Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

День письменности прошёл в Заславле

Віляйчане марылі, каб гэта свята адбылося ў нас. Вышуквалі аргументы ў карысць падобнай ідэі, адзін з іх, самы, бадай, важкі – наяўнасць на Вілейшчыне каранёў першадрукара Івана Фёдарава. Арганізатары Дня беларускага пісьменства і друку пальму першынства аддалі старадаўняму Заслаўю, гістарычна знакамітаму культурнаму цэнтру краіны. Яму ўжо больш тысячы год. А гісторыя горада цесна звязана з зараджэннем хрысціянства і развіццём пісьменства на беларускіх землях. Носьбітам прагрэсіўных на свой час ідэй быў усходнеславянскі князь Ізяслаў. Імя яго носіць горад. З Заслаўем звязаны імёны многіх вядомых людзей: дзяржаўнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Яна Глябовіча, друкара Даніэля Лянчыцкага, айчыннага асветніка Сымона Буднага. Менавіта Будны закончыў у Заслаўі перавод Бібліі на польскую мову… Шэраг векапомных асоб, носьбітаў рознага роду навацый захавала мінулае Заслаўя. Яно і стала грунтоўнай асновай для стварэння тут гісторыка-культурнага запаведніка, пад аховай якога знаходзяцца старадаўняя частка горада, помнікі міжнароднага і рэспубліканскага значэння.

Дзень пісьменства і друку – гэта найперш, – сустрэчы са стваральнікамі слова, таго, што кладзецца ў аснову любога друкаванага выдання. Таму абгрунтавана цікавасць удзельнікаў свята да экспазіцый перыёдыкі – рэспубліканскай і мясцовай, якая відавочна мяняе нават свой знешні выгляд. Ля стэндаў павільёна «Міншчына інфармацыйная» наведвальнікі затрымліваюцца падоўгу. Прыцягваюць увагу выкладзеныя на стэлажах раёнкі,некаторыя з якіх – у поўнаколерным выданні, гэта з’ява апошніх двух-трох гадоў, звязаная з удасканальваннем паліграфічнай базы і, безумоўна, фінансавымі магчымасцямі раённых газет. Але па адзенні толькі сустракаюць, галоўнае ж – змест, таму стэлажы з друкаванай прадукцыяй прыкметна апусташаюцца. У павільёне дэманструюць узоры сваёй выдавецкай дзейнасці рэгіянальныя бібліятэкі, друкарні. На многія пытанні дапытлівых аматараў друкаванага слова даводзіцца адказваць і журналістам, і бібліятэкарам. Цікавасць наведвальнікаў распаўсюджваецца і на экспазіцыю перыёдыкі ўстановы «Рэдакцыя газеты «Советская Белоруссия», выдавецкага дома «Звязда». У павільёне «Кнігі і прэса Беларусі» выстаўлена экспазіцыя кніг-пераможцаў Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсаў. Тут праходзіць прэзентацыя Бібліі Францыска Скарыны, надрукаванай па старажытных тэхналогіях. Беларускі гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў аднавіў Біблію першадрукара Францыска Скарыны. Вывучыўшы старадаўнюю друкарскую справу, ён вярнуўся да тэхналогіі стварэння паперы і самога працэсу друкарства. Па гравюрах часоў Скарыны быў выраблены друкарскі станок і спецыяльна для яго адлілі матрыцы і формы з тэкстам Бібліі. Старадаўнюю тэхналогію выпуску паперы прадэманстраваў у выставачным павільёне сам яе шукальнік. А за друкаваным станком стаяў наш зямляк – вядомы ў краіне мастак, стваральнік музея Першай сусветнай вайны Барыс Цітовіч. Вось такое ўнікальнае падарожжа па часе маглі здзейсніць наведвальнікі свята ў Заслаўі.
На гарадскім вале, каля храма, праходзіла выстава-продаж праваслаўнай літаратуры, арганізаваная выдавецтвам Беларускага Экзархата і міжнародным дабрачынным фондам «Сям’я – Яднанне – Айчына». У мясцовым Доме культуры можна было азнаёміцца з выставамі «Янка Купала і тэатр», «Якуб Колас. Жыццё і творчасць». Іх арганізавалі літаратурныя музеі беларускіх песняроў. Трэба сказаць, што ў падрыхтоўцы маштабнага свята былі задзейнічаны шматлікія ўстановы краіны, прычым, не толькі літаратурна-мастацкага профілю. Гэта Міністэрства інфармацыі, Мінскі аблвыканкам, Заслаўскі гарадскі выканаўчы камітэт, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Нацыянальная бібліятэка. Некаторыя сродкі масавай інфармацыі назвалі Дзень беларускага пісьменства і друку літаратурнымі дажынкамі і нават абнародавалі лічбу творчага «намалоту»: 33 мільёны. Такі тыраж кніг, выданых з часу папярэдняга свята ў Быхаве. А калі кнігі выдаюцца, значыць, яны запатрабаваныя. Запатрабавана і перыёдыка. Згодна статыстычных звестак, у Беларусі выходзяць 1570 перыядычных выданняў. Толькі за мінулы год выдавецтвы выпусцілі звыш 11 тысяч найменняў кніжнай прадукцыі.
Пад покрывам духоўнасці суіснуюць літаратура, фальклор, даўнія традыцыі, абраднасць. Усё гэта ў тым ці іншым выглядзе праявілася падчас свята ў Заслаўі. Тут па гарадской вуліцы эпохі Асветы прагульваліся летапісцы, пісьменнікі, героі літаратурных твораў. Імітацыя была вельмі дакладнай і, не пабаімся гэтага слова, таленавітай. Ансамблі старадаўняй музыкі, выступленні фальклорных калектываў, рыцарскі турнір, майстар-класы – усё круцілася ў маляўнічым коле па-мастацку і творча арганізаванага відовішча. Да свята былі датасаваны адкрыццё дзіцячага парка, літаратурна-музычная кампазіцыя па творах беларускіх пісьменнікаў, прэзентацыі выдавецкіх праектаў, «адкрыты марафон» для паэтаў і яшчэ мноства цікавых і захапляльных мерапрыемстваў. Так увасаблялася асноўная ідэя свята, заснаваная на непарыўнай сувязі гісторыі айчыннага кнігадрукарства з сённяшнім днём, увазе дзяржавы да духоўнага стану грамадства.

Адна з уражальных з’яў Заслаўя – тыпажы рамесніцкага гасцінца. Ад знаёмства з некаторымі не ўстрымалася аўтар гэтых радкоў.
Здалёк кідаюцца ў вочы белыя буслікі, што выцягнуліся ў сваіх гнёздах, звітых з сухой водарнай травы. Пабраўшыся ў пары, яны сімвалізуюць дабрыню і пяшчоту і прыцягваюць гэтым позіркі, хоць нічога мудрагелістага не ўтрымлівае ў сабе просценькі сюжэт. Аўтар ідэі і выканаўца – Святлана Шайнова са Стаўбцоў. Яна – шматдзетная маці. І з маленства прывучае дзяцей вырабляць рэчы, якія ўпрыгожваюць наша жыццё, расфарбоўваюць свет ў кідкія ўражальныя сюжэты. Адзін з іх – птушкі, што выклікаюць у людзей замілаваныя ўсмешкі. Святлана ўваходзіць у клуб «Бусляня». Белы крылаты птах з’яўляецца яго сімвалам. І распусціў ён ужо крылы ў многіх кутках свету. Учора з’яднаныя ў прытульнай птушынай ласцы буслікі ўсхвалявалі кітайскіх гасцей. Хутка яны прызямляцца ў Паднябеснай, – спяшыць падзяліцца радасцю Святлана.
