Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзень ведаў у Нарацкай сярэдняй школе

Гэты дзень хвалюючы заўсёды. Дзень ведаў – 1 верасня. І, напэўна, колькі б ні было чалавеку гадоў, гэта дата заўсёды будзе хваляваць і ніколі не згубіць актуальнасці. Мы самі, нашы дзеці, унукі былі і будуць вучнямі, і школа заўсёды будзе школай для кожнай сям’і. Штогод адпачыўшыя і падрослыя хлопчыкі і дзяўчынкі будуць прыходзіць сюды, каб пад кіраўніцтвам мудрых настаўнікаў працягнуць (а нехта – толькі пачаць) падарожжа ў захапляльную краіну Ведаў. Зноўку абудзіць калідоры і класы звонкі школьны званок, і ён падасца вясёлай песняй, без якой дзеці ўжо засумавалі.

Тысячы дзяўчынак і хлопчыкаў нашай краіны 1 верасня традыцыйна сабраліся на ўрачыстыя лінейкі з нагоды пачатку новага навучальнага года. Іх сустрэлі адрамантаваныя класы, абстаўленыя сучаснай мэбляй, абноўленыя калідоры, спартыўныя залы, сталовыя. І яшчэ ўтульней і камфортней дзецям у сценах такой роднай установы!
139 вучняў сядуць сёлета за парты ў Нарацкай сярэдняй школе. А ў першы дзень верасня ўсе яны сабраліся на ўрачыстую лінейку. У зале і дарослыя – настаўнікі, бацькі, дзядулі з бабулямі вучняў. Прыйшлі на свята і госці – старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, кіраўнік мясцовага сельвыканкама Анатоль Бяганскі, дырэктар ААТ «Нарачанскія зоры» Генадзь Кучко, старшы навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Коласава. А галоўнымі героямі дня былі, безумоўна, учарашнія дашкаляты, а сёння ўжо першакласнікі. Літаральна кожнага з іх за ручку прывялі дарослыя (прыемна, што знайшлі на гэта час), бо вельмі важна раздзяліць з забаўнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі значную ў іх жыцці падзею, патрымаць маленечкіх школьнікаў. А побач з імі яшчэ адзін надзвычайна важны ў іх жыцці чалавек – першая настаўніца Людміла Іосіфаўна Баран.
Віншуючы вучняў, іх бацькоў і педагогаў з пачаткам новага навучальнага года, дырэктар школы Сяргей Капцюг шчыра падзякаваў усім тым, хто працаваў на рамонце школы. Ён адзначыў, што навучальная ўстанова ўзаемадзейнічае з мясцовай уладай і заўсёды адчувае істотную дапамогу гаспадаркі – ААТ «Нарачанскія зоры» і яе кіраўніка Генадзя Кучко. Вось і сёлетні рамонт адбыўся не без іх удзелу.
А затым Сяргей Уладзіміравіч уручыў першакласнікам вельмі цікавую і карысную кнігу-дапаможнік «Беларусь – наша Радзіма» і адлюстроўваючыя святло элементы, якія цяпер, з надыходам восені, неабходна насіць кожнаму.
Не толькі цёплыя віншаванні і пажаданні, але і сувеніры прывезла школьнікам і Наталія Радзевіч. Яна адзначыла важнасць усяго таго, што ўкладаецца ў адукацыю. Гэта значыць, укладаецца ў нашу агульную будучыню. А гэта будучыня – перад намі: забаўныя першакласнічкі і ўжо старэйшыя вучні, якім праз нейкі дзясятак гадоў ужо давядзецца самім пісаць гісторыю краіны. Сваімі паводзінамі, жыццёвай пазіцыяй, працай пісаць. І надзвычайна важна, каб на тых напісаных імі старонках было як мага меней памылак. А за гэта ў адказе мы,дарослыя – бацькі, настаўнікі, выхавацелі…
Цёпла віншаваў калектыў школы Анатоль Бяганскі, адзначыўшы, што веды – гэта будучыня гэтых хлапчукоў і дзяўчынак, без ведаў нельга ўявіць сябе ў няпростым сённяшнім свеце. А Генадзь Кучко, павіншаваўшы настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў, пажадаў школе быць першай у раёне. Адным словам, браць прыклад з «Нарачанскіх зораў», безумоўнага лідара сёлетняга жніва (ураджайнасць збожжавых культур тут склала 50 цэнтнераў з гектара). Як адзначыў Генадзь Мечыслававіч, многія са школьнікаў падчас летніх канікулаў працавалі ў мясцовай гаспадарцы, за што атрымаюць добрыя прызы. Што датычыць дапамогі «Нарачанскіх зораў» школе, то яна рэальная: для школьнай сталовай, напрыклад, гаспадаркай набыты крэслы на суму 11,5 мільёна рублёў.
«Не хаваюць мамы хвалявання на парозе школьнага жыцця: ці не здасца цяжкім навучанне? Як з нагрузкай справіцца дзіця?» Гэтыя радкі – якраз пра кожнага з нас, бацькоў. Асабліва тых, чые сыночак і дачушка сёлета ўпершыню пераступаюць школьны парог.Толькі хваляванні тыя дарэмныя – давяраем нашу малечу надзейным людзям, хто стане дзеткам на школьныя гады другімі бацькамі. Разам, супрацоўнічаючы, жывучы праблемамі і клопатамі дзяцей, можна знайсці адказ на любое пытанне і вырашыць любую праблему. Пра гэта, ледзь хаваючы слёзы хвалявання, гаварыла мама першакласніка. На гэтым жа і іншым, што датычыць падарожжа ў краіну Ведаў, спынілася і першая настаўніца «першачкоў».
І вось яно, самае хвалюючае – першы школьны званок новага навучальнага года даюць адзінаццацікласнік Андрэй Садоўскі і першакласніца Сашачка Хацяновіч. Да слёз прыгожа і кранаюча…
А пасля вучні разышліся па класах, каб ужо з першага дня пазнаваць новае. Мне ж давялося папрысутнічаць на цікавым уроку «Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны», падрыхтаваным і праведзеным настаўніцай Святланай Ганчар і яе вучнямі.
Усё пачутае і ўбачанае кранула да глыбіні душы. Мірнае неба, яснае сонейка над галовамі… За ўсё гэта мы павінны дзякаваць тым, хто аддаў сваё жыццё за наша сёння. Дзякуючы ім жывуць у міры і згодзе ўжо тры пакаленні – нашы бацькі, мы, нашы дзеці… Няхай гэты пералік толькі доўжыцца. І няхай не напаткае нас ніколі доля братоў-украінцаў, на чыёй зямлі сёння ідзе вайна. А каб падобнага не здарылася, мы павінны заўсёды памятаць тыя падзеі, што адбыліся сем дзясяткаў гадоў таму. І не толькі памятаць, а і рабіць усё магчымае, каб ніколі не дапусціць падобнай трагедыі.
Цікавым і пазнавальным было выступленне перад школьнікамі Вольгі Коласавай. Яна расказала пра нашых землякоў, якія ўдастоены высокага звання Герояў Савецкага Саюза, і пра тых, хто ў гады ваеннага ліхалецця біў ворага на Вілейшчыне. Затым быў прадэманстраваны фільм пра чалавека, імя якога таксама цесна звязана з нашым краем, – Пятра Машэрава.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries