9 Мая – Дзень Перамогі! Напэўна, у кожнай краіны, кожнага народа ёсць свае галоўныя святы, што адзначаюцца штогод, на працягу доўгага часу. Для нас, беларусаў, гэтымі святамі былі і застаюцца 9 Мая і Дзень Незалежнасці.
Дзень Перамогі застаецца нязменна важным святам як для нас, так і для ўсіх народаў былога СССР, бо надта вялікая цана была заплочана за тую перамогу. Гэта свята аб’ядноўвае нацыю, аб’ядноўвае народы, ці то, як заўжды, братэрскія, ці то зусім розныя, нават па-рознаму разумеючыя Перамогу, але аб’ядноўвае.
Сёння глядзіш на сціплых, састарэлых, зусім састарэлых ветэранаў, тых, хто жыў тыя чатыры гады, напоўненыя жахам, крывёю і бясконцым чаканнем – 1418 дзён вайны. Глядзіш на былых дзяўчынак і хлопчыкаў, што мужна, але з тым жа чаканнем і страхам прайшлі ўсе выпрабаванні: голад, холад, страту блізкіх і родных, бясконцы страх і надзею – некалі ж гэта скончыцца, глядзіш на дзяцей вайны, на былых партызан і падпольшчыкаў, на малалетніх вязняў… Няхай нашы дзеці і нашчадкі больш ніколі не зведаюць таго, што прыйшлося перажыць ім…
Але свята са слязамі радасці на вачах, бо гэта тая доўгачаканая перамога, што нарэшце прыйшла. Кожны год мы разам з ветэранамі і тымі, хто ўсё гэта перажываў, сустракаем Дзень Перамогі.
Навокал расквечваецца прырода, усё ажывае і абуджаецца, як семдзясят два гады таму абудзілася надзея на новае жыццё. І хоць на гэта 9 мая надвор’е крыху не было падобнае на “цёплы май”, але ўсё навокал нагадвала аб свяце. У вёсках і аграгарадках школьнікі, малодшае пакаленне неслі кветкі да помнікаў, наведвалі і сустракаліся з ветэранамі і ўдзельнікамі вайны, дарылі старэйшаму пакаленню сімвал Перамогі – цюльпаны.
На вуліцах Вілейкі паўсюдна развешаны рознакаляровыя сцягі, што ўжо за тыдзень нам нагадвалі аб набліжэнні свята – горад сустракае пераможны май, агортваючы гараджан пачуццём гонару за доблесныя подзвігі продкаў, якія застануцца ў памяці нашчадкаў назаўсёды. І гэта не абавязкова за подзвігі Вялікай Айчыннай, магчыма,за яскравыя перамогі ў 1915 годзе, за ўдзел ў вайне пачынаючы з 1939 года ў складзе іншай дзяржавы, гэта, нарэшце,як быццам за самыя сціплыя, але сапраўды велічныя подзвігі, калі простая сялянская жанчына выпякала хлеб партызанам, ці вясковая сям’я, якая хавала яўрэйскіх дзяцей і падлеткаў цаною свайго жыцця, ці простая перадача нейкага паведамлення маленькай дзяўчынкай лясным мсціўцам. Усё гэта велічны подзвіг нашага народа, які мы кожны год праслаўляем і якім мы ганарымся.
Па традыцыі, віляйчане, працоўныя калектывы і госці нашага горада сабраліся ў 11 гадзін на плошчы Свабоды, каб аддаць сімвалічную даніну памяці ўсім загінуўшым і падзякаваць усім здабыўшым перамогу. Напярэдадні мітынга прадстаўнікі азербайджанскай дыяспары і прадстаўнікі пасольства Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь разам з кіраўніцтвам раёна ўсклалі кветкі да помніка двойчы Герою Савецкага Саюза, легендарнага танкіста Азі Асланава, якому мы абавязаны вызваленнем нашага горада.
У гэты дзень на плошчы Свабоды традыцыйна гучалі словы падзякі ад кіраўніцтва раёна, словы на ўспамін ад духавенства, традыцыйна ўскладваліся вянкі і кветкі да помнікаў і брацкіх магіл і,самае галоўнае, у калоне Перамогі, што сімвалізуе веліч народа і яго памяць, імкнуліся прайсціся сотні віляйчан. І на гэты раз шэсце з плошчы Свабоды да Цэнтральнай, дзе разгортваліся галоўныя мерапрыемствы з гандлёвымі радамі, дзе адбываўся вялікі святочны канцэрт і дзе традыцыйна адпачываюць цэлымі сем’ямі, было ўнушальным.
Калону ўзначалілі вайскоўцы ваенна-марской часткі, за імі з выступленнем мажарэтак ішоў духавы аркестр у суправаджэнні кіраўніцтва, калоны “Бессмяротнага палка”, што ўжо традыцыйна таксама нёс фотаздымкі і партрэты ветэранаў, якія заўжды нябачна прысутнічаюць з намі. Тут жа маладыя маці з каляскамі і дзясяткі шматлікіх прадстаўнікоў працоўных калектываў, што ствараюць менавіта сёння славу і гонар нашага краю.
Калона прыгожа прайшла ўздоўж галоўнай сцэны,запаўняючы плошчу святочным натоўпам. Выставы-продаж рамеснікаў, рыцары, салдацкая каша, рэтра-тэхніка ад вілейскага каледжа – усё стварала атмасферу непаўторнага свята. А масавы флэшмоб дзяцей прымусіў ветэранаў і жыхароў горада ўсміхнуцца і праслязіцца ад замілавання.
Святочны дзень працягваўся ў парку, дзе шматлікія гараджане і госці адпачывалі, танчылі і віншавалі адзін аднаго. А ўвечары запалілі свечку памяці і ўжо пад покрывам цемры адпачывалі з мелодыямі святочнага вячэрняга канцэрта. Свята па-сапраўднаму адзначылі з веліччу і яскрава. Вечная памяць героям!
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара і Аляксея КАМІНСКАГА











































;)