Наталля Рэут прыехала з Валожына. Яна па адукацыі мастачка. На свяце малюе партрэты для жадаючых занатаваць сваё аблічча. Некалькі аловачных штрыхоў – і схоплены абрысы твару ўсмешлівай дзяўчыны, што ніяк не настроіцца пазіраваць сур’ёзна. Ёй так і карціць зазірнуць за край мальберта. Наталля расказвае між іншым, што зараз у дэкрэтным водпуску. А наогул жа яна – ваеннаслужачая. Мае вайсковае званне – яфрэйтар. Атрымоўваецца, што прафесія стала хобі, якім мастачка займаецца ў вольны ад службы час.
Што ні чалавек, то свой адметны лёс. Як яшчэ ў аднаго мастака – Аляксандра Піліпенкі. Вучыўся ў Нікалаеве, служыў на флоце. Яго, як і Айвазоўскага (магчыма, не вельмі ўдалае параўнанне) можна б лічыць мастаком-марыністам. Нават стылі нейкім чынам падобныя. Толькі мора ў карцінах Піліпенкі больш цёплае, гарэзнае, яркае. Яго палотны не выклікаюць напружанасці, хвалявання. Ад іх зыходзіць радасны настрой. Такі ж, як і ад нацюрмортаў, што таксама знаходзяцца сярод экспанатаў яго выставы. Аляксандр расказвае, што выстаўляецца ў прэстыжным мастацкім салоне сталіцы, таму і кошт сваёй працы ведае.
Дагэтуль лічыла, што ткацтва – спаконвечны жаночы занятак. Адна з сустрэч на рамесніцкім гасцінцы ў Заслаўі пераканала мяне, што гэта не зусім так. Спрытна ўпраўляўся за ткацкім станком Віталь Малютка, рамеснік з Сенніцы. Чаўнок лоўка слізгаў між нітоў, пакідаючы на бялюткім палатне каларытны ўзор. Атрымоўваўся ручнік у канве нацыянальнага мастацкага каларыту. На такі, падумалася, і трэба класці хлеб. Ва ўзаемапранікненні добрых духоў-ных пачаткаў ткача і хлебароба здзейсніцца высокая місія зямнога прадукта, закліканага наталіць голад двайнога кшталту – фізічны і духоўны. Дарэчы, падобную ўласцівасць мае яшчэ адзін плён сумеснай працы чалавека і матухны прыроды – пчаліны мёд і вытвараныя з яго прадукты. Сапраўднай медавухай частаваў наведвальнікаў свята Сяргей Селях, гаспадар аграэкасядзібы «Гаенскія вытокі», размешчанай на Лагойшчыне. На сядзібе – пасека, дзе наведвальнікі могуць пазнаёміцца з высокаарганізаваным светам пчол, даведацца аб усіх тонкасцях сапраўды тытанічнай працы пчалінай сям’і, убачыць яе, як кажуць, у справе. Тут, расказвае Сяргей, можна наведаць музей, экспанаты якога сведчаць пра мінулае беларускай вёскі. Пчаляр частаваў медавухай і, як сапраўдны гаспадар сядзібы, запрашаў наведаць «Гаенскія вытокі».
Расказанае і занатаванае на фотаздымках – толькі невялікія дэталі да буйнамаштабнага палатна пад назваю «рамесніцкі гасцінец», толькі некалькі найбольш кідкіх момантаў свята, якое ўпершыню ладзілася два дні і дазволіла кожнаму яго ўдзельніку, кожнаму госцю атрымаць невыказную асалоду ад роднага слова, ад занатаваных у каларытных мастацкіх сюжэтах фальклорных тэм, усяго таго, што некалі наш літаратурны класік назваў «вобразамі мілымі роднага краю» – радасцю і смуткам чалавечай душы.
Тым часам у парку адбылося адкрыццё помніка князю Ізяславу Кніжніку. На цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы прайшоў гала-канцэрт, была наладжана цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор мінулага года.
Закончыўся Дзень пісьменства перадачай эстафеты свята гораду Шчучыну.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries