якая прадстаўляе шматгранную беларускую музычную культуру мінулых стагоддзяў.

Выступленні вакальнага ансамбля пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Беларусі Наталлі Міхайлавай і струннага аркестра (дырыжор Людміла Каліноўская), былі непаўторнымі. У выкананні двух калектываў былі прадстаўлены творы Шуберта, Моцарта, Вівальдзі, кампазітараў Міншчыны – Манюшкі, Агінскага, а таксама прыдворных кампазітараў нясвіжскіх Радзівілаў і многія іншыя, а касцёльныя сцены рабілі гучанне аркестра і ансамбля жывым, выразным, непаўторна пявучым. І здавалася, што музыка пераносіла слухачоў у нейкі патаемны свет.

Выходзячы з касцёла, праслухаўшы канцэрт, разумееш, наколькі важна ствараць такія праграмы кампазітараў мінулых стагоддзяў: Н. Орды, М. Ельскага, М. Агінскага, С. Манюшкі, Я. Голанда, Антонія і Мацея Радзівілаў, А. Рагачоўскага, В.Казлоўскага і іншых знакамітых майстроў беларускага музычнага мастацтва, творы якіх з часам былі забытыя нашчадкамі. Адметна і тое, што падобныя праграмы, прадстаўляемыя не толькі ў беларускіх гарадах, а і на замежных канцэртных пляцоўках так званымі «малымі саставамі» Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, сваім узрушаючым выканальніцкім майстэрствам натхняюць беларусаў і замежнікаў на прызнанне і гонар нашай нацыянальнай культуры і мастацтва.

У гэты ж дзень адбыўся невялікі канцэрт струннага квартэта пад кіраўніцтвам Таццяны Вайлапавай у памяшканні гарадской бібліятэкі, пасля чаго была магчымасць паразмаўляць і задаць пытанні мастацкаму кіраўніку і галоўнаму дырыжору Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаілу Фінбергу. І ўжо а 17 гадзіне адбыўся эстрадны канцэрт біг-бэнда заслужанага калектыву і салістаў аркестра ў вілейскім Палацы культуры.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Фото Сергея Гончара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 135 queries