Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзень Маці

Дарагія жанчыны!
Прыміце мае віншаванні з Днём маці. У свеце няма нічога больш важнага і дарагога, чым сям’я, бацькоўскі дом і святая матчына любоў. Слова «мама» для кожнага з нас увасабляе самага блізкага чалавека, у чыім сэрцы б’е чыстая крыніца пяшчоты і гатоўнасці ахвяраваць усім дзеля сваіх сыноў і дачок. Вы – наш галоўны здабытак на Зямлі, бо нездарма кажуць, што будучае нацыі – у руках маці.
Прымнажэнне насельніцтва краіны, усебаковая падтрымка мацярынства і дзяцінства, павелічэнне колькасці шматдзетных сем’яў – найважнейшыя задачы дзяржавы. Адзначаючы гэты дзень як агульнанацыянальнае свята, мы аддаём даніну павагі і прызнання вашай вялікай місіі – нараджэння і выхавання новых пакаленняў, захавання маральных асноў і духоўных ідэалаў грамадства.
Мілыя суайчынніцы, мы цэнім вас за тое, што ў бурным рытме сучаснага жыцця вы застаяцеся ласкавымі і добрымі жонкамі і маці, якія ўмеюць верыць, любіць і дараваць. Няхай жа збываюцца ўсе вашы запаветныя мары, у дамах заўсёды будзе спакой, утульнасць, згода і дастатак, а дзеці прыносяць толькі радасць, дораць свой клопат і душэўную цеплыню.
Моцнага вам здароўя, поспехаў, дабрабыту і, вядома ж, простага жаночага шчасця.

Аляксандр Лукашэнка


Не ўсім традыцыям наканавана жыццё ў вечнасці. Але гэта – ушанаванне Маці – будзе жыць, пэўна, столькі, колькі праіснуе на зямлі род чалавечы. Ініцыіраваны як дзяржаўнае свята, Дзень Маці стаў той духоўнай адметнасцю нашага быцця, без якога ў ім не ставала нечага самага важнага і светлага. Гэтае свята пазбаўлена афіцыйнасці і казёншчыны. Дзе б і на якім узроўні яно не адзначалася, заўсёды асветлена шчырасцю чалавечых сэрцаў.

