Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзе старанная праца, там і дабрабыт

Машына прыпынілася ля дагледжанай сядзібы. Акуратны дом, пафарбаваны ў жоўты колер, побач – дыхтоўны гараж. Расчышчаныя ад снегу падворак і нават вуліца ля дома сведчылі, што жывуць у доме сапраўдныя гаспадары. Урэшце, такіх у Журыхах нямала – і прыгожыя сядзібы таму пацвярджэннем.

На парозе нас са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Наталіяй Радзевіч сустрэла сама гаспадыня – Вера Жыхар, правяла ў дом. Добры рамонт у пакоях, прыгожыя шпалеры, душавая кабіна – усё тут камфортна, па-гарадскому. «Гэта ўсё сын робіць, – растлумачыла гаспадыня. – Ён у мяне памочнік ва ўсіх справах».
Вера Іванаўна – адна з перадавых малаказдатчыкаў раёна. Малачко ад яе рагуль спажываюць многія гараджане. У 2013 годзе Жыхары здалі яго шаснаццаць тон, у мінулым – болей за дваццаць адну тону. Вось і мяркуйце, колькі людзей піло тое малако.
– За сваё жыццё працавала і прадаўцом, і паштальёнам, і ў дзіцячым садку, – расказвае жанчына. – Цяпер вось на пенсіі. Але гаспадарку з мужам заўсёды мелі вялікую. У тым ліку і каровак трымалі. Было ў свой час іх у мяне пяць, цяпер чатыры засталіся. Генадзя майго, мужа, ужо няма даўно – толькі сорак пяць гадоў было, калі памёр. Трактарыстам працаваў у гаспадарцы…
Яны, Вера і Генадзь, нарадзіліся ў адной вёсцы, у Заазер’і Любанскага сельсавета. Жылі праз хату, разам гулялі.
– Памятаю, малыя яшчэ былі, а нас ужо пажанілі аднагодкі, гуляючы ў вяселле, – прыгадала Вера Іванаўна. – А яно так і атрымалася ў жыцці.
Дом, у якім жывуць цяпер Жыхары, быў калісьці магазінам – вялікія вокны нагадваюць пра гэта. А пасля пабудавалі новы магазін, у якім Вера Іванаўна і працавала, а будынак былога сям’і дазволілі выкупіць. У ім, адладжаным і адрамантаваным, жывуць і сёння.
– Як упраўляюся з каровамі? – перапытала жанчына маё пытанне. – Не адна, сын дапамагае. І за ветэрынара ён, і пра кармы клапоціцца, і даіць дапамагае.
Каровы ў Жыхараў адборныя, сваёй, што называецца, гадоўлі. І называе іх гаспадыня прыгожымі жаночымі імёнамі – Ліза, Марта… Вера Іванаўна наўмысна не набывае даільныя апараты, а доіць рагулек уручную – так кароўкі малако лепей аддаюць ды і мастытаў ніякіх не бывае.
– Вось і цяпер ужо тры ацяліліся, – падзялілася гаспадыня. – Так што пайшло ўжо малачко…
Тут жа, ля дома, сын зладзіў зручны і моцны жалезны столік, адкуль у азначаны час падрыхтаванае гаспадарамі малако забіраецца машынай і дастаўляецца на малаказавод. Такой аператыўнасцю малаказдатчыкі задаволены. Гэта, кажуць, як неба і зямля ў параўнанні з тым часам, калі зборшчык на коніку, барабанячы флягамі, аб’язджаў вёскі… Цяпер жа – рэгулярныя аналізы малака, усё па гадзінах, аператыўна, а значыць, якасна і без ніякіх праблем.
– Ведаеце, у мяне ж сёлета была яшчэ адна запамінальная падзея, – пераключылася на іншае Вера Іванаўна. – Сорак пяць гадоў, як закончыла школу. Дык на вечар сустрэчы сабраліся з аднакласнікамі ў роднай школе. І класная наша, Надзея Аляксееўна Дубовік, прыйшла. Цікава было – успомнілі мінулае, парадаваліся, пасумавалі… Самае прыемнае, што прыехалі і тыя былыя аднакласнікі, з якімі ўсе гэтыя сорак пяць гадоў не бачыліся. І, ведаеце, усе адно аднаго пазналі.
Як і належыць гасціннай гаспадыні, Вера Іванаўна правяла нас да веснічак, яшчэ раз паказала падвор’е. Запрасіла заязджаць улетку, калі ўсё тут будзе расквечана рознакаляровымі кветкамі, якія яна вельмі любіць. Мы паабяцалі, маўляў, абавязкова. А мне падумалася, што клопатнай для вяскоўцаў летняй парой наўрад ці застанеш яе, маладую пенсіянерку, працаўніцу, дома. Сенакос, каровы, агароды, ягады, грыбы – хіба ж тут уседзіш? І яшчэ раз падумалася, што бязбедна жыць можна і ў горадзе, і на вёсцы. Пры адной умове – калі старанна працаваць.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries