Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Фотарэпартаж са святкавання Дня Незалежнасці ў Вілейцы

І ціхі наш зялёны гарадок падаўся нават большым, чым Зямля…

Так напісала пра Вілейку вядомая ў нас паэтэса Таццяна Цвяткова. Менавіта гэтыя радкі прыгадаліся мне падчас святаў, якія мы разам адзначалі ў мінулыя выхадныя. А яны, пачынаючы з пятніцы, і сапраўды былі напоўнены столькімі цікавымі мерапрыемствамі і значнымі падзеямі!
Другі дзень ліпеня. З гэтага дня распачалося ў Вілейцы святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 72-ой гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 70-годдзя ўтварэння нашага раёна і свята горада.

Ужо ў першай палавіне дня ў парку культуры і адпачынку пачаўся канцэрт мастацкіх калектываў устаноў культуры і адукацыі раёна «Роднай зямлі шматгалоссе». Тут жа, у парку, разгарнуў свае выставы, атракцыёны і кірмашы «Вілейскі куфар». Прыгожая музыка, вясёлыя песні і дзіцячы смех напаўнялі парк, падымаліся ўгору, у блакіт высокага неба, і разносіліся лёгкім ветрыкам недзе далёка-далёка….
Нягледзячы на спякоту, многія віляйчане сабраліся ў адзначаны час на плошчы Свабоды, каб стаць удзельнікам. Урачыстага мітынга «Мужнасць, гонар і сумленне». Да помнікаў загінуўшым землякам тут, на плошчы, і Азі Асланаву былі ўскладзены кветкі. Вянкі і букеты ад кіраўніцтва абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, ад Саветаў дэпутатаў вобласці і раёна, ветэранаў вайны, кіраўніцтва вайсковай часці, гарадоў-пабрацімаў Мажайска (Расійская Федэрацыя), Унна (Германія), прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый, працоўных калектываў і проста жыхароў горада беражліва ўскладаліся да пастаментаў у памяці пра іх, нашых землякоў-герояў, і з велізарнай удзячнасцю ім.
Затым пачалося святочнае шэсце на самую галоўную канцэртную пляцоўку, што чакала ўсіх на Цэнтральнай плошчы. У першых радах калоны ішлі дзіцячы духавы аркестр Вілейскай школы мастацтваў разам з дзіцячым духавым аркестрам «Сонечны круг» і шоу-групай барабаншчыц «Мажайскія гусарачкі» муніцыпальнай аўтаномнай установы дадатковай адукацыі «Дом дзіцячай творчасці г. Мажайска».
Святочнае мерапрыемства на плошчы «Святкуй, мой родны горад» пачалося з віншаванняў віляйчан з адметнымі датамі. Шчырыя словы падзякі ветэранам, працаўнікам Вілейшчыны выказалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Кот, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Шэпелева, настаяцель храма Прападобнай Марыі Егіпецкай, Благачынны Вілейскай акругі, іераманах Аляксандр Шмырко. І былі цудоўныя выступленні нашых артыстаў, якія кранулі да слёз. Хор ветэранаў Палаца культуры… Бадай,не бывае мерапрыемстваў у горадзе без удзелу гэтага паважанага калектыву. На вышыні ён быў і цяпер. Дзіцячая ўзорная студыя «Экспромт», выступленне выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, выдатныя нумары ў выкананні маленькіх віляйчан – спевакоў і танцораў – усё гэта прысутным спадабалася і запомніцца. Як запомніцца і цудоўная выстава дзіцячай рэтра-тэхнікі, якую беражліва захоўваюць у некаторых вілейскіх сем’ях. Шчыра прызнаюся, вельмі кранула гэта выстава, вярнула на многа гадоў назад, у далёкае-далёкае дзяцінства…
Важнае месца ў святочным сцэнарыі было адведзена ўшанаванню заслужаных людзей Вілейшчыны. Ганаровую грамату з рук старшыні райвыканкама атрымала і яшчэ нядаўні рэдактар раёнкі, а зараз уласны карэспандэнт карэспандэнцкай сеткі газеты «Мінская праўда» Марыя Кузаўкіна – за добрасумленную працу, высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё журналістыкі раёна.
Шчыра віншуем Марыю Рамуальдаўну. Як і нашага пазаштатнага карэспандэнта Ула-дзіслава Мікалаевіча Вазенчука і яго жонку Галіну Фамінічну, якія нядаўна адзначылі пяцідзесяцігоддзе сямейнага жыцця. Іх урачыста віншавалі на свяце горада.
Святкаванне на плошчы працягвалася доўга. Увазе гледачоў і непасрэдна ўдзельнікаў дзеі былі падрыхтаваны цудоўныя канцэртныя праграмы «Моладзь за моцную і працвітаючую Беларусь», «Вечар жывой музыкі з Фёдарам Гурам», «Проста падаруй» з Дзмітрыем Рудыкам, «Горад, які танцуе» з удзелам лепшых салістаў Вілейшчыны…. Па традыцыі, прайшла рэспубліканская акцыя «Спяваем Гімн разам!», якую завяршылі прыгожы салют і рэтра-дыскатэка. Было сапраўднае свята, прыгожае і светлае.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

salut.0-05-58.588 DSCF4679

DSCF4688

DSCF4696

DSCF4724

DSCF4734

DSCF4741

DSCF4745 DSCF4772 DSCF4787 DSCF4793

DSCF4803 DSCF4806

DSCF4815

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries