Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзіцячы фонд будуе «цёплы дом»

Амаль на кожнай аператыўнай нарадзе, якія штотыднёва праходзяць у райвыканкаме, трымаюць справаздачу кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў, якія дзейнічаюць у Вілейскім раёне.
У мінулы аўторак удзельнікі мерапрыемства заслухалі старшыню раённага аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд» Мікалая Гіро. Думкі, якімі ён падзяліўся з прысутнымі, дэталёвая інфармацыя, спадзяемся, будуць цікавымі для чытачоў раёнкі.

Грамадскаму аб’яднанню «Беларускі дзіцячы фонд» ужо споўнілася чвэрць стагоддзя.
Са старажытнасці вядома: жыццё мераецца не пражытымі гадамі, а зместам. Нягледзячы на малады ўзрост дзіцячага фонду, варта адзначыць, што, менавіта, ім напоўнена існаванне грамадскага аб яднання.
Сваю дзейнасць яго актывісты ажыццяўляюць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, згодна Статута аб грамадскім аб’яднанні.
Разам з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі дапамагаем умацаванню аўтарытэта і ролі сям’і, падтрымліваем таленавітых і хворых дзяцей, удзельнічаем у розных дабрачынных акцыях.
Сёння дзяржава, грамадства зацікаўлены ў тым, каб вырасціць моцнае пакаленне. Невыпадкова лёс маладога чалавека залежыць ад нас, дарослых. Горка, калі хтосьці гэта не ў стане ўсвядоміць.
«Цёплы дом» – так сімвалічна называецца адна з праграм Беларускага дзіцячага фонду. Яна датычыцца стварэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Адзін з такіх існуе і ў Вілейцы.
Штогод арганізоўваем падпіску на дзіцячыя сродкі масавай інфармацыі, аказваем матэрыяльную дапамогу, вясной сям’я атрымала сродкі на набыццё кветак, дэкаратыўных кустоў. Напярэдадні Дня Маці віншаванні атрымала і гаспадыня Дома сямейнага тыпу Марына Шаўцова. У якасці падарунка ўручаны кухонны камбайн, а ад абласнога дзіцячага фонду – спартыўныя касцюмы для дзяцей.
Адметнымі вехамі ў гісторыі грамадскага аб’яднання сталі дабрачынныя акцыі «Падорым дзецям свята» (Свята 1-га чэрвеня), «Збяром школьны партфель» – збор школьных прылад да пачатку новага навучальнага года. Штогод – на працягу двух дзесяцігоддзяў, напярэдадні Нараджэння Хрыстова і Новага года, праходзіць акцыя «Нашы сэрцы – хворым дзецям». Актывісты-валанцёры, разам з Дзедам Марозам і Снягуркай.уручаюць падарункі тым дзецям, якія падчас святаў трапілі на бальнічны ложак.
У гэтым годзе такое свята арганізавалі разам са старшынямі другіх грамадскіх аб’яднанняў – «Белая Русь», «Чырвоны крыж», раённы савет жанчын (старшыні С.М. Дзяруга, Н.М. Занкавіч, С.І. Лях), прымала ўдзел у мерапрыемстве і Н.А. Радзевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў. Падарункі атрымалі і дзеці з сем’яў, якія пераехалі на Вілейшчыну з Данецкай і Луганскай абласцей.
Разам з раённым жаночым саветам удзельнічаем у акцыі, прысвечанай Дню Маці. Грашовая дапамога, наведванне канцэртных праграм, сустрэчы з маці – няпоўны пералік мерапрыемстваў. Не забыліся і пра таленавітую моладзь. Вучні-пераможцы раённага конкурсу вершаў, малюнкаў пра маці атрымалі падарункі.
7 красавіка адзначаецца як Дзень Здароўя на ўсёй планеце. Актывісты дзіцячага фонду разам з цэнтрам сацыяльнай дапамогі насельніцтва праводзяць спартыўныя святы для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
«Важней за ўсё надвор’е ў доме» – гэта яшчэ адзін накірунак дзейнасці грамадскага аб’яднання. За прыгожай назвай хаваецца штодзённая работа са шматдзетнымі сем’ямі (аздараўленне дзяцей у школьных лагерах адпачынку, дапамога бацькам у аплаце за карыстанне падручнікамі, фінансавая падтрымка сем’яў у набыцці паліва, шпалераў).
Прыярытэтным накірункам нашай работы застаецца аздараўленне дзяцей. На працягу 25 гадоў кожнае лета група вілейскіх хлопчыкаў і дзяўчынак адпраўлеюцца на адпачынак у краіну кветак – Галандыю. За гэты час пабывала больш за тысячу віляйчан – дзеці з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, пераможцы алімпіяд і конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. А сталі магчымымі гэтыя падзеі дзякуючы цеснай сувязі аддзялення Дзіцячага фонду з нераўнадушнымі людзьмі з нямецкага горада Оберхаўзэн. Кіруе пректам Герд Майер, прадстаўнік евангелісцкай царквы. Са сваімі сябрамі ён збірае грашовыя сродкі для арганізацыі адпачынку нашых дзяцей. Трэба сказаць, што адпачынак за мяжой – падзея запамінальная ў жыцці юных віляйчан. За тры тыдні яны не толькі адпачываюць, але і знаёмяцца з культурай, гісторыяй краіны, паляпшаюць веды па замежнай мове.
У сваю чаргу арганізатары адпачынку штогод прыязджаюць у Вілейку. Летам 2012 года адбылася сустрэча з першымі наведвальнікамі Галандыі, цяпер ужо дарослымі людзьмі самых розных прафесій.
Раённае аддзяленне працуе з бацькамі, дзецьмі аддзялення дзённага знаходжання дзяцей-інвалідаў «Ластаўка», дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльным прытулку.
Многія мерапрыемствы дзіцячай бібліятэкі фінансуе дзіцячае аддзяленне, напрыклад, конкурс на лепшага чытача, конкурсы малюнкаў, лепшага кветкавода і другія.
Ні адзін зварот не пакідаецца без увагі, у кожнай сітуацыі стараюся разабрацца і дапамагчы.
Вельмі хочацца, каб разам з сям’ёй быў створаны сапраўдны горад Дзяцінства, дзе кожнаму яго жыхару было ўтульна і хораша.
Зразумела, што магчымасці не бязмерныя, але мы робім усё, што можам. Выконваем задачу, якая адзначана ў Статуце нашай арганізацыі: «… абарона правоў і інтарэсаў дзяцей, аказанне ім матэрыяльнай і іншай дапамогі і падтрымкі».

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries