Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Добры знак для сейбіта

Першая кропка ў маршруце агітбрыгады райвыканкама на веснавой пасяўной – адкрытае акцыянернае таварыства «Нарачанскія зоры». Апраўданыя віншаванні старшыні райвыканкама з працоўнай перамогай. Гаспадарка традыцыйна першай у раёне пачала сяўбу ранніх яравых. Першай і завяршыла яе.

– Чакаем часу для кукурузы, – сведчыць кіраўнік «Нарачанскіх зораў» Генадзь Кучко.
І рытм, і тэмпы – усё залежыць ад арганізаванасці, ад падрыхтоўчай работы, што праводзіцца намнога загадзя самой кампаніі. Узяць, да прыкладу, арганіку, якая дапамагае таварыству з году ў год падтрымліваць высокую ўрадлівасць зямлі. Больш пяцідзесяці тысяч тон арганічных угнаенняў дастаўлена на палеткі пад веснавую сяўбу. Давялося быць сведкай, як зладжана працаваў на полі мехатрад па ўнясенні арганікі.
У яго складзе – адзін пагрузчык і два трактары «МТЗ»з гноераскідвальнікамі. У такім саставе Фёдар Тумаш, Аляксандр Броўка і Леанід Радзевіч, аказваецца, працавалі не ўпершыню. Аднаму з атрада – Фёдару Тумашу, удзельнік агітбрыгады – галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама – Вераніка Гайчук і ўручыла прама ў полі віншаванне старшыні райвыканкама. Адначасова з грашовай прэміяй ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Знайшло віншаванне і Сяргея Кубліцкага. Перадавы механізатар «Нарачанскіх зораў» не аднойчы быў героем нашых публікацый. Нядаўна мы сустрэліся з ім на палетку, дзе ён вёў апрацоўку глебы пад пасеў ячменю. Поле за культыватарам рассцілалася роўнае, бы мяккая лёгкая сурвэтка на адкрытай сонцу далоні зямлі.
– Для сябе стараецца, – пажартаваў тады галоўны аграном таварыства Віктар Драчылоўскі, – тым самым пацвердзіўшы маю думку, што Сяргей Кубліцкі неўзабаве зменіць свой культыватар на пасяўны агрэгат. Так яно і здарылася. І віншаванне кіраўніка раённай выканаўчай улады перадавік ужо атрымліваў за высокія паказчыкі ў сяўбе ранніх яравых.
А з трактарыстам Алегам Балгарскім, якому давераны высокапраходны, энерганасычаны «ФЭНДТ», і ўвогуле цікавая гісторыя выйшла. Ушанаваны на свяце перадавікоў Вілейшчыны і занесены на раённую Дошку гонару, ён працягвае атрымоўваць заахвочванні. На гэты раз – віншаванне старшыні райвыканкама, дастаўленае на палетак агітбрыгадай. А для больш эмацыянальнага настрою – песня. Яна прагучала ў выкананні Сяргея Рудніцкага, кіраўніка калектыву «Бабіна лета» Вілейскага Палаца культуры.
Патрэбна ці не песня ў полі? З боку меркаванні бываюць розныя. Большасць жа з тых, каму музыка адрасавана, адказваюць па пытанне станоўча. Асабліва актуальна прагучала яна ў гэтыя велікодныя дні, калі, як кажуць, зямля і неба радуюцца вызваленню чалавецтва з цемры небыцця…
А далей на шляху агітбрыгады раскінуліся палеткі райаграсэрвіса, дзе таксама імклівыя тэмпы сяўбы і першая кампанія земляробчага года ўжо назвала сваіх герояў.
– Сяўбу ранніх яравых заўтра-паслязаўтра завяршаем, – упэўнены ў магчымасцях сельгаспрадпрыемства кіраўнік падсобнай гаспадаркі «Асіпавічы» Аляксандр Альфер.
У зямель райаграсэрвіса – свая спецыфіка. Выцягнуліся яны чуць не ад Маладзечна і да самай Мядзельшчыны. Адлегласць паміж дзвюма крайнімі кропкамі недзе каля 35-ці кіламетраў. Можна толькі здагадвацца, якія гэта акалічнасць стварае цяжкасці ў плане манеўравання тэхнікай і людзьмі. Пад раннія яравыя адведзена 660 гектараў пасяўных плошчаў. Землі таксама розныя па якасці, патэнцыялу ўрадлівасці. Таму практычна для кожнага ўчастка – свой тэхналагічны рэжым. У адпаведнасці з ім працуе адзін з лепшых механізатараў райаграсэрвіса Аляксандр Сняткоў. Паслухмяны яго ўмельству «Беларус 3022» дазваляе трактарысту перакрываць дзённыя нормы і тым самым заслужана атрымаць віншаванне старшыні райвыканкама. Не першае, дарэчы ў яго працоўнай біяграфіі прызнанне раённых улад. Аналагічнае заахвочванне атрымоўвае і механізатар Валерый Дурэйка з падсобнай гаспадаркі «Журыхі».
– А ўвогуле нічым асаблівым сёлетняя вясна не адметная, – рэзюмуе кіраўнік падсобнай гаспадаркі «Асіпавічы». – На нашых пясках трэба было своечасова закрыць вільгаць, што мы і пастараліся зрабіць. Хлопцы дбайныя, надзейныя. А пасля такога візіту яшчэ з большай ахвотай працаваць стануць…
Пасля абеду паліў дождж і загрымеў гром. Добры знак для сейбіта.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries