Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Фальварак Багданава – спадчына знакамітай шляхты і міфалагічнай багіні

Працягваючы серыю артыкулаў «Вілейшчына шляхецкая», звернемся да тых маёнткаў, пра якія вядома вельмі мала ці, да нядаўняга часу, было невядома зусім. Пра многія з іх ёсць толькі згадкі ў архіўных дакументах, аповеды старажылаў ці проста захаваны цудам фотаздымак, які пазначаны нашай мясцовасцю. Спадзяюся, што разам з чытачамі мы больш даведаемся пра гісторыю нашай малой радзімы. Запрашаем да актыўнага абмеркавання і дапаўнення.

Былы сядзібны дом “амерыканка” маёнтка Багданава, 1978 год.

Само мястэчка Багданава вядома як фальварак з 1562 года,як уласнасць Лукаша Якубавіча Хамінскага (ад яго прозвішча і мае назву суседняя вёска Хамянцы). У 1641 годзе на гэтых землях утварыўся маёнтак Габрыялоўшчына, які пазней называлі Багданаўшчына, уладаром якога быў Стэфан Канстанцінавіч Залескі. У 1690 годзе маёнтак Багданава-Габрыялоўшчына перайшла пад уласнасць роду Пузынаў.

Пачынаючы з 1760 года, фальварак Багданава становіцца ўласнасцю Юзафа Контрыма, прадстаўніка старажытнага шляхецкага роду і бацькі знакамітага вучонага-эканаміста, публіцыста і грамадскага дзеяча Казіміра Контрыма (1776–1836). Казімір нарадзіўся непасрэдна ў маёнтку Багданава на Вілейшчыне. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, у маладосці служыў на ваеннай службе. З’яўляўся ўдзельнікам паўстанняў 1794 года і 1830–31 гадоў. Працаваў у розных установах Вільні, у тым ліку, у Віленскім універсітэце. Казімір Контрым адзін з заснавальнікаў таварыства шубраўцаў і выдаўцоў шматлікіх часопісаў віленскага краю. У 1825 годзе выйшаў у адстаўку, перасяліўся ў Варшаву, дзе па даручэнні міністра фінансаў займаўся даследаваннем стану прамысловасці і гандлю на Палессі. Памёр у 1836 годзе ў польскім Шыдлаве. На вялікі жаль, не зберагліся ні яго вялікая ўласная бібліятэка, ні асабісты архіў.

Стары сядзібны дом Свідаў маёнтка Багданава. Рэканструкцыя А.Федарука

Калі гаварыць пра маёнтак Багданава, то пасля Контрымаў яго набылі ў другой палове 18 стагоддзя прадстаўнікі роду Свідаў. З 1794 года фальварак і вёска Багданава стала ўласнасцю Францішка Невяровіча. У 1800 годзе ў фальварку налічваўся 1 двор і 3 жыхары, а ў вёсцы – 4 двары, 38 жыхароў. Невяровічы валодалі маёнткам да 1914 года. У гады Першай сусветнай вайны ў Багданаве размяшчаўся эпідэмічны атрад з бальніцай і амбулаторыяй. Тут аказвалі дапамогу тым, хто пацярпеў у час газавых атак. У 1925 годзе частку маёнтка купілі Шостакі, астатняя стала маёмасцю Невядомскіх. Гэта адзіны вядомы выпадак у Беларусі, калі ў адной сядзібы былі два гаспадары, адпаведна меліся два дамы. Стары сядзібны дом Свідаў стаў уласнасцю Невядомскіх. А Шостакі пабудавалі новы дом побач, які назваўся “амерыканкай”. Уладальнік маёнтка Мікалай Невядомскі, ленінградскі інжынер, памёр у 1941 годзе і пахаваны побач са Свідамі на могілках у Багданаве.

Сядзіба займае роўную тэрасу ракі Пела і нешырокую пойму. Мае добра выражаную кампазіцыйную вось, уздоўж якой па мяжы тэрасы пракладзена даўгая ўязная алея. Яе ўтвараюць старыя дрэвы вярбы ломкай і адзіночныя дрэвы таполі даўгалістай. Кроны асобных вербаў прынялі экзатычную форму, дасягнулі ў дыяметры 20 метраў, дыяметр ствала да 1 метра (зараз у большасці выразаны).

Наяўнасць двух кампазіцыйных цэнтраў значна не сказалася на асаблівасцях планіроўкі новай сядзібы, якая фармавалася ў 1930-я гады на аснове старой, якой валодалі Свіды. Асноўным кампазіцыйным цэнтрам маёнтка стаў новы невялікі (7х17 м) сядзібны дом. Будынак аднапавярховы з двухпавярховым цэнтральным аб’ёмам, двума балконамі і тэрасамі. Новы дом заняў найбольш прыўзнятую частку парку з яго паўночнага боку.
Традыцыйны круг перад сядзібным домам з газонам быў невялікі, у дыяметры меў 18 м, па перыметры быў абсаджаны клёнам востралістым, а між дрэвамі – бэзам. Пасадкамі апошняга часу створана суцэльнае зялёнае кола. Стары сядзібны дом быў даўгі (32х12 м) і прамакутны ў плане, з вялікай шкляной верандай, размяшчаўся ў пойменнай частцы паўднёвага боку ўязной дарогі. Згарэў у вайну. На яго фундаменце былі пабудаваны новыя будынкі пасляваеннага дзіцячага дома, які тут размяшчаўся, а затым і піянерскага лагера “Ціхія зоры”. Большая частка гаспадарчых і для жылля абслугі панскіх будынкаў, што захаваліся, пасля вайны выкарыстоўваліся. У параднай частцы сядзібы захаваліся старыя дэкаратыўныя клёны, ліпы, бярозы, ясень.

Падвалы былога сядзібнага дома Свідаў у Багданава. Засыпаны ў 2011 годзе

Парк маёнтка займаў невялікую плошчу каля 4 га і ўключаў рысы пейзажнай і рэгулярнай планіроўкі. Яго паўночны бок быў абсаджаны ліпай (захаваліся часткова). Супрацьлеглы бок прымыкаў да поймы ракі Пела, у рэчышчы якой былі ўтвораны два вадаёмы, трэці, маленькі, не захаваўся. Дно адной сажалкі было выбрукавана каменем, другой – замацавана метадам глінянага замка. Пакрыццё сажалак парушана падчас ачысткі. У наш час сажалкі аказаліся закрытымі і згубілі візуальную сувязь з сядзібай. Размяшчаючыся ўздоўж уязной алеі, яны з’яўляліся асноўнымі відавымі акцэнтамі па шляху да сядзібы. Уздоўж алеі з двух бакоў у выглядзе невялікіх групаў раслі дадаткова спірэя івалістая і ружа маршчыністая. У парку раслі і часткова захаваліся лістоўніца еўрапейская, арэх манчжурскі, ясень пенсільванскі, бархат амурскі, пузыраплоднік каліналістны, дзёран, кізільнік бліскучы, бэз. На месцы старога панскага саду – быў абсталяваны вялікі стадыён (120х120 м).

Выхаванцы дзіцячага дома ў Багданаве на фоне былых панскіх будынкаў. 1946 год

Дэталі кампазіцыі парка былі згублены ў сувязі з забудовай былога панскага парка пабудовамі ваеннага і пасляваеннага дзіцячага дома, а пазней і піянерскага лагера. А яны шматлікія: пяць жылых карпусоў, жылы дом, сталовая, клуб, дапаможныя збудаванні. Зараз ад былой сядзібы Свідаў засталіся толькі штучныя ставы і ўязная алея. Сам сядзібны дом “амерыканка” быў канчаткова разабраны ў 2011 годзе, тады ж былі засыпаны і вялікія сводчатыя падвалы сядзібнага дома Свідаў сярэдзіны 18 стагоддзя. Але фальварак Багданава жыве і гучыць, дзякуючы яго сучаснай гаспадыні вілейскай паэтэсе Клаўдзіі Дубовік, якая як можа даглядае гэту тэрыторыю. Вялікую мастацкую каштоўнасць прадстаўляюць надмагільныя пліты юрыстаў Свідаў, што пахаваны на могілках у Багданаве. На іх пахаваннях усталяваны мармуровыя помнікі ў выглядзе скрутка папірусу, вырабленыя спецыяльна па заказе ў Вільні і дастаўленыя сюды фурманкамі.

Багата наваколле Багданава археалагічнымі помнікамі. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў 19 стагоддзі ў маёнтку Багданава яго ўладальніца С. Свіда знайшла бронзавую статуэтку ідала, якая прадстаўляла сабой жанчыну ў баявым адзенні. Ідал быў велічынёю ў 178 вяршкі, пэндзаль левай рукі адбіты, а правая рука апушчана ўніз. Навукоўцы таго часу лічылі яе выявай старажытнага бажаства – багіні цноты Праурымы. Статуэтка была перададзена ў Віленскі музей, дзе і захоўваецца да сённяшняга часу. У той жа перыяд даследчыкам старажытнасцяў Адамам Кіркорам недалёка ад Багданава быў знойдзены ў кургане металічны злітак з выявай двух асоб неразгаданага значэння.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 24 queries