IMG_6869Па традыцыі Дзень Маці сабраў жанчын Вілейшчыны ў малой зале райвыканкама. На яго запрашаліся прадстаўніцы калектываў, тыя, што паспяхова сумяшчаюць мацярынскія і працоўныя абавязкі, шматдзетныя маці – адным словам, кантынгент быў даволі разнастайны, але аднолькава абаяльны і кантактны. Ды і якая жанчына ўстрымаецца, каб не падзяліцца галоўным, што стварае сэнс яе жыцця – мацярынскім клопатам?
Пагавары са мною, мама… Магчыма, не праспявала б на пачатку Алеся Супрановіч гэту песню – і тон сустрэчы пайшоў бы ў іншым кірунку. Пакуль жанчыны ўнікалі ў мелодыю і словы, кожнай успаміналася тая, чыё аблічча, дарагое і светлае, ніколі не сатрэ з памяці сваім няўмольным подыхам час. Час мае ўласцівасць забіраць ад нас самых блізкіх, пакідаючы іх за мяжою вечнасці, адкуль нікому не наканавана вяртанне. Такія сустрэчы нібы здымаюць з нашай свядомасці покрыва непазбежнасці, максімальна набліжаючы да яе тое, што ўжо незваротна страчана. І дазваляюць падумаць, паразважаць над сваімі адносінамі з самымі пяшчотнымі і ласкавымі, самымі дабрадзейнымі і шчырымі, каб па вартасці ацаніць іх прысутнасць у нашым жыцці.
IMG_6875– Загучала песня і ў нас заблішчалі вочы. Кожны ўспомніў тую адзіную, да якой мы ідзём са сваімі радасцямі і бедамі, перамогамі і паражэннямі, – звяртаючыся да прысутных, услых разважае Святлана Дзяруга, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта. Віншуе жанчын-мацярок Вілейшчыны з іх святам і Яўген Сініла, старшыня райвыканкама, адначасова зачытваючы прывітальныя словы губернатара Міншчыны – Барыса Батуры. (Яго віншаванне надрукавана ў мінулым нумары раёнкі – Аўт.)
Сцэнарый сустрэчы быў пабудаваны такім чынам, што ніводная з прысутных жанчын не аказалася па-за ўвагай. Пытанні вядучай не былі нечаканымі, бо краналіся тых момантаў жаночага лёсу, якія агульныя для ўсіх, каму выпала найвялікшае шчасце быць Маці.
Ірына Баравая, настаўніца другой гарадской гімназіі, зусім не шкадуе,што дзеці выбралі адметны ад яе лёс. У сям’і будуць яшчэ юрыст і эканаміст:
IMG_6808– Гэта іх жыццёвая дарога. І яны ў ёй вызначыліся самастойна. – З ёю пагаджаюцца ўсе, для каго ў тым ці іншым ракурсе гучыць гэта пытанне. У сям’і Наталлі Балашовай, напрыклад, інтарэсы вельмі розныя. Сын закончыў каледж чыгуначнага транспарту, дачка – медсястра. А малодшы – кім будзе – яшчэ невядома, але захапляецца музыкай і танцамі. Кожны выбраў тое, што яму па душы, – рэзюміруе Ірына Мікалаеўна.
З вуснаў амаль кожнай прысутнай жанчыны прагучала падзяка сваёй моцнай палавіне. За каханне, за маральную падтрымку, за матэрыяльны дабрабыт сям’і. І гэта зразумела: воз сямейных праблем дружная пара цягне ў адным напрамку, чотка акрэсліўшы для сябе шлях. І тады ўсё ў радасць. І дзеці з’яўляюцца на свет жаданымі і ўжо запраграмаванымі на шчасце, на бацькоўскую любоў. Ала Вабішчэвіч выхоўвае чатырох сыноў і дачку. «Матушка», – звяртаецца да яе вядучая, бо такі грамадскі статус гэтай жанчыны. Яна – жонка свяшчэннаслужыцеля. Натуральна, што менавіта яе папрасілі раскрыць хрысціянскі сэнс свята Покрыва Божай Маці. І Ала ахвотна разважае пра ролю нябеснага заступніцтва апякункі роду чалавечага, сімвалам якога і служыць белае покрыва ў руках Божай Маці.
IMG_6806Жанчыны расказваюць пра свае захапленні, схільнасці, нюансы сямейных адносін. Ніна Жвалеўская, сацыяльны педагог, даўно і пастаянна «хварэе» краязнаўствам. Самыя цікавыя паходы, лічыць яна, – па вілейскаму краю. Ірына Крупеньчык, старшая медсястра раённай паліклінікі, сцвярджае, што сапраўдны медработнік – ад Бога, а да людзей трэба адносіцца так, як ты хочаш, каб адносіліся да цябе.
Прачытала байку з мудрай маральнай высновай наконт адносін у сям’і Антаніна Гарчакова, былы дырэктар трэцяй гарадской школы. Стоячы, прывіталі ўсе прысутныя Агаф’ю Мартынаву, ветэрана Вялікай Айчынай вайны.
Былі конкурсы – дэгустацыі і «збяры партфель», у якіх жанчыны праявілі інтуіцыю, кемлівасць і спрыт. А кульмінацыйным момантам свята стала сустрэча дзвюх мам са сваімі сынамі, якія нясуць тэрміновую службу ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь. Галіна Пашкевіч і Ала Лубнеўская не хавалі шчырых слёз радасці пры выглядзе ўзмужнеўшых за час службы хлопцаў, сапраўдных абаронцаў Айчыны.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries