Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дык ці знайшлі «вілейскага Тутанхамона»?

Ільянскае шкло – імпартазамяшчальны прадукт 18-19 стагоддзя
Археалагічныя раскопкі, што праводзіліся з 20 чэрвеня па 4 ліпеня ў в. Ілья Вілейскага раёна, сталі працягам даследаванняў мінулага года.
Размяшчалася Ільянская гута на паўднёвым ўскрайку мястэчка Ілья, што мае назву «Старая Гута» (цяпер вуліца Багатырова). Гэта назва – памяць пра даўнюю шкларобную гуту, пра мясцовую вытворчасць шкла.

VBCTQrkFpRE


Першыя археалагічныя даследаванні дадзенай тэрыторыі праводзіліся ў 1982 годзе Міхасём Чарняўскім, які за 20 м на захад ад вуліцы, на шырокай і роўнай лугавіне вызначыў невялікі авальны ўзгорак вышынёй да 1,5 м і памерамі 35×50 м. На гэтым пагорку, які штогадова разворваецца пад агароды, на паверхні бульбянішча была выяўлена вялікая колькасць плаўленага шкла і шклістай масы, дробныя фрагменты шклянога посуду і аконнага шкла, а таксама абломкі глінянага начыння. На паўднёвым схіле ўзгорка была выяўлена бітая цэгла. Пры раскопках было знойдзена і шмат зліткаў шкляной масы. Знаходкі даюць даволі поўнае ўяўленне пра характар шкляной прадукцыі, якую рабілі на гуце. Усё выпускаемае шкло было празрыстае, але мела пераважна светла-зялёную афарбоўку. Былі таксама колеры сінія і фіялетавыя.
Галоўнай прадукцыяй Ільянскай гуты быў сталовы і аптэчны посуд. Другое па колькасці месца займалі пітныя шклянкі і келіхі з вертыкальнай рабрыстасцю. Аконнае шкло на Гуце выраблялі хоць і зеленаватае, але даволі тонкае. Сярод знаходак 1980-х гадоў было шмат і чарапкоў глінянага посуду. Гэта сведчыць аб тым, што тут у гутных печах абпальвалі і кераміку.
Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі, маёнткі Салагубаў былі канфіскаваны, а Ільянская гута была перададзена графу Салтыкову. Выкарыстоўваючы вялікі расійскі рынак, мануфактура значна разгарнула сваю вытворчасць. Напрыклад, у 1800 годзе тут было выраблена 11 тысяч графінаў, квартаў, больш 3 тысяч келішкаў, 2 тысячы шклянак і тры скрыні ліставога шкла.
З часам, калі спустошваліся навакольныя лясы, гута пераносілася ў іншыя месцы. Так, у 1815 годзе Ільянскую гуту размясцілі ў пушчы каля в. Стражы. У другой палове 19 стагоддзя яе перанеслі ў маёнтак Залессе (зараз пас. Партызанскі), дзе яна размяшчалася яшчэ і ў савецкі час.
Прадуктыўнымі былі і раскопкі 2016 года. Вось што нам падае археалагічная справаздача П.С. Курловіч-Бяляўскай:
«…Гута была заснавана графамі Салагубамі і належыла да ліку магнацкіх прадпрыемстваў, на якіх працавалі прыгонныя сяляне. Месца для раскопа было абрана надзвычай удала. Атрымалася вызначыць месцазнаходжанне раскопа М.М. Чарняўскага 1982 года, была выяўлена канструкцыя печы і глінабітная падлога, дадаткова ўмацаваная цэглай. Сама майстэрня, магчыма, мела сцены з тонкіх драўляных жэрдак. Па-за межамі прадпрыемства была выяўлена вялізная яма, у якой знойдзена вялікая колькасць побытавага смецця, у тым ліку костак жывёл і рыб, вывучэнне якіх дазволіць вызначыць рацыён работнікаў гуты, а таксама керамічны посуд. Да ліку найбольш цікавых знаходак належаць фрагменты інструментаў шкларобаў, а таксама адыходы вытворчасці, якія даюць уяўленне аб тэхналогіі, якая выкарыстоўвалася майстрамі ў 18 стагоддзі. Час існавання гуты пацвярджаецца выяўленымі на раскопе манетамі, адчаканенымі ў 1730-1740-я гг…»
Такім чынам, мы маем больш поўнае ўяўленне пра былую вядомую мануфактуру на тэрыторыі Вілейшчыны – Ільянскую гуту. Ільянскае шкло, можа, і саступала па мастацкіх якасцях вырабам славутых радзівілаўскіх мануфактур, аднак таксама было шырока вядома, і нават за межамі Беларусі. На сваіх раскошных палацавых балях Радзівілы маглі выкарыстоўваць і келіхі з Ільянскай гуты.

Дык ці знайшлі  «вілейскага Тутанхамона»?
Вернемся на берагі Віліі, у вёску Кастыкі і падвядзем першыя вынікі археалагічных даследаванняў, прычым мы зробім гэта ў супастаўленні з вынікамі даследаванняў 1973 года.


Унікальнасць курганоў 11-12 стагоддзя ў вёсцы Кастыкі ў тым, што звычайна ў такіх насыпах бывае па адным пахаванні. А тут археолагі сутыкнуліся з выпадкамі, калі пад адным курганным насыпам былі пахаваны два, а то і тры нябожчыкі. Так, напрыклад, у кургане № 3 у Кастыках былі пахаваны два, а ў кургане № 6 – тры памерлыя (праўда, у апошнім кургане адно з пахаванняў, магчыма, было ўпускным). Калі цытаваць археалагічную справаздачу, то мы чытаем: «… у вывучаемым рэгіёне, нябожчыкі ў пераважнай большасці ляжаць у выцягнутым стане, галовамі на захад, нярэдка з адхіленнямі на поўнач або поўдзень (у залежнасці ад таго, якой парой года адбывалася пахаванне)…». Арыенціроўку палажэння на захад нябожчыкаў некаторыя даследчыкі лічаць уласцівай для балцкіх плямён, на поўнач і поўдзень — для уграфінскіх.
У насыпах сустракаюцца рэшткі дамавін, але гэта вельмі нязначныя рэшткі, часцей за ўсё сляды згніўшага дрэва. У адным з курганоў у Кастыках выяўлены жалезныя цвікі, у другім — рэшткі дрэва без цвікоў. Аднак адсутнасць цвікоў зусім не сведчыць аб тым, што нябожчыкаў хавалі без дамавін. На аснове даследаванняў у іншых рэгіёнах Беларусі вядома, што выкарыстоўваліся выдзеўбаныя дамавіны або дамавіны, зробленыя з дошак, змацаваных паміж сабой пазамі і планкамі з выразамі, без прымянення цвікоў.
Сярод пахавальнага інвентару курганоў у Кастыках асаблівую цікавасць уяўляюць этнавызначальныя прадметы, маецца на ўвазе, прадметы, што характарызуюць розныя плямёны. Для дрыгавічоў – гэта буйназярнёныя пацеркі, для крывічоў – бранзалетападобныя з завязанымі канцамі скроневыя кольцы. Два такія знойдзены ў Кастыках. Абодва з круглага бронзавага дроту. Тыповымі для курганоў дрыгавічоў упрыгожаннямі з’яўляюцца пярсцёнкападобныя паўтараабаротныя скроневыя кольцы. Два зробленыя з бронзы такія кольцы знойдзены ў адным з дзіцячых пахаванняў у курганах могільніка Кастыкі.
Калі казаць пра адметнасці мужчынскіх і жаночых пахаванняў, то сякеры сустракаюцца толькі ў мужчынскіх пахаваннях, а вось нажы характэрны як для мужчынскіх, так і для жаночых. Аднак у першых яны сустракаюцца значна часцей. У Кастыках з 4 выяўленых нажоў два знойдзены ў мужчынскіх і два ў жаночых пахаваннях. Тут жа былі знойдзены і рэшткі скуранога, з дзвюх частак, футляра, магчыма, чахла для нажа.
Таксама, у Кастыках былі знойдзены шылы. У іх круглае ў сячэнні вастрыё і прамавугольны чаранок. Ручкі не захаваліся, відавочна, яны былі драўлянымі. Была знойдзена ў кургане і іголка з вушкам. Каля вушка маецца жалабок для ніткі. Гэта звычайная іголка, якая служыла для сшывання тканін. (У шавецкіх і рымарскіх іголак вушка знаходзілася на расплюшчаным канцы і не было жалабка).
У трох жаночых пахаваннях трапіліся гліняныя і шыферныя прасліцы. Прасліца – гэта грузік ў форме дыска ці невысокага цыліндру са скразной адтулінай па падоўжнай восі, які прымяняўся для пацяжэння ручнога верацяна і мацавання пражы на ім. Прасліцы вырабляліся з каменя, гліны і косці. Калі казаць, чаму некаторыя з іх называюць шыферныя , то гэта тлумачыцца тым, што яны вырабляліся з ружовага і чырвонага каменя (сланца) – так званага шыферу.
Асобная група знаходак – гэта гаршкі, у большасці па якіх і вызначаецца прыналежнасць пахаванняў да пэйных плямён. Шэсць гаршчкоў выяўлена ў сямі курганах з трупапалажэннем на гарызонце ў могільніку Кастыкі. Усе яны невялікіх памераў. У двух гаршчках з Кастык, знойдзеных у 1973 годзе, на днішчах маюцца выпуклыя клеймы: у аднаго ў выглядзе ламанага крыжа (так званая свастыка – сімвал сонца), у другога — акружнасць з упісаным у яе крыжам з акруглым сяродкрыжжам (на фота).
Дарэчы, вельмі цікавы выпадак адбыўся пры раскопках у Кастыках у 1970-х гадах, пра які распявядаў археолаг М. Чарняўскі:
– Калі ў адным з курганоў в. Кастыкі знайшлі бронзавую сякеру, якая цяпер знаходзіцца ў музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі, то яе паклалі на пень і пачалі замалёўваць месца, дзе яна была знойдзена. Адзін студэнт, якіх было шмат на раскопках, вырашыў праверыць, ці добра яна сячэ – і стукнуў ёй у пень. Сякера была ў выдатным стане, як новенькая, хаця і праляжала ў зямлі каля 900 год, а ўдар пашкодзіў лязо. Калі гэта заўважылі, то, канешне, а ніхто не прызнаўся. І толькі ўжо потым яе аднавілі і перадалі ў музей.

Вынікі
Такім чынам, падводзім вынікі археалагічных даследаванняў «Лета 2016».
За апошнія некалькі гадоў, дадзеныя раскопкі ў Ільі і Кастыках былі самымі маштабнымі для Вілейшчыны. Усе знаходкі з курганных пахаванняў у Кастыках, пасля іх поўнага вывучэння і апісання, будуць перададзены ў фонды Вілейскага краязнаўчага музея, а знаходкі з раскопу Ільянскай Гуты – у экспазіцыю музея Ільянскай сярэдняй школы імя А.А. Грымаця. Такім чынам, увесь даследаваны матэрыял папоўніць скарбонку гістарычнай навукі Беларусі і застанецца ў раёне як яго непасрэдная гістарычная каштоўнасць. Гэта вельмі важны момант, бо калі людзі не ад навукі пачынаюць раскопваць археалагічныя помнікі, то з гэтага нічога навуковага не атрымоўваецца. Па-першае, аніякіх навуковых даследаванняў не праводзіцца і, галоўнае, не атрымоўваецца вынікаў для развіцця навукі, у галіне больш дэталёвага вывучэння нашай гісторы. Па-другое, рэчы, у лепшым выпадку, застаюцца на руках капальнікаў і іх ніхто не бачыць, і не вывучае, а ў горшым – яны перапрадаюцца за межы раёна і краіны, і больш не з’яўляюцца гістарычным скарбам нашай гісторыі.
Давайце будзем вывучаць і шанаваць сваю гісторыю! А новыя адкрыцці яшчэ наперадзе…
Сяргей ГАНЧАР

Часть 1. Под площадью Свободы есть подземелья. Почему археологи начали раскопки в д. Костыки?

Часть 2. А Вілейка магла быць Эстоніяй.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 134 queries